Зимовка на молочно-товарной ферме "Трокеники" проходит в штатном режиме

15:00 / 01.02.2015
Сёлетняя зіма шчодрая на выбрыкі: жартуе з людзей і жывёл – снегам сыпане, а на наступны дзень дажджом паліе… Нязвыкламу да такога надвор’я чалавеку лёгка “падчапіць” прастуду.

А як пераносіць зімоўку грамадскі статак? Каб даведацца пра гэта, мы накіраваліся на малочна-таварную ферму “Трокенікі” СВК “Варняны”.

– Шкада, што прыехалі пасля абеду, – гасцінна сустракае нас на парозе сваіх уладанняў загадчыца малочна-таварнай фермы “Трокенікі” Лілія Эдвардаўна Бяляўская. – Тады б і з даяркамі паразмаўлялі, і з заатэхнікам-селекцыянерам, і з урачом, і ўвогуле – на свае вочы пабачылі б жыццё, якое кіпіць на ферме з самай раніцы.


Разам з загадчыцай праз цёплы і ўтульны кароўнік накіроўваемся ў бытавыя памяшканні.

– Не звяртайце ўвагі на пах, – сарамліва гаворыць загадчыца. – Вядома ж, ферма…

Аднак своеасаблівага паху, якім вызначаецца практычна кожная ферма, мой нос чамусьці не ўлавіў. У паветры пахла ці то сіласам, ці то сенам, і водар той быў хутчэй прыемны – дакладна не такі, як на фермах, дзе мне, пакуль не вельмі дасведчанай у жывёлагадоўчай сферы, даводзілася бываць раней.

Да слова, кароўкі з непрыхаваным апетытам жавалі корм.

– Наша ферма разлічана на 300 галоў, і дойны статак зараз складае якраз 300 кароў. Уся жывёла падзелена на 6 асноўных груп. Акрамя гэтага, ёсць спецыяльныя аддзяленні для цялят, – расказвае Лілія Эдвардаўна. – Калектыў у нас падабраўся дружны і адносна малады. На ферме працуюць шэсць даярак (дзве з іх – падменныя), чатыры жывёлаводы, чатыры цялятніцы, два аператары, чатыры вартаўнікі. Таксама ёсць заатэхнік-селекцыянер, ветэрынарны фельчар і тэхнік-асемянатар.

Зараз у падначаленні Ліліі Эдвардаўны знаходзіцца больш за 20 чалавек.

– Загадчыцай фермы працую са студзеня 2013 года. Да гэтага займала тую ж пасаду на ферме “Трокенікі-2”. Калі мяне сюды перавялі загадчыцай, баялася, што не спраўлюся: вялікі калектыў, большая адказнасць... Але паступова з усім разабралася, хоць спачатку складана было.

Да слова, у дзяцінстве Лілія Эдвардаўна марыла стаць настаўніцай. Аднак лёс распарадзіўся па-свойму. Дзяўчына атрымала адукацыю бібліятэкара-бібліёграфа, але пайшла, як і маці, былая загадчыца трокеніцкай фермы Часлава Уладзіміраўна Патэйка, у сельскую гаспадарку. Ды ці магла любоў да кніг пераадолець цягу да жывёл? Тым больш што Ліля, лічы, гадавалася на ферме і ведала мянушкі кожнай рагулі. І сваім улюблёнкам дзяўчынка заўсёды падкідвала лепшы і большы лапік сена – а яны аддзячвалі добрымі надоямі.

– Я з дзяцінства – сярод кароў і цялят. Памятаю першых сваіх каровак – Бялянку і Зорку. А вось зараз вылучыць улюбёнак сярод трохсотгаловага статка складана, – усміхаецца загадчыца. – Напэўна, лёсам мне было наканавана працаваць у сельскай гаспадарцы, таму што яшчэ маленькай дзяўчынкай я бегала да мамы на ферму. Мне пашанцавала, таму што і зараз, калі ўзнікаюць пытанні, звяртаюся за парадай да маці. Хоць і ведаю па сабе: пакуль уласныя гузакі не наб’еш – вопыту не набярэшся.

Гаспадыні МТФ “Трокенікі” ёсць чым пахваліцца: у параўнанні з 2013 годам за мінулы год на ферме павялічылася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, а валавы надой малака дасягнуў 1530 тон (за год гэты паказчык вырас на 204 тоны). Умоўная “рагуля” ў сярэднім за дванаццаць месяцаў дала 5098 кілаграмаў малака (плюс 132 кілаграмы да ўзроўню 2013 года).

Не першы год лідарамі на ферме па валавым надоі малака з’яўляюцца даяркі Марыя Леанардаўна Вашкевіч, якая надаіла з умоўнай каровы 5526 кілаграмаў, Ганна Уладзіміраўна Лукашэвіч атрымала 4860 кілаграмаў, а Лілія Іванаўна Скрандзеўская – 5243 кілаграмы.

– Надоі ў асноўным вызначаюць кармы. Ну і, канешне ж, належны догляд. Сёлетняя зімоўка праходзіць у штатным рэжыме: да зімне-стойлавага перыяду ўдалося сфарміраваць нядрэнную кармавую базу. Ля фермы закладзены сіласныя ямы, ёсць сянажная маса ў рулонах. Пагэтаму ў кароў збалансаваны рацыён. У здробненым выглядзе яны атрымліваюць сілас, сянаж, салому, шрот і іншыя дабаўкі.

Раней на ферме адчуваліся пэўныя праблемы з падачай вады, але нядаўна ад воданапорнай вежы была пракладзена новая лінія, пагэтаму ў рагуль незалежна ад надвор’я заўсёды ёсць свежая вада.

Каб паглядзець на цялят, накіроўваемся ў прафілакторый. Зараз тут утрымліваецца 180 “падлеткаў” і 95 цялят, якіх нядаўна “выпусцілі” даяркі. Малышы, відаць, яшчэ не прызвычаіліся да адноснай самастойнасці, пагэтаму плачуць, як сапраўдныя дзеці, якія страцілі маму.

З 2014 года на трокеніцкай ферме з’явілася ноу-хау – “малочнае таксі”: дастаткова выбраць патрэбную праграму, і “машына на колах” разбавіць, пастэрызуе і давядзе да неабходнай тэмпературы малако, прызначанае для выпайкі цялят.

Тэхнік-асемянатар Браніслаў Браніслававіч Лукашэвіч сочыць за пакрыццём цёлак і вядзе ўлік высокапрадукцыйных кароў – у першую чаргу менавіта ад іх бяруць цялушак для папаўнення дойнага статка. За цялушкамі вядзецца пастаянны кантроль, пасля расцёлу сочаць за іх надоем прадукцыйнасці, і рагулі абавязкова атрымліваюць дадатковую порцыю канцэнтратаў.

У дзейнасці фермы “Трокенікі” ўдала спалучаюцца навуковыя распрацоўкі і добрасумленны падыход да справы такіх людзей, як Лілія Эдвардаўна Бяляўская і яе калектыў. І гэта дае добры вынік.


------------------------------------------

Тэкст і фота Алена ГАНУЛІЧ.