Областной семинар, посвященный вопросам развития охотхозяйства и экотуризма, состоялся на базе Островецкого лесхоза

09:00 / 29.09.2014
На базе Астравецкага лясгаса адбыўся абласны семінар на тэму “Выкананне Праграмы развіцця паляўнічай гаспадаркі і экалагічнага турызму”. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання, унітарнага прадпрыемства “Белдзяржпаляванне”, намеснікі дырэктараў па ідэалагічнай рабоце і інжынеры па паляўнічай гаспадарцы лясгасаў вобласці.

Адкрыў семінар дырэктар ДЛГУ “Астравецкі лясгас” Рыгор Мечыслававіч Долгі, які ў сваім выступленні спыніўся на асноўных напрамаках дзейнасці лясной гаспадаркі раёна.
Галоўны ляснічы Аляксандр Пятровіч Шостак пазнаёміў прысутных з асноўнымі задачамі і перспектывамі развіцця паляўнічай гаспадаркі і экалагічнага турызму. У першую чаргу – гэта прыцягненне паляўнічых, як айчынных, так і замежных, да асваення новых паляўнічых накірункаў: выкарастанне лука, паляванне на новыя віды птушак, – а таксама далейшае развіццё вальернай гаспадаркі і пашырэнне відавога складу паляўнічых жывёл.
Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Пётр Зянонавіч Крупеньчык падрабязна расказаў аб методыцы і арганізацыі прыцягнення турыстаў. Варта адзначыць, што за апошнія гады Астравецкім лясгасам выкананы вялікія аб’ёмы работ па развіццю не толькі паляўнічай гаспадаркі, але і экатурызму. Гэта стала магчымым дзякуючы ініцыятыве саміх лясгасаўцаў і цеснаму супрацоўніцтву з установамі адукацыі, рэлігійнымі ўстановамі раёна і іншымі зацікаўленымі структурамі.
У 2002 годзе была адкрыта экалагічная сцяжына “Сарачанскія каралі”. Школьнае лясніцтва Спондаў пры падтрымцы кіраўніцтва Астравецкай лясной гаспадаркі стварылі праект добраўпарадкавання Сарачанскіх азёр, распрацавалі план размяшчэння аб’ектаў інфраструктуры: назіральных вышак, месцаў для адпачынку, аб’ектаў вучэбна-вытворчага і пазнавальнага характару. З гэтым праектам спондаўскія школьнікі занялі ІІ месца ў рэспубліканскім конкурсе “Квітней, мой лес” і здабылі перамогу на І міжнародным юніёрскім лясным конкурсе. Стаўка на развіццё экалагічнай сцяжыны апраўдалася цалкам: Сарачанскія азёры – улюбёнае многімі турыстамі месца для адпачынку.
Для замежных і айчынных паляўнічых у Астравецкай паляўнічай гаспадарцы створаны камфартабельныя ўмовы ў дамах паляўнічага. На першым комплексе, акрамя старажытнай лядоўні, бані, склепу, ёсць два ціры: электронны і з устаноўкай “бягучы кабан”. Штогод тут праходзяць пленэры разьбяроў па дрэве на чале са старэйшым гродзенскім майстрам Мікалаем Склярам, а былы маёнтак паноў Блажыевічаў і жывапісная прырода становяцца аб’ектамі фотапалявання.
Праз тэрыторыю паляўнічага комплексу “Панская сядзіба” пралягае экалагічная сцяжына “У Альбекаў”. Асаблівую цікавасць для турыстаў прадстаўляе насыпны курган, які, калі верыць легендзе, хавае клад Напалеона.
На другім комплексе, што знаходзіцца непадалёк ад Быстрыцы, у дадатак да палявання можна павудзіць рыбу на Віліі і заняцца зборам ягад і грыбоў.
Аматары гісторыі могуць пазнаёміцца з архітэктурнымі і прыроднымі славутасцямі Астравецкага раёна. Так, у турыстычны маршрут уваходзіць наведванне прыватнага музея фаўны ў Трокеніках, варнянскага архітэктурнага комплексу, касцёла святой Тройцы ў Гервятах, на трыторыі якога размешчаны ўнікальны дэндрапарк, які цікавы нават заўзятым лесаводам. У гудагайскім касцёле Адведзінаў Марыі Панны, які сёлета прызнаны сактуарыумам, можна памаліцца цудадзейнаму абразу Маці Божай і прайціся па створанай братамі-кармялітамі крыжовай дарозе.
Астравецкі лясгас устанавіў цесныя сувязі з кона-спартыўным цэнтрам “Гіпіка”, таму турысты, якія  прыязджаюць на Астравеччыну, у любы момант могуць ажыцявіць конныя прагулкі. Аматары актыўнага адпачынку карыстаюцца турам выхаднога дня: сплаўляюцца па Віліі на байдарках або карыстаюцца распарцаванымі аўта- і веламаршрутамі.
З 26 чэрвеня бягучага года ўступіла ў сілу новая рэдакцыя Правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Прадстаўнік рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Белдзяржпаляванне” Юрый Леанідавіч Жаўрыд паведаміў, што прадпрыемства “Белдзяржпаляванне” займаецца як вочнай, так і дыстанцыйнай падрыхтоўкай паляўнічых да экзамена, які прадугледжаны гэтымі правіламі. Гэта таксама могуць ажыццяўляць на месцах самі лясгасы з дапамогай электроннага курса “Дапаможнік экзаменатара”, які дазваляе праводзіць тэарэтычную падпрыхтоўку кандыдатаў у паляўнічыя, прымаць залікі і экзамены лакальна. Галоўным ляснічым Гродзенскага ДВЛГА Эдуардам Іванавічам Лігерам на парадак дня было вынесена пытанне аб сумяшчэнні абавязкаў паляўніцтвазнаўцы і экзаменатара або ўвядзенні ў асобных лесагаспадарчых установах адпаведных пасад.
Як вядома, праблема прафілактыкі афрыканскай чумы свіней закранула і паляўнічыя гаспадаркі вобласці. У сваім выступленні галоўны паляўніцтвазнаўца Гродзенскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання Аляксей Станіслававіч Грыгас спыніўся на дзеянні часовага палажэння аб асаблівым рэжыме здабычы, захавання і знішчэння дзікага кабана, а таксама аб неабходнасці прытрымлівання на практыцы новых Правілаў палявання.
Варта адзначыць, што тэарэтычная частка семінара насіла дыялагічны характар. Падчас яго абмяркоўваліся праблемныя моманты ў развіцці той або іншай паляўнічай гаспадаркі, уздымаліся пытанні аб кошце паслуг для айчынных і замежных паляўнічых, пераарыентацыі на паляванне на іншыя віды жывёл у сувязі са змяншэннем папуляцыі дзікага кабана.
У другой часцы семінара гасцей чакаў агляд паляўнічага комплек су і вальернай гаспадаркі, якая займае плошчу ў 220 гектараў. Дэлегацыя азнаёмілася з біятэхнічымі збудаваннямі: падкормачнымі пляцоўкамі, кармушкамі, вышкамі для назірання і адстрэлу, а таксама са спецыяльна абсталяваным месцам для пахавання жывёльных рэшткаў. Вядучы інжынер па паляўнічай гаспадарцы Віктар Мечыслававіч Урбановіч, праводзячы экскурсію, спыніўся на асноўных момантах у развіцці паляўнічай гаспадаркі Астравецкага лясгаса і рэалізуемых мерапрыемствах па павелічэнні папуляцыі аленя плямістага і аленя высакароднага, ланяў і муфлонаў.
Прадстаўнікі лясных гаспадарак вобласці наведалі прыпыначны пункт паляўнічага, які размяшчаецца непадалёк ад Задворнікаў. Гэты аб’ект карыстаецца папулярнасцю не толькі ў паляўнічых, але і ў аматараў адпачынку на ўлонні першазданнай прыроды: лазня “па-чорнаму”, невялікая леснічоўка без электрычнасці, выгод і камунікацый, размешчаныя ў маляўнічым месцы на беразе рачулкі, дазваляюць адпачыць ад вірлівага горада і адчуць сапраўдную еднасць з прыродай.
Заключнай часткай семінара стала падвядзенне вынікаў, абмеркаванне праблемных момантаў і распрацоўка рэкамендацый па далейшым вядзенні паляўнічых гаспадарак вобласці. Як паказаў семінар, дзейнасць Астравецкага лясгаса можа служыць прыкладам для калег у развіцці палявання і экатурызму.


-------------------------------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.