Вынікі маніторынгу: грошы ёсць – тавараў няма...

12:27 / 29.09.2011

Камітэт дзяржаўнага кантролю па Гродзенскай вобласці правёў маніторынг сітуацыі на спажывецкім рынку вобласці, які паказаў, што праўленнем аблспажыўсаюза прымаюцца недастатковыя меры па арганізацыі бесперабойнага гандлю таварамі першай неабходнасці. Замест пабудовы эфектыўнай сістэмы кіравання таварнымі рэсурсамі па аблспажыўсаюзу ў цэлым, праводзяцца кропкавыя мерапрыемствы па ўхіленню асобных недахопаў, што выяўляюцца Камітэтам дзяржкантролю. У выніку недахопы і парушэнні ў гандлёвай сетцы спажыўкааперацыі прымаюць устойлівы характар.


У ходзе маніторынгу гандлёвай сеткі Слонімскага раёна ў 8 з 10 абследаваных магазінаў устаноўлены перабоі ў гандлі таварамі, прадугледжанымі асартыментным пералікам. У 4 магазінах у продажы адсутнічаў цукар з-за несвоечасовага завозу яго са складоў.
У магазіне “Прадукты” в. Сенькаўшчына прадаўцы схавалі 10 кілаграмаў цукру ад пакупнікоў у падсобным памяшканні, у продажы цукар адсутнічаў. Не было кавы, соды, манных круп, проса, яек, салёнай, вострай і вэнджанай рыбы, вэнджаных каўбасных вырабаў.
У магазіне ТПП в. Кастровічы ў продажы адсутнічалі кефір, марожанае, ніжняя бялізна, жаночыя калготкі, пракладкі гігіенічныя, насоўкі, зубныя шчоткі, агульныя і вучнёўскія сшыткі і для малявання, станкі для галення, кубкі, каструлі, чысцячыя сродкі, вёдры, тазы.
Перабоі з таварамі былі ўстаноўлены таксама ў 9 магазінах Гродзенскага райспажыўтаварыства. У магазіне ТПП в. Навасёлкі ў продажы адсутнічаў хлеб, булачныя і здобныя вырабы, тварог і тварожныя вырабы, смятана, сыры сычужныя, пельмені, маргарын, рыба, ірыс, зефір, кава, сухія малочныя сумесі, лямпачкі напальвання, вёдры металічныя.
З 11 абследаваных за 5 дзён магазінаў Шчучынскага райспажыўтаварыства ў 7 устаноўлены факты адсутнасці ў продажы тавараў, прадугледжаных асартыментнымі пералікамі. З трох прадуктовых магазінаў Шчучынскага райспажыўтаварыства ў г.п. Астрыно ў двух (“Прадукты” і “ТПП”) на момант праверкі ў продажы адсутнічалі каўбасныя вырабы. Пры гэтым у магазіне “ТПП” 15 пакупнікоў, у асноўным пажылога ўзросту, чакалі іх завозу і скардзіліся на нездавальняючае забеспячэнне магазінаў таварамі. У магазіне “Прадукты” не было яек, свежых агуркоў, лімоннай кіслаты, а мяса свініны і ялавічыны адсутнічала ў продажы ўжо 7 дзён.
Адзначаны перабоі і ў гандлі нехарчовымі таварамі. У магазіне “Прамтавары” в. Каменка не было 32 назваў тавараў, прадугледжаных пералікам, у тым ліку халадзільнікаў, маразільнікаў, пыласосаў, мясарубак, лыжак, вілак, нажніц, замкоў навясных, шчотак для падмятання, шуфлікаў, люстэркаў, шпілек, крэмаў для галення і іншых тавараў. У магазіне “Гаставары” г.п. Астрыно адсутнічала 21 найменне тавараў – паліто і курткі, сукенкі, блузкі, спадніцы, сталовыя сервізы, шклянкі і інш.
Вінаватыя асобы, якія дапусцілі парушэнні, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Згодна з прадастаўленай райспажыўтаварыствамі інфармацыяй адсутны асартымент тавараў у магазінах быў папоўнены.


Камітэт дзяржкантролю па Гродзенскай вобласці.