В Островце прошло расширенное заседание районной комиссии по профилактике и предупреждению распространения и заноса вируса африканской чумы свиней

17:00 / 15.11.2013
Пашыранае пасяджэнне раённай камісіі па прафілактыцы і папярэджанні распаўсюджвання і заносу віруса афрыканскай чумы свіней і іншых небяспечных інфекцый на тэрыторыю Астравецкага раёна прайшло на мінулым тыдні ў райвыканкаме.

На пасяджэнне былі запрошаны ўсе зацікаўленыя ў абмяркоўваемых пытаннях структуры. Работу камісіі ўзначаліў старшыня раённага выканаўчага камітэта Адам Дзмітрыевіч Кавалька.
Першы намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Уладзіслававіч Янчэўскі праінфармаваў усіх, хто сабраўся ў зале, аб прафілактычных мерах па недапушчэнню распаўсюджвання АЧС, якія праводзіліся ў раёне.
Эпізадычная сітуацыя па АЧС у рэспубліцы, у тым ліку і ў Гродзенскай вобласці, застаецца напружанай. Звязана гэта з тым, што ў суседніх краінах і асабліва ў Расіі сітуацыя не нармалізуецца. Адтуль пастаянна прыходзяць звесткі аб выяўленні новых небяспечных населеных пунктаў.
Апошняе паведамленне прыйшло 31 кастрычніка з Сафонаўскага раёна Смаленскай вобласці. Выпадкі захворвання і падзяжу дзікіх свіней зарэгістраваны і ў некалькіх раёнах Віцебскай вобласці.
Сітуацыя з АЧС у Астравецкім раёне спакойная, аднак у двух трупаў кабаноў, знойдзеных у Катлоўскім лясніцтве, пры даследаванні выяўлены генетычны матэрыял, ідэнтычны вірусу АЧС.
У сувязі з гэтым у раёне вядзецца строгі кантроль за выкананнем мер, накіраваных на прафілактыку і папярэджанне распаўсюджвання віруса АЧС.
Згодна з распараджэннем Астравецкага райвыканкама, спецыялісты райветстанцыі, сельвыканкамаў, аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях, цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзяць улік свіней у радыусе 5 кіламетраў ад існуючых свінаферм і комплексаў. Апошні такі маніторынг праводзіўся 5 лістапада бягучага года, па яго выніках спецыялісты ветслужбы выдалі гаспадарам падвор’яў 15 прадпісанняў на 34 свінні.
Аказалася, што і сёння, нягледзячы на інфармаванне, гаспадары трымаюць 46 свіней у буфернай зоне СКС Варняны, у тым ліку 38 – у Варнянскім сельсавеце, 3 – у Гервяцкім і 5 – у Гудагайскім. Гэта жывёла, згодна з рашэннем Гродзенскага аблвыканкама, павінна быць забіта для асабістага карыстання ці здадзена на мясакамбінат да 1 снежня бягучага года.
Маніторынг праводзіўся таксама ў вёсках Дайлідкі, Тракелі, Ажуройсці і Падпруддзе, якія ўваходзяць у пяцікіламетровую зону свінафермы Медрыкі Смаргонскага раёну. Як аказалася, тут таксама не ўсе гаспадары адмовіліся ад свіней – спецыялісты ветслужбы выявілі 65 свіней, ад якіх гаспадарам таксама давядзецца пазбавіцца.
Вялікая ўвага сёння надаецца зніжэнню колькасці дзікіх кабаноў – іх адстрэлам займаюцца паляўнічыя калектывы Астравецкага лясгасу і Астравецкай раённай арганізацыйнай структуры таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Так, за дзесяць месяцаў было адстраляна 346 дзікіх кабаноў. Выяўлены таксама выпадкі падзяжу дзікіх кабаноў – такіх было дзесяць, і яшчэ пяць дзікіх кабаноў былі забіты транспартнымі сродкамі. На шчасце, 129 проб матэрыялаў, якія адправілі на даследаванне, былі адмоўныя.
Падчас пасяджэння была прааналізавана сітуацыя з рэалізацыяй мясной прадукцыі ў гандлёвых прадпрыемствах, арганізацыя работы з насельніцтвам па тлумачэнні неабходнасці абаронных мер, сярод якіх адной з галоўных з’яўляецца забой свіней у буферных зонах, утылізацыі адходаў пры забоі свойскіх жывёл і дзікіх кабаноў.
Вялікая ўвага на пасяджэнні была ўдзелена выкананню даручэнняў, якія былі дадзены падчас мінулага пасяджэння. Па ўсіх разгледжаных пытаннях былі прыняты рашэнні і дадзены новыя даручэнні.


-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.