Неделя postfactum: ярмарка – двигатель торговли?

10:40 / 18.10.2012

Разважанні з нагоды законаў попыту і прапановы, якія навеяў восеньскі кірмаш, у чарговым аглядзе падзей мінулага тыдня.


Як і было заяўлена арганізатарамі, гандаль прадуктамі на традыцыйным восеньскім кірмашы, які разгарнуўся ў мінулую суботу ў гарадской лесапаркавай зоне, пачаўся каля 8-мі гадзін раніцы.
Кузавы грузавых аўтамабіляў сельгаспрадпрыемстваў Астравеччыны – і не толькі – спусташаліся пакупнікамі так актыўна, што да паловы дзясятай раніцы, калі на кірмаш сталі падцягвацца тыя з гараджан, хто вырашыў спалучыць нарыхтоўку сельгаспрадукцыі з лішняй гадзінай суботняга сну – у гэтых кузавах засталіся, фактычна, толькі рэшткі. Гэта лішні раз пацвярджае, што попыт як на сельгаспрадукцыю, так і на падобныя мерапрыемствы ў Астраўцы ёсць. А прапанова?
Тым, хто па той ці іншай прычыне на кірмаш не паспеў, каб набыць мех другі бульбы на зіму, цяпер прыйдзецца альбо набываць яе ў магазіне па рыначнай цане, альбо гартаць раздзел аб’яў “Астравецкай праўды”, ці разведваць дзе і ў які час гандлююць гароднінай у Астраўцы сельгаскааператывы. Праўда, выбар будзе ўжо зусім не той, што на кірмашы ды і цэны, па ўсім відаць, таксама.
А можа настала пара прыгледзецца да вопыту буйных гарадоў, дзе гандаль сельгаспрадукцыяй не абмяжоўваецца адным днём, а працягваецца ледзь не да снежаньскіх маразоў? Астравец, канешне, не сталіца, нават не абласны цэнтр, і ўсё ж горад расце, развіваецца.
Імкліва павялічваецца колькасць насельніцтва. Няхай, пакуль, і за кошт камандзірованных! Яны таксама людзі, і ім таксама харчавацца трэба.
Канешне, кірмаш – справа клопатная. Прынамсі, у тым выглядзе, які ён мае сёння – з песнямі, гульнямі, конкурсамі падворкаў…
Ды і для сельгаскааператываў машына ці дзве, прададзенай на кірмашы бульбы ці морквы, пры іх аб’ёмах вытворчасці, што называецца, “надвор’я” не зробіць. Больш марокі і галаўнога болю, чым эканамічнай выгады.
А вось для прыватных падворкаў гэта магло б стаць не слабым бізнесам. Аднак, чамусьці, не становіцца. Не спяшаецца прыватны астравецкі вытворца сельгаспрадукцыі заняць перспектыўны мясцовы рынак. Саступае яго без бою.
На кірмашы, што прайшоў, як, дарэчы, і ўвогуле на астравецкім рынку, гаспадароў з вёскі з прадуктамі з уласнага падворка, вырашчаных на арганіцы, без “хіміі”, можна падлічыць, скарыстаўшыся пальцамі адной рукі.
І гэта пры тым, што попыт на прадукцыю з сельскіх падворкаў проста шалёны. А праблемы з продажам бульбы, яблыкаў і іншай садавіны і гародніны, якія багата сёлета ўрадзілі – тэма нумар адзін на вёсцы! Пра тое, седзячы на прызбе ці, у літаральным сэнсе, на мяхах з бульбай, бурчыць ці не кожны сельскі гаспадар.
А прадаўцы на гарадскім рынку, тым часам, падтрымліваюць якога заўгодна вытворцу – польскага, нямецкага, кітайскага – але толькі не свайго, астравецкага.
За яго гонар змагаюцца толькі нешматлікія бабулькі з пучкамі зяленіва і радыскі ды яблыкамі ў талерачках.
Добра, што хоць гэта ёсць. Але спажывец патрабуе значна большага асартыменту прадукцыі. Тым больш у раёне, аснову якога складае сельскагаспадарчая вытворчасць, думаецца, за мілую душу пайшлі б яйкі, салёнае сала, агуркі…
Дзіўная сітуацыя атрымліваецца – ёсць што прадаць, ёсць каму купіць. А гандлю, па вялікім рахунку, няма.
Атрымліваецца, вырасціць умеем, а прадаць – не?
Прывыклі здаваць. Ды каб проста на падворку. Ды каб усё і адразу ў машыну пакупніка. Ды па справядлівай цане.
Калі на такіх умовах не выходзіць – крыўдзімся на ўвесь белы свет. Як не крыўдзіцца – столькі працы пакладзена, столькі поту выліта і аддай за бясцэнак?
А ўсё таму, што перакупшчык той таксама лічыць умее. Яму сваю выгаду атрымаць трэба. Не атрымае – “залезе ў бот”.
Таму, каб не быць пакрыўджаным і абманутым, – гандляваць прыйдзецца вучыцца.
Час, калі тую ж бульбу насыпам, добрую з гнілой уперамешку, вялікую з малой без разбору “паглыналі” Масква з Ленінградам прайшоў і ніколі не вернецца.
Наступіў час рынку. А ён патрабуе ініцыятывы і дзеяння.


---------------------------
Эдуард СВІРЫД