В редакции чествовали победителей новогодних конкурсов

11:06 / 15.01.2019

Напярэдадні Старога Новага года ў рэдакцыі адбылося ўзнагароджанне пераможцаў навагодніх конкурсаў: удала “пакалядавалі” не толькі канкурсанты, але і рэдакцыя.

IMG_1029.jpg

Стала ўжо традыцыяй, што святочны нумар газеты мы ствараем разам з нашымі чытачамі: мы аб’яўляем розныя конкурсы – а яны расказваюць цікавыя гісторыі, паказваюць, як упрыгожылі свае дамы і сядзібы да свята, успамінаюць традыцыі, дзеляцца рэцэптамі фірменных страў, ствараюць крэатыўныя ёлкі, робяць незвычайныя вырабы, прысвечаныя Новаму году і яго сімвалам – кожны новы конкурс дае магчымасць раскрыцца новым талентам, якіх – у гэтым мы пераконваліся неаднойчы – так шмат на Астравеччыне. І мінулыя навагоднія конкурсы, якіх было ажно чатыры, у чарговы раз гэта пацвердзілі.

IMG_1034.jpg

Чытачоў, якія захапляюцца фатаграфіяй, мы папрасілі даслаць фота для традыцыйнага каляровага календара – і былі адначасова здзіўлены і ўзрадаваны, што здымкаў на конкурс прыйшло так шмат. Цяпер ва ўсіх падпісчыкаў “Астравецкай праўды” ў дамах  і офісах вісіць прыгожы пейзаж Вольгі Сцефановіч, а ў некаторых, каму пашанцавала найбольш – як, скажам, пераможцам нашых конкурсаў – яшчэ і каляндар з фотаздымкам Сяргея Собалева.

IMG_1052.jpg

Два конкурсы мы прысвяцілі сімвалу надыходзячага года – свінні. Тых, хто любіць і ўмее з нічога зрабіць нештачка, папрасілі падзяліцца з намі вырабамі на “свінячую” тэматыку. Сапраўдных  рукадзельніц – чамусьці ў гэтым конкурсе прымалі ўдзел толькі жанчыны  – у нас вельмі шмат, і многія з іх прадставілі на конкурс свае работы, некаторыя – сапраўдныя творы мастацтва. Іх таксама было вельмі шмат – настолькі, што мы вырашылі вызначаць пераможцаў у дзвюх намінацыях: уласна выраб і навагодняя кампазіцыя. Пераможцамі гэтага конкурсу сталі адпаведна Ірына Якавец, сімпатычны рукатоворны свін якой едзе ў санках са званочкамі насустрач Новаму году, і Алена Асьмак, якая звязала кручком парачку сімпатычных парасят, “хлопчыка” і “дзяўчынку” – такіх вясёлых, прыгожых і харызматычных, што, здаецца, яны вось-вось выскачыць з кошыка, у які мы іх пасадзілі, і кінуцца гарэзнічаць з нашай непаседай АПэшкай.

IMG_1061.jpg

IMG_1058.jpg

IMG_1067.jpg

Больш за ўсё мы баяліся за конкурс работ пад умоўнай назвай “Як свіння” – вядома, да каго чэпіцца такое азначэнне. Але ж не – дасланыя на конкурс работы былі разнастайныя, цікавыя, арыгінальныя – мы і смяяліся, чытаючы пра тое, як Рэгіна Дрэма валялася ў сваім новым доўгім футры ў лужыне, і слязу выціралі над абразком Яны Галіны пра пасляваенную Бялянку, і пазнавалі некаторы сваіх знаёмых ў казцы Алены Касцюк. Але найбольш галасоў набраў самакрытычны і рэалістычны расповед Алега Клюшына.

IMG_1054.jpg

Работ на конкурс навагодніх касцюмаў у параўнанні паступіла не вельмі шмат – але затое якія! Касцюм “Казы-калядоўшчыцы” работы Алены Чарняўскай, які перамог у рэдакцыйным конкурсе, як мы ў той дзень даведаліся, перамог і ў рэспубліканскім – гэта лішні раз пацвярджае высокі ўзровень дасланых на конкурс работ і справядлівасць ацэнкі рэдакцыйнага журы.

Усе пераможцы навагодніх конкурсаў атрымалі ў той дзень дыпломы і сувеніры ад рэдакцыі і нашых спонсараў.

Але падарункі атрымала і рэдакцыя: да прыкладу, Ірына Якавец, даведаўшыся, што наш калектыў калекцыянуе соў, за пару дзён звычайны шкляны слоік ператварыла ў сімпатычную саву, якая да таго ж – цудоўнае сховішча для кавы. А наш актыўны няштатны аўтар Алег Клюшын, які шмат піша на спартыўную тэматыку, падарыў цудоўна выдадзены зборнік сваіх артыкулаў пра спартыўныя выступленні супрацоўнікаў Беларускай АЭС, падрыхтаваны на аснове публікацый у “Астравецкай праўдзе”.

IMG_1024.jpg

Размова за кубкам гарбаты дапамагла бліжэй пазнаёміцца з нашымі канкурсантамі і пазаштатнымі аўтарамі. Мы даведаліся, што Сяргей Собалеў фатаграфіяй захапляецца з дзяцінства – як і рыбалкай, і гэтыя два хобі цесна перапляліся не толькі ў яго жыцці, але і ў творчасці. Энергетык Алег Клюшын з дзяцінства марыў пра прафесію журналіста – і прыйшоў да яе хоць у якасці пазаштатнага аўтара.

 Вольга Сцефановіч і Алена Чарняўская падымалі балючую для горада праблему: у нас шмат таленавітых людзей, пра якіх ніхто не ведае. Скажам, многія фотамастакі хацелі б паказаць свае работы шырокаму колу гледачоў – няма дзе! Выхаванцы цэнтра творчасці да юбілею горада падрыхтавалі высокамастацкія работы з сімволікай Астраўца, макеты знакамітых мясцін Астравеччыны – і хто іх бачыў, акрамя саміх канкурсантаў і членаў журы? А паглядзець ёсць на што…

Такім чынам, звычайнае падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу стала нагодай для шчырай і сур’ёзнай размовы, якая, трэба думаць, дасць свой плён.

У плане рэдакцыйных конкурсаў – абавязкова: ужо зараз мы прымаем заяўкі на новы фотаконкурс, прысвечаны Дню Святога Валянціна “Ты – мая палавінка”. І абяцаем, што ён – не першы і не апошні. Так што выпісвайце і чытайце “Астравецкую праўду”,  ўдзельнічайце і перамагайце ў нашых конкурсах!.

І – будзем сябраваць і надалей!

Текст: Нина Рыбик
Фото: Антон Мальшевский, Елена Ярошевич