Семінар для будучых прадпрымальнікаў прайшоў у Астраўцы

09:25 / 15.11.2011

На распаўсюджанае пытанне наконт будучай прафесіі падлеткі часам адказваюць, што хочуць стаць бізнесменамі, прадпрымальнікамі ці дырэктарамі фірмы. А вось што для гэтага трэба, большасць не ведае. Для такіх зацікаўленых вучняў старэйшых класаў і моладзі Астравецкага раёна па ініцыятыве РК БРСМ аддзел эканомікі райвыканкама правёў семінар па навучанні навыкам прадпрымальніцкай дзейнасці.


Падчас семінара перад старшакласнікамі выступілі намеснік старшыні райвыканкама У.С. Ластоўскі і начальнік аддзела эканомікі А.В. Зорка. Яны падрабязна расказалі, як можна стаць прадпрымальнікам, што для гэтага трэба рабіць і куды звяртацца. А вось намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці В.С. Субаткевіч паведаміла, якую дапамогу можа аказаць дзяржава пачынаючым прадпрымальнікам.
Падзяліліся сваім вопытам з падрастаючым пакаленнем і непасрэдна самі прадпрымальнікі – Т.В. Шырынская, А.Ч. Чарняўская і Ч.С. Лабачэўскі. Іх эмацыянальныя, цікавыя выступленні пра сваю дзейнасць нікога не пакінулі раўнадушнымі.
У выніку рабяты атрымалі максімум інфармацыі. І хто ведае, можа, у той дзень з кінаканцэртнай залы “Астравец” выйшлі будучыя прадпрымальнікі.


Марына МАЦКЕВІЧ.