Рэдакцыя аб'яўляе навагоднія конкурсы!
11:20 / 22.11.2017
2
І, каб у вашай цёплай і прыемнай кампаніі на навагоднія святы апынулася «Астравецкая праўда», ды яшчэ і з рознымі сюрпрызамі, трэба паклапаціцца пра гэта загадзя.
Ну, па-першае, не забудзьцеся выпісаць раённую газету на наступны квартал – інакш што вы будзеце рабіць доўгімі зімовымі вечарамі?! Хто вас пацешыць, пасмешыць, а, мо, калі і пазлуе?
А, па-другое, раім прыняць удзел у рэдакцыйных навагодніх конкурсах – адным, некалькіх ці ўсіх адразу. Пагадзіцеся: сустракаць свята з прыемным сюрпрызам больш прыемна, чым без іх!
Такім чынам,
УВАГА: НАВАГОДНІЯ КОНКУРСЫ!
Для дзяцейВядома ж, кожнае дзіця незалежна ад узросту мае запаветную мару, пра якую яно, канешне ж, напіша ліст Дзеду Марозу.
У нас ёсць крыху іншая прапанова: намалюйце сваю мару! Праўда, рэдакцыя – не чароўная фея і збыцця гэтай мары не гарантуе – але мы цвёрда абяцаем, што лепшыя малюнкі будуць надрукаваны ў навагоднім нумары газеты, якую Дзед Мароз, вядома ж, рэгулярна выпісвае (яшчэ б, мы столькі пра яго расказваем!), таму дзіцячыя малюнкі абавязкова трапяцца яму на вочы – і канешне ж, у старога чараўніка проста не хопіць сумлення не выканаць дзіцячыя запаветныя жаданні!
Для дарослых
Школьныя ранішнікі, навагоднія балі, маскарады… Напэўна, яны былі ў жыцці кожнага, нават у тых, каму «пасерабрыла скроні сівізна».
Прапануем вам успомніць свой самы запамінальны навагодні баль – і расказаць пра гэта нашым чытачам. Лепшыя гісторыі будуць надрукаваны – а пераможцы конкурсу, канешне ж, атрымаюць прызы!
Для ўсёй сям’і
Самае прыемнае баўленне часу зімовымі вечарамі – вядома ж, пасля калектыўнага чытання «Астравецкай праўды! – які-небудзь агульны занятак. Падазраем, што многія неўзабаве пачнуць рабіць калядныя вяночкі, каб упрыгожыць імі дзверы і сцены сваіх дамоў.
Калі вы падзеліцеся з намі фотаздымкамі калядных вяночкаў (а можна і імі самімі), то мы абавязкова раскажам пра самых таленавітых майстроў усім сваім чытачам! І абавязкова адзначым лепшых!
Фотаконкурс
«Дай лапу, сябар!»
І яшчэ – ледзь не забыліся пра сімвал надыходзячага года, які, як вы ўжо ўсе, напэўна, ведаеце, будзе Годам Сабакі. Каб задобрыць гаспадара года, рэдакцыя аб’яўляе фотаконкурс «Дай лапу, сябар!». І вам таксама прапануем падласціцца да будучага гаспадара – даслаць у рэдакцыю здымкі свайго чацвералапага сябра. Думаем, яму спадабаецца!
Гэты конкурс, у адрозненне ад папярэдніх, будзе больш працяглы: у лістападзе і снежні мы будзем прымаць фотаздымкі сабак – можна з гаспадарамі ці сябрамі, у студзені на сайце пачнецца галасаванне, вынікі якога мы падвядзём напярэдадні надыходу Году Сабакі, які, нагадаем, прыйдзе да нас, у адпаведнасці з усходнім календаром, 16 лютага 2018 года.
Удзельнічайце ў рэдакцыйных конкурсах, перамагайце – і будзем сябраваць і надалей!