Ураджай-2010 – актуальнае інтэрв'ю

14:52 / 27.08.2010

Уборка збожжавых і зернебабовых у раёне практычна завершана – па стану на 27 жніўня ўбрана 15583 гектараў, што складае 98 працэнтаў плошчаў. На палях засталіся толькі культуры позніх тэрмінаў выспявання – проса, грэчка, у некаторых гаспадарках – зернебабовыя. Надыходзіць тая самая восень, калі, згодна з народнай прымаўкай, можна пачынаць “лічыць куранят” і падбіваць “бабкі”, падводзіць вынікі дасягнутага і аналізаваць прычыны ўпушчанага.


Падвесці вынікі ўборачнай кампаніі мы папрасілі намесніка начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання па раслінаводству Міхаіла Мечыслававіча Шлыковіча.

— Сёння настрой у хлебаробаў раёна не самы лепшы, і гэтаму ёсць свае прычыны. Прыемна падводзіць вынікі, калі ўраджай атрыманы добры, калі ёсць чаму парадавацца і ёсць чым пахваліцца. А ў гэтым годзе намі дапушчаны значны недабор ураджаю ў параўнанні з папярэднім годам. Валавы збор збожжа у цэлым па раёну складзе, па папярэдніх падліках, каля 50 тысяч тон – а ў мінулым годзе ён быў 75 тысяч. Недабор ураджаю адбыўся ва ўсіх без выключэння гаспадарках – дзе большы, дзе меншы. Найбольш наблізіліся да мінулагодніх вынікаў хлебаробы СВК “Гудагай” – у іх недабор ураджаю складае менш тысячы тон. У астатніх ён складае ад двух да чатырох тысяч тон. Так што нагоды для радасці няма. Але прычыны такога становішча прааналізаваць трэба, каб не дапусціць падобных памылак у будучым.
Канешне, асноўным фактарам недабору ўраджаю стала анамальнае надвор’е гэтага года. Досыць важна погода. Але спісваць усё толькі на неба было б няправільным. Інтэнсіўная тэхналогія вырошчвання збожжавых культур патрабуе строгага выканання ўсіх яе складаемых: якаснага пасяўнога матэрыялу, захавання асноўных прыёмаў апрацоўкі глебы, тэрмінаў сяўбы, правільнага і своечасовага прымянення сродкаў аховы раслін, збалансаванага ўнясення мінеральных угнаенняў. І калі хоць адзін з гэтых элементаў будзе ўпушчаны ці выкананы недакладна, недабор ураджаю непазбежны. А ў нас у перыяд вырошчвання сёлетняга ўраджаю такія збоі здараліся, і неаднойчы.
Прычыны гэтаму былі аб’ектыўныя. Тое, што зіма пачалася з моцным маразоў, якія ўпалі на непрыкрытую снегам зямлю, прывяло да значнай гібелі азімых. Рапс вымерз практычна поўнасцю – 1171 гектар. Загінула 630 гектараў азімага трыцікале, 223 – жыта, 131 – пшаніцы, 39 гектараў – азімага ячменю. Усе гэтыя плошчы вясной трэба было перасеяць – па вялікаму рахунку, нават большыя, але некаторыя ўчасткі, менш пашкоджаныя, мы спадзяваліся “выцягнуць” за кошт дадатковых падкормак і больш інтэнсіўнага догляду, бо перасеяць усё не хапала ні часу, ні сродкаў. Выцягнуць-то выцягнулі, але належнага ўраджаю, канешне ж, не атрымалі. Азімыя, якія ў лепшыя гады становяцца асноўным “лакаматывам” валавога збору ўраджаю, сёлета значна слабейшыя за яравых. Азімая пшаніца, да прыкладу, дала ў сярэднім па раёну 33 цэнтнеры з гектара, трыцікале – 29,6, жыта — 27,8 цэнтнера. Для параўнання: яравая пшаніца – 36,8 цэнтнера, ячмень – 33,7, столькі ж і авёс.
Але і яравыя не далі таго ўраджаю, на якія мы маглі б разлічваць. Усё па той жа прычыне: з-за парушэння неабходных умоў інтэнсіўнай тэхналогіі. Веснавая пасяўная сёлета праходзіла ў вельмі складных умовах. Пачалася яна амаль на тыдзень пазней, чым у 2009 годзе: масавую сяўбу мы пачалі 10 красавіка, а пазалетась – чацвёртага. Да таго ж, як я ўжо казаў, давялося перасяваць больш як тысячу гектараў загінуўшых азімых. У выніку тэрміны апрацоўкі глебы і сяўбы не заўсёды і не ўсюды вытрымліваліся – адсюль і недабор ураджаю, які можна сказаць, быў запраграмаваны з вясны ці нават з мінулай восені.
Сваё цяжкае слова сказала і спякотнае лета. Гарачыня ўдарыла па пасевах якраз у перыяд наліву зерня, і яно з-за недахопу вільгаці атрымалася шчуплым, легкаважным. У гэтым годзе вага тысячы зярнят працэнтаў на дваццаць меншая, чым павінна быць у норме. Калі гаварыць канкрэтна, то маса тысячы зярнят ячменю, да прыкладу, у норме павінна складаць 38-44 грамы, а ў нас яна сёлета была 28,5 грама. Тое ж і з іншымі культурамі. Масавую ўборку збожжавых у гэтым годзе мы пачалі 18 ліпеня, а ў мінулым годзе – толькі 28. Вось і лічыце: на тыдзень пазней пасеялі, на дзесяць дзён раней давялося распачынаць уборку…
У выніку ўсіх гэтых аб’ектыўных і суб’ектыўных фактараў атрымалі тое, што атрымалі. У гаспадарках, дзе гэтыя недахопы былі не так выражаны – СВК “Гудагай” і “Гервяты”. “Міхалішкі” — і ўраджай атрымалі лепшы. Хоць, паўтаруся, недабор яго паўсюдна, і даволі значны.
Што парадавала ў бягучым годзе, дык гэта кукуруза: для паўднёвай “каралевы” сёлетняя гарачыня – самае спрыяльнае надвор’е. Засеяна кукурузай у нас сёлета 4195 гектараў, цяпер ідзе даспяванне, і мяркуецца, што прыкладна тысячу гектараў – канкрэтна сказаць цяжка, будзем глядзець позняй восенню – мы зможам убраць на зерне.
Але як бы там ні было, сёлетні ўраджай сабраны і засыпаны ў засекі. Цяпер настаў час думаць пра будучы: надышлі аптымальныя тэрміны азімай сяўбы. Сяўба азімага рапсу ўжо ідзе поўным ходам, плошчы пад ім павялічваюцца да 2600 гектараў – у гэтым годзе было 1800. З 25 жніўня наступілі аптымальныя тэрміны сяўбы азімых збожжавых культур. У гэтым годзе іх трэба пасеяць 9220 гектараў, у тым ліку 3170 – пшаніцы, 4130 – трыцікале, 1920 – жыта. Усё неабходнае для паспяховага правядзення сяўбы з захаваннем усіх элементаў інтэнсіўнай тэхналогіі ў гаспадарках ёсць. Насеннем мы забяспечаны высакаякасным, заказана неабходная колькасць эліты. Азотныя і калійныя ўгнаенні пад будучую сяўбу таксама назапашаны ў неабходнай колькасці. Фосфарных пакуль 78 працэнтаў. Але ёсць дамоўленасць аб папаўненні недастаючай колькасці. Пакуль не поўнасцю забяспечаны хімічнымі прэпаратамі для пратручвання насення і аховы раслін, але справа гэтая таксама папраўляецца. Цяпер вядзецца ўнясенне гліфасатутрымліваючых прэпаратаў супраць злакавага пустазелля – імі ў гэтым годзе будзе апрацавана 11 тысяч гектараў.
Так што ў гэтым годзе ў нас ёсць усе магчымасці, каб не дапусціць промахаў мінулай сяўбы і, адпаведна, стварыць лепшы задзел для будучага ўраджаю.
Вядома, калі Усявышні нам дапаможа з надвор’ем…

Ніна АЛЯКСЕЕВА.