К уборке урожая приступили в СПК "Гудогай"

08:00 / 29.07.2015
Біблейскія словы “ўсяму свой час, і час усялякай рэчы пад небам: час нараджацца, і час паміраць; час садзіць, і час вырываць пасаджанае…” спраўджваюцца з года ў год, і асноўнае таму пацвярджэнне – новы ўраджай. Цыклічнасць жыцця селяніна застаецца нязменнай з запаветных часоў. Аплодненыя зярняткамі мінулагодняга ўраджаю нівы сёлета разрадзіліся новым хлебам, за якім у поле рушаць караваны тэхнікі.






Абласное жніво пачалося амаль на дэкаду раней, чым раённае. Аднак астравецкія хлебаробы, улічваючы геаграфічныя і кліматычныя асаблівасці нашага краю, ведаюць: працаваць трэба не толькі на хуткасць, але і на якасць. Нездарма ж у народзе кажуць “Паспяшыш – людзей насмешыш”.

Да пачатку жніва механізатары старанна рыхтавалі тэхніку, агранамічны сектар пралічваў, на долю якіх ніў выпадзе першынства спазнаць дотык жняярак, эканамісты вызначалі перспектыўныя тэрміны ўборкі – словам, увесь сельскагаспадарчы кааператыў “Гудагай” і іншыя гаспадаркі жылі ў рэжыме “чаканне жніва”. Нарэшце, варнянскія, а следам і гудагайскія караваны тэхнікі выйшлі ў поле…

Як жартоўна кажуць самі камбайнеры, якія ў мінулы чацвер убіралі яравы ячмень на вытворчым участку №5 СВК “Гудагай”, жніво пакуль знаходзіцца ў стадыі размінкі, а вось пры спрыяльным надвор’і праз дзень-два пачнецца сапраўдная ўборка зерневых і зернебабовых культур – калі хлопцы будуць камбайнёрыць ад першых пеўняў і да змяркання, а вочы будзе засцілаць пот; калі вадзіцелі без стомы дзясяткі разоў на дзень будуць імчаць на ўсіх парах да зернесушылак; калі да дыспетчараў ледзьве не штохвілінна будзе сцякацца інфармацыя з калгасных палёў; калі повары будуць прадумваць меню, каб накарміць хлебаробаў не толькі сытна, але і смачна…  Калі ўсе-ўсе, нават тыя, хто не мае непасрэднага дачынення да сельскай гаспадаркі, будуць жыць у рэжыме жніва і сачыць за ім праз газеты або вячэрнія тэлевізійныя рэпартажы…





Аднак напачатку нечаканы госць – дождж – унёс свае карэктывы ў планы ўборкі. Тады ўсё звяно – а гэта чатыры камбайны і чатыры МАЗы, якія шчыравалі на лошскіх нівах на мінулым тыдні, – пераходзілі ў рэжым чакання. А побач з калгаснай тэхнікай варту пажарнай бяспекі пільна несла чырвоненькая машына выратавальнікаў.

Як адзначыў намеснік загадчыка вытворчага ўчастка №5 Іван Станіслававіч Грамбоўскі, ячмень сёлета вырас нядрэнны. За дзень (улічваючы пасляабедзенны дождж) яны ўбралі каля 15 гектараў ячменю, ураджайнасць якога склала 50 цэнтнераў з гектару.





– Надвор’е “не лётнае”, – уздыхае Іван Станіслававіч. – Па тэхналогіі, калі пачынаецца дождж, камбайны спыняюцца. Інакш зерне трапіць не ў чэрава “джондзіраў” і “ліды”, а проста на зямлю. Участак, які зараз убіраем, нядрэнны. Камбайнерам складана працаваць, калі шмат палегліцы.





Да размовы далучаецца галоўны аграном СВК “Гудагай” Андрэй Вайцехавіч Вінча, які прыехаў паглядзець, як пайшло жніво.

– Першымі традыцыйна абмалочваюцца пробныя палі, інакш кажучы – слабейшыя. Зерне звычайна хутчэй даспявае на больш лёгкіх глебах. Прагнозы рабіць пакуль ранавата, але ўраджайнасць сёлета не павінна быць меншай, чым у мінулым годзе, – гаворыць Андрэй Вайцехавіч. – Пры спрыяльным надвор’і, думаю, нам спатрэбіцца каля 20 дзён для ўборкі ранніх яравых зерневых культур. Тым больш што з палівам

і гаруча- змазачнымі матэрыяламі праблем не ўзнікае.





Варта адзначыць, што ў СВК “Гудагай”, як і ў іншых гаспадарках раёна, распрацавана сістэма заахвочвання працаўнікоў, занятых на ўборцы. Акрамя належнага прэміравання, узнагарод у раённым спаборніцтве, для хлебаробаў арганізавана двухразовае харчаванне: смачны абед прывозяць у поле.





…Гудагайскія працаўнікі за дзве шчакі ўміналі прыгатаваны калгаснымі гаспадынямі абед. Нездарма нашы продкі, перш чым наймаць на работу чалавека, глядзелі як, а галоўнае – колькі ён з’есць: добра падсілкаваўся – бяры на работу, слаба – такі і працаўнік.

Па ўсім відаць, гудагайскія хлебаробы з ліку тых, хто працуе добра!

Аляксей Сакалоўскі, камбайнер






------------------------------------------

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.