К посеву приступили первыми в районе

09:00 / 28.04.2013
Вось не былі б то “гуды з гаю”! Пакуль рэшта гаспадарак наракала на зацяжную вясну, сейбіты СВК “Гудагай” умудрыліся знайсці адпаведнае поле і першымі ў раёне прыступілі да сяўбы. Здавалася б, выйгралі толькі адзін дзень – але і за тыдзень ніхто іх “дастаць” не змог.

– Вясна такая асаблівая выдалася, – гаворыць галоўны аграном СВК “Гудагай” Андрэй Вайцехавіч Вінча. – Канкрэтна папсавала нервы земляробам. Нам бы ўжо пад завяршэнне сяўбы збожжавых і зернебабовых падбірацца, а мы фактычна ў яе пачатку – па стану на 26 красавіка засеяна 688 гектараў, што складае 21 працэнт да запланаванага. Дадайце сюды яшчэ 600 гектараў загінуўшых азімых збожжавых культур, якія давядзецца перасяваць… Не дазваляе асабліва разагнацца і тое, што мы з’яўляемся насеннай гаспадаркай! Па тры сарты ячменю і пшаніцы, два сарты аўсу… Прычым у кожнага сорту, у сваю чаргу, па тры рэпрадукцыі… І недапушчальнасць нават мінімальнага змешвання сартоў або рэпрадукцый. Канешне, гэта стрымлівае тэмпы пасяўной.






На сяўбе ў СВК “Гудагай” працуюць чатыры пасяўныя агрэгаты (два “Джон Дзіры” і два “Беларусы – 3022”) і адна сеялка СПУ. Перадпасяўную падрыхтоўку глебы забяспечваюць шэсць культыватараў, 2 раскідвальнікі мінеральных угнаенняў “РУМ-7” і тры “лейкі”. Асобнае звяно, у якое ўваходзяць сем трактароў з раскідвальнікамі і два пагрузчыкі “Амкадор”, займаюцца ўнясеннем арганічных угнаенняў. Ранне-вясенняя падкормка азімых культур азотам – задача двух агрэгатаў “РАСА”.
–Па стану на 25 красавіка падкормка азімых збожжавых культур КАСам фактычна завершана, – працягвае Андрэй Вайцехавіч Вінча. – Першая веснавая падпітка ўнесена і на 50 працэнтах плошчы азімага рапсу. Распачалася падкормка сенакосаў і пашы. Пакуль недахопу мінеральных угнаенняў не адчуваем. У асноўную задзелку ўносім поўны набор макраэлементаў: азот, фосфар, калій.



Працоўны дзень на пасяўной пачынаецца ў 6.30. У сем гадзін сейбіты ўжо на полі. А вечарам “поле бою” яны пакідаюць не раней васьмі гадзін. І нават перапынак на абед скарочаны да мінімуму – доўжыцца роўна столькі, колькі трэба, каб з’есці абед, прывезены калгаснымі поварамі непасрэдна на поле.
– Гатуюць смачна, – у адзін голас сцвярджаюць механізатары. – І каларыйна – з’ясі такі абед, і да вечара не рагаладаешся. А калі ўсё ж захочацца, у “бардачку” ляжыць падвячорак, які нам выдаюць кожны дзень. Няма перабояў і з забеспячэннем гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Калі ж здараецца паломка, на дапамогу прыходзіць спецыяльнае звяно рамонтнікаў – і працаздольнасць “сталёвага каня” хутка аднаўляецца.



Тэмпы правядзення сяўбы пакуль яшчэ не дасягнулі свайго апагею – за дзень у СВК “Гудагай” засяваецца каля 120-140 гектараў.
– А трэба, – лічыць галоўны аграном, – каб засяваліся ўсе 200. Думаю, у бліжэйшыя дзень-два выйдзем на гэты паказчык. І калі надвор’е паспрыяе, сяўбу збожжавых і зернебабовых завершым за 12-13 дзён. Застануцца 1000 гектараў кукурузы (сёлета павялічваем яе плошчу на 150 гектараў), 200 гектараў бульбы, 100 – грэчкі… Цукровыя буракі? Плошчу іх вырошчвання сёлета таксама павялічваем на 50 гектараў – “цукровікі” будуць расці на 200 гектарах. Дарэчы, іх сяўбу мы распачалі ў сераду. Ранавата? Па сярэднегадавых паказчыках – самы час. Глебавую вільгаць трэба выкарыстоўваць па максімуму. Бачылі, як ужо сёння пыляць сеялкі? Вось я і кажу: глеба высыхае не па днях, а па гадзінах. Ды і ўпушчаны час мусім нагнаць. Так што сёлетняй вясной дакладна не да “раскачкі”.

--------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.