Литовские лесоводы познакомились с работой Островецкого лесхоза

09:00 / 18.11.2013
3
Па ініцыятыве Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Рэспублікі Беларусь у Літоўскай Рэспубліцы Уладзіміра Несцеравіча Дражына напрыканцы мінулага тыдня дэлегацыя лесаводаў Вільнюскай Урэдыі наведала Астравецкі лясгас. Асноўнай мэтай гэтага візіту стала развіццё ўзаемавыгадных сувязей, а таксама абмен вопытам работы лесагаспадарчых устаноў.

Развіццё лясной гаспадаркі ў нашай краіне і ў Літоўскай рэспубліцы ідзе рознымі шляхамі. Асноўны накірунак дзейнасці вільнюскіх лесаводаў – гэта лясная справа. Прамысловую дзейнасць, паляўнічую гаспадарку, пабочнае карыстанне лесам актыўна развіваюць ў дзяржаўных лесагаспадарчых установах нашай краіны. У вільнюскай Урэдыі працуе 100 чалавек, у яе склад уваходзяць 12 лясніцтваў. Астравецкі лясгас прадстаўлены 9 лясніцтвамі і 480 рабочымі месцамі. Пагэтаму дыялог прадстаўнікоў лясной гаспадаркі дзвюх краін на астравецкай пляцоўцы стаў добрай магчымасцю падзяліцца вопытам і перадавымі тэхналогіямі ў лесагаспадарчай дзейнасці.
У першы дзень знаходжання на беларускай зямлі літоўскія лесаводы на чале з дырэктарам Вільнюскай Урэдыі Артурасам Нанартавічусам пабывалі ў знакамітых гістарычных месцах Беларусі: Мінску, Нясвіжы, Міры і Навагрудку. Некаторыя вільнюскія лесаводы ўвогуле ўпершыню наведалі нашу краіну і былі прыемна ўражаны ўбачанымі «жамчужынамі» беларускай архітэктуры.
На наступны дзень дэлегатаў чакала насычаная праграма, якая прадугледжвала непасрэднае знаёмства з аб’ектамі Астравецкай лясной гаспадаркі і архітэктурнымі помнікамі нашага раёна.
Усіх, хто прыязджае ў наш раён, цікавяць пытанні, звязаныя з будаўніцтвам першай Беларускай АЭС. Вільнюскія лесаводы – не выключэнне. У інфармацыйным цэнтры дырэкцыі будаўніцтва АЭС кіраўнік групы па інфармацыйнай рабоце Э.І. Свірыд падрабязна расказаў аб прынцыпах работы і ступенях абароны атамнай электрастанцыі і даў вычарпальныя адказы на цікавячыя гасцей пытанні.
Наступным пунктам праграмы стаў дрэваапрацоўчы цэх. Літоўская рэспубліка адмовілася ад прамысловай дзейнасці і апрацоўкі драўніны. Спецыялісты лясной гаспадаркі гэтай краіны таксама не займаюцца нарыхтоўкай драўніны па галоўнаму карыстанню. Гэтыя работы ў іх выконваюць староннія арганізацыі. У адрозненні ад суседзяў, Астравецкі лясгас актыўна развівае прамысловую дзейнасць. Дрэваапрацоўчы цэх зараз прадстаўляе сабой безадходную вытворчасць і дазваляе выпускаць новыя віды прадукцыі дрэваапрацоўкі з драўнінных адходаў (шчапа, паліўныя брыкеты і ішн.).
Лесаводы наведалі таксама Рымдзюнскую сярэднюю школу з літоўскай мовай навучання. Экскурсію па школе правяла настаўнік хіміі і біялогіі Сільвія Рупленя. Госці даведаліся аб арганізацыі вучэбнага працэсу ў школе і адукацыйных паездках вучняў у Літву. Падчас гэтай сустрэчы паўстала пытанне аб арганізацыі школьнага лясніцтва на базе гэтай установы адукацыі. Плануецца, што ў хуткім часе вучні Рымдзюнскай школы змогуць вывучаць тэарэтычна і на практыцы лясную справу.
Вільнюскія лесаводы пазнаёміліся з Гервяцкім лясніцтвам. Іх зацікавілі этапы падрыхтоўкі глебы да пасадкі лесу, метады высечкі і нарыхтоўкі драўніны з выкарыстаннем шматаперацыйнай тэхнікі.
І, канешне ж, трапіўшы ў Гервяты, госці наведалі касцёл Святой Тройцы. Невялікую экскурсію па тэрыторыі храма правёў ксёндз Леанід Нясцюк, які паглыбіўся ў гісторыю будаўніцтва касцёла і добраўпарадкавання прылеглай да яго тэрыторыі, узгадаўшы, што першы пасадачны матэрыял сюды быў завезены з Літвы. А канцэрт арганнай музыкі пакінуў гасцям незабыўныя ўражанні.
У Міхалішкаўскім лясніцтве ўдзельнікі дэлегацыі наведалі ўчастак высечкі, агледзелі адміністрацыйнае памяшканне і дэндрапарк. Госці з Літвы таксама пабывалі ў Катлоўскім лясніцтве і ў прыватным музеі ў Трокеніках, дзе ўбачылі багатую калекцыю трафеяў і пудзіл жывёл.
Праграма другога дня скончылася на паляўнічым комплексе ў Задворніках.
На наступны дзень былі арганізаваны спаборніцтвы па стэндавай стральбе (лятаючыя талерачкі, бягучы кабан) і стральбе з лука. Пасля падвядзення вынікаў стала зразумела, што перамагло сяброўства: літоўскія госці перамаглі ў стральбе па мішэнях, а астраўчане не пакінулі ніводнага шансу суседзям у стральбе з лука.
З літоўскага боку астравецкім лесаводам паступіла запрашэнне наведаць Вільнюскую Урэдыю.


----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.