В чём выгоднее делать вклады?

14:00 / 28.03.2013
2
У апошні час можна назіраць такую з’яву: у чэргах аддзяленняў банка многія людзі – і пенсіянеры, і маладыя мамы з дзецьмі на руках, і мужчыны прэзентабельнага выгляду – набываюць валюту.
Вядома, што грошай многа не бывае, але летам вельмі хочацца адпачыць на моры, памяняць мэблю, набыць з цягам часу жаданы аўтамабіль ці пабудаваць уласную кватэру. У кожнага чалавека розныя патрэбы. Пагэтаму даводзіцца эканоміць – збіраць грошы.
Адкладваць у беларускіх рублях атрымліваецца не ва “ўсіх”: ёсць спакуса патраціць іх на вельмі неабходную рэч, без якой, насамрэч, можна і абысціся ў штодзённым жыцці.


Пра тое, у якой валюце ці ўкладах лепш захоўваць грошы і як атрымаць прыбытак ад банкаўскага укладу, нам расказала начальнік аперацыйнага аддзела ААТ “АСБ Беларусбанк” Таццяна Уладзіміраўна Ступенька.

– Па дадзеных Нацыянальнага банка Беларусі, аб’ём валюты, якую набыло насельніцтва за студзень 2013 года, перавышае колькасць прададзенай. Скажыце, калі ласка, з чым гэта звязана?
– Мне здаецца, у першую чаргу гэта звязана з тым, што яшчэ не заціх ажыятаж і чуткі, якія, дарэчы, неаднаразова абвяргаліся – аб дэвальвацыі беларускага рубля. Насельніцтва працягвае захоўваць свае зберажэнні ў наяўных грашах, нягледзячы на тое, што ўклады ў беларускіх рублях гарантуюць больш высокі прыбытак.
– І калі, на вашу думку, сціхне гэты ажыятаж?
– Я ўпэўнена, што хутка. Ужо зараз можна назіраць, што амплітуда хістання беларускага рубля невысокая, і з кожным днём ён умацоўваецца ў адносінах да замежнай валюты.
Звычайныя абывацелі могуць прасачыць гэта на прыкладзе курсаўтварэння Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, на які арыентуюцца ўсе камерцыйныя банкі.
На 1 студзеня 2013 года курс долара Нацыянальнага банка склаў 8570 беларускіх рублёў; на 1 лютага 2013 года – 8660 бел. рублёў; на сённяшні дзень (26 лютага – А.Г.) – 8600 беларускіх рублёў. Такім чынам, хістанне беларускага рубля за два месяцы склала ўсяго 30 рублёў.
Дзякуючы правільнай фінансавай палітыцы Нацыянальнага банка валютны рынак РБ набліжаецца да балансу, калі аб’ём прададзенай валюты будзе прыблізна роўны аб’ёму купленай.
– І ўсё ж, Таццяна Уладзіміраўна, якую валюту вы раілі б набываць тым, хто мае намер зрабіць гэта: расійскія рублі, долары ці еўра? Ці, магчыма, лепш захоўваць грошы ў беларускіх рублях?
– Адназначна: захоўваць у беларускіх рублях. Даход ад працэнтнай стаўкі па ўкладах у беларускіх рублях вышэй у разы, чым даход па ўкладах у замежнай валюце. Такім чынам, свае грошы вы можаце не толькі зберагчы, але і прымножыць.
– Раскажыце, калі ласка, якія ўклады на выгадных умовах можа прапанаваць “Беларусбанк” для фізічных асоб?
– Для сваіх кліентаў “Беларусбанк” прапаноўвае як кароткачасовыя, так і доўгатэрміновыя ўклады.
Кароткачасовы ўклад “Гарантаваны даход” афармляецца на 15 дзён. З надыходам тэрміну вяртання грошай дагавор лічыцца прадоўжаным на аналагічны тэрмін на ўмовах прымянення працэнтнай стаўкі, якая ўстаноўлена на дату перазаключэння. Працэнтная стаўка па ўкладу на сённяшні дзень (26 лютага) фіксаваная і складае 40% гадавых.
Універсальны ўклад – “Зберагальны” – прымаецца на тры гады. Пасля трох месяцаў захоўвання можна ажыццяўляць расходныя аперацыі ў любой суме. Стаўка, з улікам заахвочвальнага даходу, складае 40% гадавых.
Мінімальная сума першага і другога ўкладу – 100 тысяч беларускіх рублёў.
Кліентам, якія гатовы размясціць свае грашовыя сродкі на больш працяглы тэрмін і, адпаведна, атрымаць максімальны даход, я б парэкамендавала высокадаходны тэрміновы банкаўскі ўклад “Класік плюс”. Яго вы можаце адкрыць пры мінімальнай суме ў 500 тысяч беларускіх рублёў на 18 месяцаў без права ажыццяўлення расходных аперацый. З улікам прэміяльных даходаў стаўка даходзіць да 43,8% гадавых.
Сярод укладаў у замежнай валюце найбольш распаўсюджаны “Ваш выбар” (у расійскіх рублях, еўра і доларах). Уклад прымаецца на 3 гады. Пасля трох месяцаў захоўвання могуць ажыццяўляцца любыя аперацыі. Працэнтная стаўка залежыць ад сумы, якая ўкладваецца.
– Напрыклад, я маю на руках 10 мільёнаў беларускіх рублёў. Які ўклад вы мне параіце, каб сума павялічылася?
– Калі ў наяўнасці ёсць беларускія рублі, то выгадна размясціць іх ва ўклад у беларускіх рублях, не разменьваючы.
Возьмем, да прыкладу, уклад “Зберагальны”. За год, з улікам 40-працэнтнай стаўкі, ваш дадатковы даход складзе 4 мільёны рублёў, за месяц – 333 тысячы беларускіх рублёў.
З улікам курса продажу (1 долар – 8630 бел. рублёў) атрымліваецца, што 10 мільёнаў рублёў – гэта 1159 долараў. Працэнтная стаўка аднаго з папулярных валютных укладаў складае 4,5%. Адпаведна, ваш прыбытак за год складзе 52 долары, за месяц – прыблізна 4,4 долара ці 38 тысяч беларускіх рублёў.
Параўноўваючы прыбытак, відавочна, што па ўкладу ў беларускіх рублях ён амаль у 9 разоў большы, чым па ўкладу ў валюце.
– Скажыце, калі ласка, ці рэалізуе “Беларусбанк” продаж каштоўных металаў насельніцтву? Ці карыстаецца попытам такая прапанова?
– Так, мы рэалізуем насельніцтву залатыя мерныя зліткі масай у 1, 5, 10, 20 грамаў.
Гэта прапанова карыстаецца попытам. Часцей за ўсё набываюць зліткі меншай масы ў падарунак блізкім ці ў якасці сувеніра на хрысціны дзіцяці. Здараецца, што набываюць некалькі зліткаў масай па 20 грамаў – гэта ўжо, відавочна, для захоўвання і прымнажэння даходаў.
– Магчыма, менавіта ў каштоўныя металы – золата, срэбра – і трэба ўкладваць грашовыя сродкі?
– Плюсам укладу грашовых сродкаў у золата з’яўляецца тое, што вы можаце яго падарыць, пакінуць у якасці залогу ці перадаць у спадчыну.
Варта разумець, што зарабіць на інвестыцыях у золата рэальна толькі ў доўгатэрміновай перспектыве. Калі параўнаць даходнасць, напрыклад, паўгадавога ўкладу ў золата і адкрыцця дэпазіту ў беларускіх рублях за аналагічны перыяд, то стане відавочна, што паўгода і нават год – вельмі кароткі тэрмін, каб разлічваць на прыбытак.
Калі вы захочаце абмяняць залаты мерны злітак на грошы – вам давядзецца ехаць у Мінск ці абласны цэнтр. А грошы з укладу вы можаце зняць у любым аддзяленні “Беларусбанка” – зручна і выгадна.
– Дзякуй за размову!


------------------------------------
Гутарыла Алена ГАНУЛІЧ.


Фота з сайта gr.dy.


em