Островчане занимают первое место в области по урожайности сахарной свёклы

15:00 / 18.09.2014
Скажыце, хто не любіць паласавацца салодзенькім? Напэўна, знойдзецца не так шмат людзей, якія могуць адмовіць сабе ў цукерцы або пячэньку. А ля вытокаў гэтага салодкага жыцця на Астравеччыне стаяць некалькі сельскагаспадарчых кааператываў – яны займаюцца вырошчваннем цукровых буракоў.
СВК “Гудагай” – адна з першых гаспадарак раёна, якая прыступіла да ўборкі цукровікаў. Дзявятага верасня гудагайскі буракаўборачны агрэгат на пару з МАЗамі ўжо “разразаў” цнатлівую зелень палёў, а салодкія караняплоды сыпаліся ў кузавы машын, каб праз некаторы час на заводзе ператварыцца ў бялютка-белыя дробачкі цукру.






Гудагайскае поле цукровікаў раскінулася на плошчы 250 гектараў, у параўнанні з мінулым годам яно пашырылася на 50 гектараў. І ўся работа па ўборцы “салодкіх” буракоў завязана, канешне, на “Вервайце”. Славамір Браніслававіч Трусевіч штогод “штурваліць” за рулём гэтай магутнай машыны.
– Чацвёрты год я “пры бураках”. Са збожжаўборачнага камбайна перасаджваюся на буракаўборачны агрэгат. Дарэчы, сёлета, калі не памыляюся, я апынуўся ў лідарах жніва сярод камбайнераў на камбайнах з прапускной здольнасцю ад 10 да 12 кілаграмаў зерня ў секунду. Разам з дачкой Таццянай намалацілі каля 1710 тон зерня, – успамінае з усмешкай сёлетняе жніво камбайнер шырокага спектру. – На ўборцы буракоў таксама “не сплю ў шапку”. Учора, да прыкладу, убраў 500 тон буракоў, а гэта – 10 вагонаў па 50 тон караняплодаў. У бункер “Вервайта” ўлазіць да 15 тон караняплодаў, якія гэты агрэгат “вымае” з зямлі і “паглынае” ў сваё чэрава за 10-15 хвілін. У іншых гаспадарках раёна буракі ўбіраюць “Кляйны” – “малышы” ў параўнанні з нашым агрэгатам.



У адрозненні ад жніва, дзе правай рукой Славаміра Браніслававіча была дачка, на ўборцы буракоў камбайнеру дапамагае Валерый Францавіч Васілеўскі на “дзяжурным цягачы”. Бо без механізатара ў полі як без рук. Пры дажджлівым надвор’і МАЗы пачынаюць буксаваць, тут і прыходзіць на дапамогу Валерый Францавіч: на сваім трактары выцягвае машыны. А МАЗы адвозяць салодкія караняплоды на загрузачны пункт чыгуначнай станцыі “Гудагай”.



На перыяд уборкі цукровікаў да гаспадаркі “прыпісаны” дзве машыны з сельгастэхнікі і чатыры – з аўтамабільнага парку. Аляксей Паўлавіч Янцэвіч, “аўтабазавец”, расказвае, што за дзень даводзіцца рабіць па 5-6 рэйсаў. Вызначанага графіка працы тут няма: бывае, працуюць і да 7-8 гадзін вечара.
– Працуем да той пары, пакуль не загрузім патрэбную колькасць вагонаў, – расказвае Аляксей Паўлавіч. – З поля імчым у Германішкі на вагі, а затым – на станцыю “Гудагай”. За адзін рэйс я перавожу каля 20 тон цукровых буракоў.



Як паведаміў намеснік старшыні СВК “Гудагай” Андрэй Вайцехавіч Вінча, на 15 верасня ўжо выкапана 2328 тон буракоў з 45 гектараў. А гэта значыць, што на 18 працэнтаў гудагайцы справіліся з уборкай цукровікаў.
– Цукровыя буракі, якія мы вырошчваем, – гібрыды фірмы “Шруба”. Іх уборку мы пачалі дастаткова рана. Улічваючы надвор’е і іншыя аб’ектыўныя фактары, у дзень убіраем каля 11 гектараў. Думаю, што ўкладзёмся ў 20-25 дзён і закончым уборку цукровых буракоў у першай дэкадзе кастрычніка, – расказвае Андрэй Вайцехавіч. – Вядома, што цукровікі маглі б яшчэ расці і набіраць вагу да канца верасня. Аднак ранняя ўборка гэтай культуры абумоўлена вызначанымі тэрмінамі пастаўкі цукровікаў на Слуцкі цукровы камбінат. Уявіце сабе, што ўсе гаспадаркі краіны кінуцца ў адзін тэрмін пастаўляць гэтыя караняплоды.



Завод проста не справіцца з такой загрузкай, пагэтаму з боку дзяржавы вытворцам цукровых буракоў аказваецца дапамога. Страты на ранняй уборцы цалкам кампенсуюцца: вага буракоў, якія адгрузілі на загрузачныя пункты чыгункі да 10 верасня, узрастае на 20 працэнтаў, адгружаных з 10 па 20 верасня – на 15 працэнтаў. Улічваючы той факт, што за дзесяць дзён ураджайнасць буракоў “прыплюсуе” прыблізна 30 цэнтнераў з гектара, распрацаваная на дзяржаўным узроўні падтрымка дазваляе не панесці істотных стратаў нашай гаспадарцы ў фінансавым плане. Нягледзячы на напружаныя тэмпы работ, да ўборкі цукровых буракоў мы рыхтаваліся загадзя. На рамонт буракаўборачнага камбайна было затрачана каля 1,5 мільярда рублёў. Пагэтаму зараз перабояў у нарыхтоўцы салодкіх караняплодаў быць не павінна. “Вервайт” паказвае нядрэнныя аб’ёмы работ, за дзень ён убірае звыш 500 тон.
Хто-хто, а гудагайскія “цукраводы” дакладна ведаюць смак “салодкага жыцця” і тое, што адзін дзень зіму корміць.

У чатырох гаспадарак – сельгаскааператывах “Гудагай”, “Варняны”, “Гервяты”, “Міхалішкі”, – якія займаюцца вырошчваннем гэтай культуры на тэрыторыі нашага раёна, ёсць добрая нагода парадавацца: па стану на 15 верасня ўраджайнасць цукровых буракоў складала 552 цэнтнеры з гектара (амаль на 50 цэнтнераў больш у параўнанні з мінулым годам), і астраўчане займаюць першае(!) месца ў вобласці.


------------------------------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.