2010 год у Астравецкім раёне аб”яўлены Годам Казіміра СВАЯКА

00:24 / 12.02.2010
2010 год у нашай краіне аб’яўлены годам якасці. Аднак у кожным раёне, горадзе, вёсачцы цячэ сваё маленькае, але самабытнае і багатае на падзеі жыццё. Так, для жыхароў Астравеччыны гэты год стане яшчэ і годам Казіміра Сваяка (Канстанціна Стаповіча). Справа ў тым, што 19 лютага мы будзем адзначаць 120-гадовы юбілей з дня нараджэння нашага славутага земляка – святара, паэта, драматурга, асветніка, чалавека, які прысвяціў сябе служэнню Бацькаўшчыне і роднаму народу. І гэта будзе сапраўдны дзень нараджэння з доўгачаканым падарункам: адкрыццём музея Казіміра Сваяка ў вёсцы Барані.
Даведацца, як будзе праходзіць у раёне год Казіміра Сваяка і як ідзе працэс стварэння музея, мы вырашылі ў начальніка раённага аддзела культуры Сяргея Лявонцьевіча Сяўко.
– Якія мерапрыемствы будуць праводзіцца з нагоды 120-гадовага юбілею Казіміра Сваяка?
– У бібліятэках запланаваны кніжныя выставы, на якіх будуць прадстаўлены не толькі творы Казіміра Сваяка, але і выданні розных даследчыкаў аб жыцці і творчасці асветніка. Таксама пройдуць вечары памяці. А народны тэатр аддзела культуры зараз працуе над пастаноўкай п’есы Казіміра Сваяка “Янка Канцавы”, якую мы плануем паказаць у дзень адкрыцця музея.
– Дарэчы, на якім этапе знаходзіцца працэс стварэння музея Казіміра Сваяка?
– У гэтым годзе нам выдзелілі бюджэтныя сродкі на набыццё і добраўпарадкаванне дома ў вёсцы Барані. Менавіта у гэтай вясковай хаце, дзе нарадзіўся і правёў сваё дзяцінства наш славуты зямляк, будзе створаны музей. Увесь мінулы год сённяшняя ўласніца дома афармляла неабходныя дакументы. Нарэшце яны ўжо гатовыя, складзены каштарыс расходаў, і да вясны мы набудзем гэты аб’ект.
– А калі адбудзецца адкрыццё музея?
– Спадзяюся, што ў маі ён будзе адкрыты.
– Сабраць скарбы, якія падарыў свету Казімір Сваяк, надзвычай складана. Хто займаецца гэтай адказнай справай?
– Большасць матэрыялаў сабрана Спондаўскай бібліятэкай, а калі гаварыць больш дакладна, то яго загадчыцай Іалантай Францаўнай Валуевіч, якая доўгія гады збірала і складвала іх у сваю скарбонку: кніжка да кніжкі, фотаздымак да фотаздымка. І зараз у нас ёсць унікальная магчымасць бліжэй пазнаёміцца з жыццём і творчасцю гэтага выдатнага чалавека. У музеі будуць прадстаўлены шматлікія кнігі, дакументальныя матэрыялы, у тым ліку фотаздымкі, успаміны Казіміра Сваяка, некаторыя з яго рэчаў. Канешне, стала, за якім пісьменнік ствараў свае шэдэўры, не захавалася, але паказаць будзе што. Такім чынам, будзем чакаць вясны, каб сустрэцца ў гасцінным і цёплым доме Казіміра Сваяка.
– Ну, і пытанне “не ў тэму”, але хвалюе яно многіх жыхароў Астравеччыны: калі ж адчыніць свае дзверы наш раённы музей?
– У 2008 годзе для гэтай мэты мы набылі будынак старога млына. У мінулым годзе займаліся яго тэхнічным абследаваннем. Трэба яшчэ правесці вывучэнне грунту, а таксама скласці праектна-каштарысную дакументацыю. У другой палове года плануем заняцца непасрэдна рамонтам старога будынка. На дадзены момант у Гродзенскім абласным музеі распрацоўваецца канцэпцыя музея, і ў адпаведнасці з гэтымі дакументамі будзе весціся рамонт будынка. Пакуль вядома толькі тое, што музей будзе гісторыка-этнаграфічнай накіраванасці.

Вольга ШОЎКУН.