Школьнік з Варнян стаў адным з лепшых у рэспубліканскім юніёрскім лясным конкурсе
З дыпломам за чацвёртае месца вярнуўся з рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу «Квітней, мой лес!» васьмікласнік Варнянскай школы Дзмітрый Зінкевіч.
Шмат гадоў варнянскія школьнікі і настаўнікі, удзельнікі школьнага лясніцтва «Лесавічок» і актыўныя члены ласасёвага цэнтра займаюцца вывучэннем экалагічнага стану свайго краю. Як вынік – удзел у шматлікіх акцыях, конкурсах і канферэнцыях.
Вось і на рэспубліканскі юніёрскі лясны конкурс варнянскія школьнікі накіравалі навуковую работу ў намінацыі «Экалогія лясных жывёл».
– Дзіма Зінкевіч працаваў над даследаваннем «Экалагічная ацэнка стану рэк Астравецкага раёна, прыгодных да нерасту праходзячых ласасёвых рыб», – расказала дырэктар Варнянскага НПК Алена Юркойць. – Прайшоўшы абласны і рэспубліканскі адборачныя туры, яго работа трапіла ў лік 10 лепшых распрацовак – і была накіравана на заключны этап конкурсу.
Журы высока ацаніла выступленне варнянскага школьніка і прысудзіла яму чацвёртае месца. На Астравеччыну Дзмітрый Зінкевіч вярнуўся з дыпломам і падарункамі.