Якасць. Хуткасць. Прадукцыйнасць.

08:43 / 07.08.2010
2

Ёсць прафесіі высакародныя – і вельмі высакародныя. Будаўнікі, на маю думку, адносяцца да другіх. У любое надвор’е – і ў дождж, і ў трыццаціградусную спёку – яны цаглінка да цаглінкі ўзводзяць новыя дамы, дзе будуць жыць людзі, гадаваць дзяцей, ствараць утульнасць і цяпло, прымаць гасцей і адзначаць святы.
Напярэдадні Дня будаўнікоў, які будзе адзначацца заўтра, мы завіталі ў адзіную ў нашым раёне будаўнічую арганізацыю “Астравецкая МПМК-158”, каб пагутарыць з яе кіраўніком. Але застаць на месцы Аляксандра Міхайлавіча Ляха не так проста – усе пытанні ён вырашае не са свайго кабінета, а непасрэдна на аб’ектах. Толькі з другой спробы ўдалося адцягнуць яго ад спраў і выклікаць на паўгадзінную гутарку.


– Аляксандр Міхайлавіч, раскажыце пра ваш шлях да прафесіі. Чаму выбралі менавіта будаўнічую галіну?
– Скончыў Брэсцкі інжынерна-будаўнічы інстытут у 1990 годзе. Па спецыяльнасці я інжынер-будаўнік. Пасля заканчэння інстытута адпрацаваў 17 гадоў у СВК “Гервяты” прарабам. У 2007 годзе быў прызначаны начальнікам МПМК-158. Чаму будаўніцтва? Гэта атрымалася неяк спантанна. Ехалі з сябрамі паступаць, адзін сказаў: “Можа, пойдзем ў будаўнікі?”. Усім астатнім спадабалася гэтая ідэя.
– Якія аргументы можаце прывесці на карысць гэтай прафесіі?
– Прыемна ўсведамляць, што ты пабудаваў дом, дзе жывуць і радуюцца людзі. Ды і сама работа цікавая, кожны дзень прыносіць нешта новае, а вынікі тваёй працы бачны штодзённа.
– Памятаеце, як зарабілі свой першы рубель?
– Калі быў школьнікам, то ўсе летнія канікулы працаваў ў калгасе: камбайнерам дапамагаў, сена ўбіраў. А першыя сур’ёзныя грошы зарабіў падчас вучобы ў інстытуце: летам 1986 года з аднакурснікамі паехалі ў будаўнічы атрад, узводзілі жывёлагадоўчы комплекс. Нам плацілі па 1000 рублёў – гэта на той час былі немалыя грошы. Потым ужо кожнае лета працавалі ў такіх атрадах.
– Што ўяўляе сабой працоўны дзень дырэктара будаўнічай арганізацыі?
– Кожны дзень – новыя справы і клопаты. Адно скажу: у кабінеце мяне застаць не так лёгка. Сёння вам пашчасціла мяне “злавіць” на месцы. Хаця я ўжо і на два аб’ёкты з’ездзіў, і ў кар’ер, яшчэ ў лясгас трэба. У раён часта выязджаю. І ўсё бягом і бягом. Вельмі мітуслівая работа, і тэлефон не змаўкае (сапраўды, за паўгадзіны нашай размовы тэлефон у Аляксандра Міхайлавіча званіў праз кожныя пяць хвілін).
– Раскажыце пра вашу арганізацыю.
– Асноўным відам дзейнасці нашага прадпрыемства з’яўляецца будаўніцтва. Ёсць тры падсобныя цэхі: сталярны, растворабетонны вузел, лесапільная вытворчасць, дзе працуюць 18 чалавек. А ўвогуле ў нашай арганізацыі працуе 320 работнікаў – колькасць іх павялічылася за апошнія тры гады ўтрая.
– Якім быў для вас мінулы год і што паспелі зрабіць за першую палову бягучага?
– У 2009 годзе арганізацыя значна палепшыла сваё фінансавае становішча за кошт павелічэння сярэдняспісавай колькасці працуючых і росту прадукцыйнасці працы. За мінулы год мы пабудавалі 79 кватэр, у тым ліку 19 у вёсцы. У гэтым годзе перад намі стаіць задача пабудаваць 90 кватэр, у тым ліку 30 дамоў на вёсцы. За першую палову бягучага года зроблена нямала: увялі ў эксплуатацыю збожжасушыльны комплекс у Рытані, чатыры жылыя дамы ў Палушах, дзесяць дамоў – у Вароне, пяць – у Страчанцы і два – у Міхалішках.
На сённяшні дзень заканчваецца будаўніцтва кааператыўнага 40-кватэрнага дома па вуліцы Валадарскага, заліты фундамент 20-кватэрнага дома па той жа вуліцы, тым больш што зараз карыстаецца папулярнасцю паслуга посуточная аренда квартир. Акрамя таго, вядзецца будаўніцтва пяці жылых дамоў у СВК “Міхалішкі”, пяці – у СВК “Гервяты”, малочна-таварных ферм у Рымдзюнах і Малях, рэканструкцыя СКПП “Міхалішкі”, “Варняны”, ФАПа ў Рымдзюнах і сельскага Дома культуры ў Варнянах. Працуем мы і з Мінскай вобласцю, “Гроднааблсельбуд” выйграў тэндэр на будаўніцтва РАУС у горадзе Чэрвень Мінскай вобласці, якім было даручана заняцца нашай арганізацыі.
За першае паўгоддзе бягучага года ўласнымі сіламі ў дзеючых цэнах аб’ём работ выкананы на суму 7 586 мільёнаў рублёў, што складае 113,9 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Арганізацыя атрымала за гэтыя шэсць месяцаў 758 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. Годна аплачваецца праца работнікаў прадпрыемства: сярэдняя зарплата складае 1 365 тысяч рублёў пры плане 1 294 тысяч. Лічбы гавораць самі за сябе. Сёння людзі ўжо не ўцякаюць з нашай арганізацыі, як некалі, у пошуках “даўжэйшага” рубля! Наадварот: колішнія “шабашнікі”, што працавалі ў Расіі, цяпер вяртаюцца назад
Але, як кажуць, не працай адзінай – умеем мы і адпачываць. Вось нядаўна вярнуліся з турзлёту, які праводзіўся Гроднааблсельбудам, дзе занялі годнае пятае месца і прывезлі кубак.
– Як працуеце ў Год якасці?
– Стараемся працаваць хутка і якасна, улічваем пажаданні і заўвагі людзей. Калі ёсць недахопы, то ўхіляем іх. Канешне, немагчыма прымусіць усіх працаваць аднолькава добра, але важна, што ёсць на каго раўняцца. Прарабы М.М. Бандарэнка і Я.В. Рогач, брыгада тынкоўшчыкаў Л. Рыбак – людзі, якія працуюць без нараканняў і зыходзяць з трох важных для будаўнікоў прынцыпаў: якасць, хуткасць, прадукцыйнасць.
– Якія ў вас далейшыя планы? Колькі чалавек могуць спадзявацца на новае жыллё?
– На 2011 год мы ўжо намецілі пабудаваць 30 аднакватэрных дамоў у вёсцы, а таксама 69-кватэрны і 50-кватэрны жылыя дамы ў першым мікрараёне Астраўца – гэта ў раёне Бялькішак. Але поўная праграма яшчэ будзе распрацоўвацца.
– З чаго, акрамя работы, складаецца ваша жыццё? Чым захапляецеся?
– Час, які застаецца, стараюся прысвяціць сям’і – жонцы і дзецям. Старэйшы сын скончыў Акадэмію МУС і працуе ў Мінску, сярэдні вучыцца на другім курсе інстытута МНС, а дачка ходзіць у шосты клас – з ёй трэба і ўрокі зрабіць, і пагуляць.
Люблю спорт: гуляю ў футбол, валейбол, узімку катаюся на горных лыжах – так-так, і ў нас ёсць горы! У далёкія краіны ніколі не ездзіў, ды і жадання асаблівага няма. Прыгожых мясцін і ў нас хапае, мару ўзяць палатку і паехаць на Ашмянку на дні тры.
– І што ж лягчэй: пабудаваць дом ці выгадаваць сына?
– Пабудаваць дом (смяецца). За будаўніцтвам дамоў няма часу займацца дзецьмі. Сям’ю бачу мімаходзь. У 6.30 раніцы ўжо трэба быць на рабоце, дамоў вяртаюся позна. Вось і вырастаюць дзеці неяк непрыметна, самі па сабе.
– Як будзеце адзначаць свята? Што б хацелі пажадаць работнікам прадпрыемства?
– Напярэдадні свята пройдзе ўрачысты сход, дзе будуць адзначаны лепшыя работнікі. Граматы атрымаюць муляры Д.І. Міхайлоўскі і Р.М. Жаўнерык, цясляр Д.А. Кулікоўскі, электразваршчык Ф.Л. Гадунко і іншыя.
Арганізацыі жадаю працвітання, добрых заказаў. А работнікам – здароўя і берагчы сябе. А таксама згуртаванасці ў калектыве – разам можна пераадолець любыя цяжкасці.
– Дзякуй за гутарку!



Вольга ШОЎКУН.