Клёва і цікава адзначылі ў Кямелішках свята рыбака

08:03 / 30.07.2019
Пачаставацца юшкай, паказаць майстар-клас у прыгата­ванні рыбных страў, убачыць русалак і злавіць сваю «залатую» рыбку – гэта і многае іншае можна было зрабіць падчас кямелішкаўскага свята «Поспеху табе, рыбак!»

З самага ранку аматары «ціхага палявання» не маглі ўседзець на месцы: у -наццаты раз правяралі на трываласць леску, рыхтавалі прыкормку і гадалі па сонцы, ці будзе клёў, – да пачатку галоўнага конкурсу святочнай праграмы «Рыбак года» заставаліся лічаныя хвіліны. Паспрабаваць вывудзіць удачу на кручок вырашыла пятнаццаць аматараў рыбалкі. Выбраўшы зручныя месцы на беразе мясцовай сажалкі ды папляваўшы тройчы на прыманку, яны закінулі вудачкі і цярпліва застылі ў чаканні. Да фінішу ўдзельнікі прыйшлі з розным уловам, але з аднолькавым задавальненнем ад працэсу.

Пераможцам конкурсу стаў Баляслаў Вашкевіч, чый улоў аказаўся самым важкім, ён жа злавіў і самую вялікую рыбу. Другое месца заняў самы юны рыбак Сяргей Сцефановіч, а трэцяе – Арцём Вярбовікаў. А вось самая маленькая рыбка трапіла на кручок да Дзмітрыя Качана.   

Рыбы налавілі, а што з ёй рабіць? У наступнай частцы конкурсу арыгінальнасць і майстэрства дэманстравалі шэф-кухары з Кямелішкаўскага НПК і кааператыўнага магазіна, якія здзіўлялі журы кулінарнымі шэдэўрамі ў намінацыях «Лепшая юшка» і «Рыбнае асарці» – лепшымі тут сталі настаўнікі. У індывідуальным заліку свой варыянт рыбнага асарці прад­ставіла сям’я Цітовых з Растова. 

А пасля надышоў час відо­вішчаў. На свята завіталі дзве русалкі, якія парадавалі ўсіх прыгожымі песнямі і танцамі. 

2.jpg


Тым часам на іншых пляцоўках таксама віравала свята. Каман­ды пагранічнікаў, выратавальнікаў і зборная моладзі спаборнічалі ў валейболе, дартсе, падняцці гіры і эстафеце на байдарках. Ля батутаў, надзіманых горак і іншых атракцыёнаў да вечара не сціхалі дзіцячы гоман і смех. Тых, хто прагаладаўся, гасцінна запрашалі пачаставацца гарачай юшкай ды кашай кухары вайсковай часці 2044. А на галоўнай сцэне кямелішкаўцаў і гасцей свята вакальнымі, інстументальнымі і харэаграфічнымі нумарамі ра­давалі артысты Астравецкага і Ашмянскага раёнаў. Яркім завяршэннем стала выступленне калектыва народнай песні «Кемяліна».

0.jpeg


Аддзел культуры і вольнага часу дзякуе спонсарам за дапамогу ў арганізацыі свята – ніхто з яго ўдзельнікаў не застаўся без падарункаў, прыхапіўшы з сабой у якасці бонусаў рыбацкі азарт і цудоўны настрой.

Валерыя Стэх,
мастацкі кіраўнік аддзела культуры і вольнага часу аг. Рытань 
(аг. Кямелішкі)


Текст: Главный администратор