Островецкое предприятие общественного питания продолжает удивлять

08:30 / 14.09.2012

Апетытныя гарачыя булачкі, смачны хлеб, здобныя пляцёнкі, вэнджаная і салёная рыба, катлеты, шашлыкі, гарчыца… – гэта толькі невялікі пералік тавараў, якія выпускае аддзел грамадскага харчавання Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства.


Сёння аддзел грамадскага харчавання аб’ядноўвае пад адным дахам некалькі міні-прадпрыемстваў, у якіх плённа працуюць 80 чалавек.
Самае “салодкае” з гэтых міні-прадпрыемстваў – кандытарскі цэх. Пірожнымі, тортамі, пірагамі і хлебабулачнымі вырабамі кандытары забяспечваюць усе раённыя магазіны. А самы вялікі асартымент прадстаўлены ў “Кулінарыі”, якая размясцілася побач. Ёсць у смакаты, якую выпускае аддзел грамадскага харчавання, пастаянныя кліенты – і свежае печыва расходзіцца вельмі хутка. Аб гэтым сведчыць і статыстыка – кандытарскіх тавараў ужо сёлета было прададзена на 359,2 мільёна рублёў.
Але ў пакупнікоў ёсць магчымасць не толькі набыць тое, што прадстаўлена ў магазінах, але і зрабіць індывідуальны заказ. У кандытарскім цэху працуюць універсалы, якія ўмеюць усё. Адна з такіх – кандытар Валянціна Сазонік. Праз яе ўмелыя рукі “праходзяць” усе аперацыі – яна і цеста замесіць, і выпечку аформіць.
Тое, што кааператары працуюць творча і плённа, пацвярджаюць і шматлікія ўзнагароды за перамогі ў конкурсах і аглядах. Вось і сёлета ў абласным конкурсе кандытараў першае месца заваявала Святлана Іосіфаўна Дрэма.
Карыстаецца папулярнасцю ў пакупнікоў і прадукцыя кулінарнага цэха. У ім вырабляюць смачныя беляшы і піцы, хот-догі і піражкі, мучныя і кулінарныя вырабы. Каб усё гэта свежым і цёплым трапіла ў магазіны раёна і Астраўца, работа ў цэху закіпае апоўначы – і ўжо ў 7 гадзін раніцы прадукцыя гатова да адгрузкі. Вялікая заслуга ў такой аператыўнасці повара Галіны Васільеўны Юркойць. Яна заўсёды з жаданнем і радасцю ідзе на работу і дзеліцца сваімі ўменнямі і вопытам з маладымі спецыялістамі. Тут жа гатуюць і цеста для любімых многімі астраўчанамі круасанаў і булачак з джэмам, макам і карыцай, якія выпякаюцца ва ўніверсаме “Гермес”.
Вялікую долю ў вытворчасці прадукцыі аддзела грамадскага харчавання займае перапрацоўка рыбы – вэнджаная скумбрыя, салака, гарбуша, салёны селядзец... Ад пахаў – цякуць слінкі. Толькі за 7 месяцаў бягучага года рыбны цэх перапрацаваў 11,6 тон сыравіны. Гэтай прадукцыяй таксама забяспечваюцца ўсе магазіны раёна. А частка накіроўваецца за межы раёна і нават вобласці – астравецкая рыба карыстаецца вялікім попытам, асабліва восенню і зімой.
Працуе пры аддзеле грамадскага харчавання і мясны цэх. Тут займаюцца раздзелкай мяса, якое закупляецца ў раённых сельскагаспадарчых кааператывах, і падрыхтоўкай паўфабрыкатаў, якія затым выкарыстоўваюцца ў кафэ і рэстаранах. І не толькі. У той жа “Кулінарыі” можна набыць свежыя, толькі што вырабленыя паўфабрыкаты, ахалоджаныя мясныя прадукты, фарш. 26,2 тоны паўфабрыкатнай прадукцыі вырабілі і рэалізавалі за 7 месяцаў астравецкія кааператары.
А самым любімым мясным прысмакам астраўчан з’яўляюцца рулеты. Са свініны, ялавічыны і курыцы – смачныя, як хатнія прысмакі, зробленыя рукамі маці.
Асобная галіна аддзела грамадскага харчавання – гэта прадпрыемствы: рэстаран “Вясёлка”, кафэ “Беларусь”, “Ветразь”, “Світанак”, бар “Беларускі куток”, кафетэрыі, размешчаныя ў магазінах і буфеты. Што-што, а элегантна сервіраваць стол, падрыхтаваць смачныя стравы і прыгожа іх падаць у рэстаране “Вясёлка” ўмеюць! Афіцыянты Дзмітрый Ліпскі – дарэчы, прызёр рэспубліканскага конкурсу, Святлана Грынчук, Ірына Скурко лёгка знаходзяць агульную мову з наведвальнікамі. Вялікім вопытам работы і багатай фантазіяй пры распрацоўцы і падрыхтоўцы страў вызначаюцца повары Ганна Навіцкая і Ірына Станіславаўна Шэміс. Увогуле, у рэстаране робяць усё, каб задаволіць запыты сваіх кліентаў. Цяпер ён нават працуе з васьмі гадзін раніцы.
Ёсць свае кліенты ў кафэ “Ветразь”, якое сёлета адкрылася ў Варнянах, і ў кафэ “Світанак” у Кямелішках. Любяць астраўчане набываць гарачыя хлебабулачныя і кулінарныя вырабы ў кафетэрыях магазінаў “Гермес”, “Цэнтральны” і кафетэрыі “Кірмаш”. Моладзь бавіць час у бары “Беларускі куток”. Буфеты аддзела грамадскага харчавання працуюць у астравецкай лазні і бальніцы.
У хуткім часе адкрыецца кафэ “Лаванда” ў пасёлку “Гудагай” – ёсць упэўненасць, што яно таксама не будзе пуставаць. А потым прыйдзе чарга кафэ “Беларусь”, якое будзе рэканструявана і мадэрнізавана. Ёсць планы ў кіраўніцтва Астравецкага філіяла Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства і па рэканструкцыі кулінарнага цэха – у будучым у ім з’явіцца новае сучаснае абсталяванне.
А з будаўніцтвам у Астравецкім раёне першай Беларускай АЭС у адддзела грамадскага харчавання ўвогуле адкрываюцца вялікія перспектывы. Ужо сёння ў сталоўцы, што працуе на пляцоўцы будаўніцтва АЭС, можна не толькі “ўзяць” комплексны абед, але і выбраць у буфеце тыя стравы, якія прыйдуцца даспадобы.
А ў цэлым, перспектывы ў аддзела грамадскага харчавання – радасныя і светлыя. Інакш і быць не можа ў людзей, якія прысвяцілі любімай рабоце і справе ўсё сваё жыццё.


--------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота А. ПАМЕЦЬКІ.