Спондаўская школа: гады, асобы, перамогі

13:06 / 07.10.2017

Першы дзень другой чвэрці 1972 года стаў запамінальным для хлоп­чыкаў і дзяўчынак Спондаўскай школы – перад імі расчыніў дзверы новы сучасны будынак.

Будынак дзіцячага садаЗ таго дня прайшло амаль 45 гадоў – школа пасталела, а яе вучні пайшлі ў дарослае жыццё. Але сёння,  як і 45 гадоў назад,  тут чакаюць дзяцей, каб даць ім веды і дапамагчы знайсці свой шлях.

Спондаўскі дзіцячы сад-сярэднюю шко­лу наведваюць 54 вучні і 14 дашкольнікаў, а яе ўнікаль­насць у  тым, што ўсе дзеці тут падвазныя. Што-дзень два аўтобусы забіраюць на заняткі хлопчыкаў і дзяўчынак з 12 вё­сак.

   У далёкія сямідзя­сятыя ў школу прыходзілі дзеці з пачатковых школ з Вараб’ёў, Страчы, Страчанкі, Масцянаў і Клюшчан. Прасторны будынак новай школы не мог змясціць усіх, таму пачатковая школа месцілася ў асобным будынку.

Алена Зянонаўна Памецька са сваімі вучнямі

– Былі выпадкі,  калі заняткі праходзілі ў школьных калідорах, а ў  сталовай размяшчаўся кабінет працоўнага навучання, –  расказвае сённяшні дырэктар школы Кацярына Іванаўна Емяльян.

Пасля рэарганізацыі Спон­даў­­скага  сельскага Савета – яго будынак быў перададзены школе, праз год зачыніўся Страч­скі дзіцячы сад – і яго выхаванцы разам з выхавацелямі «перасяліліся» ў абноўлены будынак. Тады ж правялі мадэрнізацыю кацельні – сёння Спондаўскі НПК самы цёплы з усіх школ раёна.

Станіслава Іосіфаўна Шушко – матэматык і трэнер інтэлектуалаў

З 14 выхаванцамі дзіцячага садка  працуюць два выхавацелі. Адна з іх – Алена Мар’янаўна Канчанін, былая загадчыца Страчскага дзіцячага сада.

Раніца Алены Мар’янаўны пачынаецца са збору дзяцей – аб’езд па маршруце, сустрэча з дзецьмі і іх бацькамі, некалькі хвілін у дарозе – і малышы ў садку.

– Трыццаты год я працую ў да-школьным выхаванні. Чацвёрты год – у Спондах, –  расказвае Алена Мар’янаўна. –  Спачатку было цяжка  пакінуць тое, чым жыў, здавалася, усё жыццё. З часам прывыкла – і разумею: тут дзецям лепш.

“З дзецьмі сумна не бывае” – упэўнена Аляксандра Сяргееўна Зуева

З 1974 года ў школе дзейнічае музей баявой славы імя Фёдара Рыгоравіча Маркава – пачатак яму паклалі матэрыялы, сабраныя былым настаўнікам Іванам Мікітаві­чам Мартынавым. Сёння яго імя носіць піянерская дружына школы.

– Мы падтрымліваем і за­хоўваем экспазіцыю музея, папаўняем яго новымі звесткамі і экспанатамі, –  расказвае Кацярына Іванаў­на. 

Алена Міхайлаўна Лоўкіс

Але не толькі музеем знакамітая  школа. З 2001 года тут  дзейнічае школьнае лясніцтва «Пралеска», самая важкая ўзнагарода якога атрымана ў 2005 годзе: першае  месца на міжнародным конкурсе юных лесаводаў у Маскве. Тады школьнікі атрымалі «Крыштальны глобус», а школа –  грашовую прэмію ў 5 тысяч долараў.

А сёння  кабі­нет  дырэктара школы ўпрыгожваюць некалькі «яблы­каў азарэння», якія вучні завая­валі на раённых  інтэлектуальных гульнях.

Таццяна Людвікаўна Юшчык

Адна з тых, хто займаецца з дзець­мі развіц­цём іх інтэ­лек­­туаль­­ных здоль­нас­цей, –  былы дырэктар школы,  настаўніца матэ­матыкі Станіслава Іосіфаўна Шушко. Больш за 40 гадоў яна аддала школе і дзецям, дзевяць з іх – узначальвала яе. Хаця пачатак усяму зноў жа быў пакладзены ў школе: Станіслава Іосіфаўна вучылася ў Гервяцкай і ўжо ў школьныя гады, дзякуючы Вользе Юльянаўне Ліпскай, якая была ўзорам не толькі настаўніцы, але і жанчыны, зразумела, што таксама  хоча быць настаўніцай.

Алена Мар’янаўна Канчанін амаль трыццаць гадоў працуе з малышамі 

З 1975 года Станіслава Іосіфаўна працуе ў сістэме адукацыі: пачынала  ў Варнянскай школе, праз год прыйшла ў Спондаўскую – і засталася тут на ўсё жыццё.

За гэты час яна была ўзнага­роджана граматамі, дыпломамі  і медалямі рознага ўзроўню, прымала ўдзел у Другім нацыянальным сходзе – толькі, як і раней, упэўнена, што задача настаўніка – даваць трывалыя веды.

Педагагічны калектыў школы невялікі: 19 настаўнікаў і выха­вацеляў.

– Асаблі­васць школы  яшчэ і ў тым, што размеш­чана яна на ўскрайку вёскі – адразу за парогам прасці­раюцца неапісальнай прыгажосці краявіды, –  усміхаецца дырэктар.

Невыпадкова  адзін з асноўных накірункаў выхаваўчай дзейнасці Спондаўскай школы – экалагічны: работа школьнага лясніцтва, удзел у акцыі «Зробім!», валанцёрская дзейнасць,  збор макулатуры – невя­лікі калектыў паспявае многае.

Ганна Пятроўна Наркунас

– Наша школа ганарыцца выпускнікамі. Напрыклад, Аляксандр Казлоўскі –  бронзавы пры­зёр юніёрскіх міжнародных спа­бор­ніцтваў па кіданні кап’я, Эдуард Назараў –  пастаянны ўдзельнік  абласных спабор­ніцтваў па лёгкай атлетыцы, а былая выпускніца школы Аляксандра Зуева сёння працуе ў нас  настаўніцай беларускай мовы і літаратуры, –  расказвае Кацярына Іванаўна.

Аляксандра Сяргееўна  «спарт­сменкай, актывісткай і выдатні­цай»  засталася і пасля заканчэння філалагічнага факультэта БДУ. Акрамя выкладання роднай мовы  маладому спецыялісту  даверылі класнае кіраўніцтва, абавязкі педагога-арганізатара і кіраўніка гуртка па валейболе.

– Я са школьных гадоў захаплялася валейболам – на той час наша дзявочая каманда   не раз станавілася пераможцай раённых спаборніцтваў. Пасля заканчэння школы  былі думкі звязаць жыццё са спортам, але маці з бабуляй так зірнулі  на мяне, што я разгубілася, –  усміхаецца дзяўчына.

Загадчыца школьнага музея Ганна Валянцінаўна Мілаш працягвае традыцыі, закладзеныя больш за 40 гадоў назад

А паколькі ў школе Саша спрабавала пісаць вершы і рэдагаваць школьную газету,  то лёс закінуў яе на філфак. Аднак і там яна не забылася  пра спорт: гуляла ў факультэцкай камандзе.

Аляксандра Сяргееўна хутка знайшла агульную мову з выха­ванцамі: набыты  вопыт – дзяўчына падчас вучобы працавала ў школе,  яшчэ і родныя сцены дапамаглі хутка адаптавацца ў школе. Незвычайным было толькі тое, што былыя настаўнікі цяпер сталі яе калегамі.

Настаўніца беларускай мовы і лі­таратуры Алена Зянонаўна Памецька спачатку выбрала «культурную» сцежку –  сем гадоў пра­цавала ў Варнянскім доме культуры. А потым лёс прывёў яе на філалагічны факультэт БДУ.

– І тут перада мной стаў выбар:  або я іду ў школу – і  мяняю прафесію, або застаюся ў культуры – і забываю пра настаўніцтва. Я выбрала першае – і трапіла ў Рымдзюнскую сярэднюю школу з літоўскай мовай навучання. Тут праходзіла маё станаўленне: беларускую мову і літаратуру я выкладала ва ўсіх класах, пачынаючы з першага.


Амаль 12 гадоў Алена Зянонаўна Памецька працуе ў Спондах. Тут ёй давялося ўспомніць не толькі лекцыі на філфаку, але і  тое, што спасцігала ў культасветвучылішчы – акрамя беларускай мовы і літаратуры настаўніцу «дагрузілі» працоўным  навучаннем.

– Алена Зянонаўна стала адным  з ініцыятараў школьнай  бізнес-кампаніі, – расказвае дырэктар. – Цяпер у гэтую дзейнасць  уцягнуты не толькі школьнікі, але і настаўнікі.

– Беларуская мова і літаратура ў спалучэнні з працоўным навучаннем, краязнаўствам і  навукова-даследчай дзейнасцю  не даюць сумаваць, –  разважае Алена Зяно­наўна. –  У нас добрыя вучні, ім цікава шукаць нешта новае. А ў супрацоўніцтве «настаўнік – вучань» вынік не прымусіць сябе чакаць.

Дырэктар школы Кацярына Іванаўна Емяльян і яе намеснік Таццяна Віктараўна Якубеловіч

45 гадоў работы школы… Сотні вучняў і  дзясяткі настаўнікаў… Кожны з іх пакінуў тут памяць і добры след. 

А школа – усё такая ж маладая і  штогод сустракае новых вучняў, каб праз 11 гадоў выпусціць іх у дарослае жыццё.


Текст:
Фото: Елена Ярошевич