На молочно-товарном комплексе "Германишки" морозов не боятся

13:00 / 08.02.2014
Добра мядзведзю ды вожыку: нагуляў сабе тлушчык за лета – і спі спакойна цэлую зіму. А нам, сапіенсам, спаць не выпадае – які б ні ціснуў мароз, усё роўна трэба будаваць, гандляваць, стаяць на варце… Есці самім і карміць тых, каго прыручылі, у прыватнасці, буйную рагатую жывёлу, грамадскі статак якой у гаспадарках нашага раёна налічвае 29 тысяч галоў. 1500 галоў (600 з якіх – каровы) утрымліваюцца на малочна-таварным комплексе “Германішкі” СВК “Гудагай”.





27 студзеня мароз спыніў рух ртутнага слупка на адзнацы мінус 19 градусаў – і, нягледзячы на яркае сонца, нават апоўдні не пацяплела. Гэта таму, што дзьмуў вецер. І не проста вецер, а ветруган – калючы і злы. З тых, што апякае полымем, пранікае пад футра, прадзімае сцены.
Дзесяць хвілін на такім надвор’і – і пальцы ў скураных пальчатках перастаюць згінацца, а кончык носа падазрона бялее – самы час прасіцца ў жытло. У любое – абы ў зацішак.



Адчыняю дзверы малочнага блока МТК “Германішкі”, раблю некалькі крокаў у накірунку камп’ютарнай – і блаславеннае цяпло бярэ мяне ў свае ўтульныя абдымкі.
– Праходзьце, калі ласка, пагрэйцеся, – гасцінна запрашае мяне цёмнавалосая дзяўчына з глыбокімі, як Кайміна, вачыма. – У нас тут цёпла.
Знаёмімся. Дзяўчыну завуць Ала Франк. Закончыла Ільянскі саўгастэхнікум і хутка год, як працуе заатэхнікам-селекцыянерам. А гэта значыць, што ў яе абавязкі ўваходзяць кантрольныя дойкі, дынаміка прадуктыўнасці малочнага статка, асемяненне, увод у статак…
Ала расказвае пра сваю працу, а за шкляной перагародкай ідзе абедзенная дойка. Перш чым накіравацца ў даільную залу, не вытрымліваю, здымаю паліто – пасля марозу яе тэмпературны рэжым (добрых плюс 25 градусаў!) падаецца празмерна цёплым.



– У нас халадоў не бывае, – усміхаюцца жанчыны. – А калі б і былі, ці паспелі б мы іх адчуць? У нас жа справа пастаўлена на канвеер: удваіх абслугоўваем шэсцьсот кароў – ні прысесці, ні перадыхнуць. Хаця… Перабольшваем, канешне. Такі мароз, як сёння, адчулі б.
Адчулі б. Вось і жанчыны з пятага вытворчага ўчастка (Лоша), якія займаліся подсцілам саломы, не вытрымалі – прыбеглі ў пакой адпачынку комплекса, каб адагрэцца. А тут ім і тэлевізар, і электрачайнік, і мяккая канапа, а галоўнае – цеплыня-я-я…
Разам з Алай Франк ідзём у кароўнік – там якраз ідзе раздача кармоў: механізатар Дзяніс Сідарэнка здрабніў у чэраве свайго “Гаспадара” сянаж і салому, прыправіў іх канцэнтратамі і патакай, перамяшаў, як след, – і атрымалася, мяркуючы па задавальненню, з якім каровы пачалі яе есці, смачная і пажыўная кормасумесь.



У кароўніку адносна цёпла – прынамсі, сістэмы водапаення і гноевыдалення працуюць у рэжыме “нармальна”. А на махнатых футрах рагуль адсутнічае здрадніцкі іней.
Кіруемся ў цялятнік. Яго дзверы зачынены так шчыльна, што ўдваіх мы ледзь іх адкрываем. У памяшканні – цеплыня. У імкненні адагрэцца ў цялятнік валам валіць халоднае паветра вуліцы, так што цяляты становяцца – як у тумане. Не варта дзеля звычайнай цікаўнасці запускаць у памяшканне холад – выходзячы, мы стараемся зачыніць дзверы – “як было”.
Не адчуваецца мароз і ля сянажнай ямы. Пагрузкай гэтага віду корму займаецца Рышард Віктаравіч Кіткевіч на “Амкадоры”.
– Што ж гэта вы без курткі такім холадам? – пытаюся ў механізатара, калі ён спускаецца да мяне з высокіх прыступак сваёй цуда-тэхнікі.
– Ёсць, – адказвае Рышард Віктаравіч. – Ляжыць на “сядушцы”. У салоне ў куртцы не выседзець – занадта цёпла.



Вось ужо сапраўды сыты галоднаму не спачувае – шчоўкаю ледзяным затворам і тут жа старанна хаваю фотаапарат пад паліто. “Пайшлі далей”, – непаслухмянымі ад ледзянога ветру вуснамі кажу Але. Ідзём.



Адна воданапорная вежа нагадвае сваім выглядам жонку біблейскага Лота, якая, не прыслухаўшыся да папярэджання мужа, азірнулася і стала слупам (у першакрыніцы – саляным, у нас – ледзяным). Затое на другой вежы ніякіх прыкмет абледзянеласці – праблем з водазабеспячэннем не назіраецца.
Ля вялікай кучы дроў завіхаюцца людзі. “Работнікі з брыгады пераносяць паліва ў закрытае памяшканне”, – тлумачыць мая гід.
Яшчэ адзін кароўнік. І яшчэ адзін цялятнік. У кожным з іх – выразна плюсавая тэмпература. Вось табе і “шторкі” замест прывычных вокнаў – таксама, выходзіць, трымаюць цяпло.
Проста пасярод двара расселася вялікая вераб’іная сям’я – птушкі шукаюць у снезе ежу. Вядомая справа, у маразы і звер, і птушка туліцца да чалавека…



Вандруючы па тэрыторыі і памяшканнях малочна-таварнага комплекса “Германішкі” ў пошуках цяпла, хіба можна было абысці бокам кацельню?



– Без праблем, – пракаменціраваў сітуацыю качагар Міхаіл Браніслававіч Падарэцкі. – Дроў і брыкету хапае, так што тэмпературу “абраткі”, якая павінна быць не ніжэй 42 градусаў, падтрымліваю пастаянна. На нашым комплексе мароз не адчуваецца.


--------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.