Лучшие аграрии Гродненщины собрались на областных "Дажынках" в Слониме

08:00 / 21.11.2014
Напярэдадні прафесійнага свята, Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, лепшых працаўнікоў вёскі сабраў абласны фестываль-ярмарка “Дажынкі-2014”. Астравеччыну прадстаўляла дэлегацыя лепшых аграрыяў нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Адамам Дзмітрыевічам Кавалькам і яго першым намеснікам, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Русланам Мікалаевічам Сачко.


Усіх аграрыяў вобласці гасцінна сустракалі сланімчане. Пасля адкрыцця спартыўнага комплексу і памятнага знака “Герб горада Слоніма” гасцей чакала ўрачыстае свята і цырымонія ўручэння першых прэмій пераможцам абласнога спаборніцтва па ўборцы ўраджаю 2014 года.

Граматы, падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі знайшлі сваіх герояў, сярод якіх былі і прадстаўнікі Астравеччыны: заатэхнік-селекцыянер СВК “Гудагай” Наталля Францаўна Гурштын, начальнік цэха комплекса саўгаса “Падольскі” Гражына Міхайлаўна Лісавец, брыгадзір вытворчай брыгады СВК “Варняны” Іван Станіслававіч Дэнюш. Таксама была высока адзначана работа ветэрана працы, былога намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Астравецкага райвыканкама Яніны Іванаўны Новік і начальніка Астравецкай раённай дзяржаўнай інспекцыі па насенняводству, каранціне і ахове раслін Віктара Леанардавіча Бразевіча. За падрыхтоўку і правядзенне раённых “Дажынак” Гервяцкі сельвыканкам атрымаў трактар, а старшыня СВК “Варняны” Аляксандр Паўлавіч Грымбоўскі за высокія вытворчыя паказчыкі сельгаскааператыву ў якасці падарунка атрымаў ноўтбук.

Госці слухалі песні самадзейных і прафесійных артыстаў, набывалі сельскагаспадарчую прадукцыю і вырабы народных майстроў. Канешне, не абышлося без вырабаў умельцаў з Астравецкага Цэнтра рамёстваў. А ля падворка, які сёлета на абласным свяце прадстаўляў СВК “Гервяты”, песнямі і танцамі гасцей вітаў народны ансамбль “Світанак”.

Свята працаўнікоў вёскі ў Слоніме скончылася. Але не скончаны ўзнагароды для лепшых у раёне працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Ганаровыя граматы Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама і грашовыя прэміі чакаюць сваіх герояў.


------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.