Францішка Дзятловіч. Як мы былі Снягуркамі

10:53 / 04.01.2018
Аднойчы пад Новы год мы з дачкой пачалі ўспамінаць людзей, якія ў адыходзячым годзе дапамаглі нашай сям’і – падтрымалі ў цяжкую хвіліну, зрабілі штосьці добрае ці прыемнае. Такіх аказалася шмат. Мы вырашылі: чаму б не павіншаваць гэтых добразычлівых аднавяскоўцаў са святам? Але ж як?

depositphotos_130494350-stock-illustration-snow-maiden-snegurochka-traditional-russian.jpgУспомнілася, як аднаго разу перад Калядамі ксёндз-пробашч адправіў кожнай сям’і паштоўкі-віншаванні. А другі раз – дыскі са святочнымі каляднымі песнямі – слухай ды падпявай. І мы з дачкой, паразважаўшы, вырашылі падарыць усім сем’ям, якія жывуць на нашай вуліцы, невялікія сувеніры.

Паехалі ў горад, прайшліся па крамах – і купілі шмат цікавага, патрэбнага і недарагога: календары на наступны год, навагоднія плакаты, ліхтарыкі на батарэйках, блакноты... Напісалі кожнай сям’і пажаданні на Новы год, зрабілі віншавальныя пакеты-«шкарпэтачкі» і ўклалі туды падарункі.  

Самае складанае было наперадзе: як развесіць іх так, каб ніхто не ўбачыў? Сустрэўшы Новы год, мы, узяўшы падарункі, выйшлі на вуліцу. А там так шматлюдна! Усе нас, канешне, бачылі,  віталіся, віншавалі са святам.  І мы пайшлі дамоў – глядзець тэлевізар.
Толькі пасля пяці гадзін раніцы ўсё заціхла. Вёска спала. Гарэлі толькі вулічныя ліхтары. Мы выйшлі з хаты і пачалі развешваць на брамкі падарункі. 

Шчаслівыя, вярнуліся дадому і леглі спаць. 
 
А днём у вёсцы ішло абмеркаванне начной падзеі. Суседзі былі прыемна здзіўлены – а мы ўсміхаліся, не раскрываючы сакрэту. 
А ў тых, каго на Новы год наведалі таямнічыя Снягуркі, і па сённяшні дзень стаяць нашы сувеніры. 


Францішка ДЗЯТЛОВІЧ, 

аг. Граўжышкі Ашмянскага раёна


Текст: Главный администратор