Ці своечасова адсеяліся гаспадаркі вобласці, праверыў камітэт дзяржкантролю
Падчас наведвання Карэліцкага раёна кіраўнік дзяржавы паставіў задачу перад сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі Гродзеншчыны завяршыць азімую сяўбу да 1 кастрычніка.
Камітэт дзяржкантролю праверыў, ці выканалі гаспадаркі гэтую задачу.
У КСУП «Юрацішкі» Іўеўскага, КСУП «Расвет-Агра» Воранаўскага і КСУП «Варняны» Астравецкага раёнаў азімыя сеялі пасля аптымальных тэрмінаў. Пры гэтым у «Варнянах» 9 кастрычніка на ўрочышчы непадалёк ад Беларускай АЭС пшаніцу сеялі ў непадрыхтаваную глебу: паверхня поля была няроўнай, а насенне дрэнна прыгортвалася.
Адна з галоўных прычын невыканання плана сяўбы – гэта няспраўнасць тэхнікі.
Так, у КСУП «Граўжышкі» Ашмянскага раёна на 8 кастрычніка было засеяна толькі 58% плошчаў. У полі працаваў адзін энерганасычаны агрэгат, другі з чэрвеня прастойвае на механічных майстэрнях.
Аналагічную сітуацыю ўбачылі правяраючыя і ў КСУП«Кракоўка» гэтага ж раёна. Па стане на 9 кастрычніка збожжавыя былі пасеяны на 670 гектарах – а гэта палавіна плана. Нягледзячы на тое што ў гаспадарцы ёсць тры пасяўныя агрэгаты, на сяўбе быў задзейнічаны толькі адзін.
Падчас маніторынгу выяўлены і іншыя парушэнні ў правядзенні пасяўной кампаніі: адсутнасць кантролю за своечасовай і якаснай падрыхтоўкай глебы, унясенне мінеральных ўгнаенняў не пад патрэбу і іншыя.
Па матэрыялах камітэта дзяржкантролю