Сядзіба Ярмакоў з Міхалішак

15:25 / 23.07.2010

Найперш пазбавіліся печак. Крок гэты быў вымушаным. Калі прачынаешся раніцай, а слупок тэрмометра не падымаецца вышэй дванаццаці градусаў, аб цеплавой рэінавацыі дома задумаешся міжволі.
На сямейным савеце было прынята рашэнне аб уладкаванні ў доме паравога ацяплення. Вывучыўшы прапановы ў інтэрнэце і рэкламных аб’явах, Уладзімір Віктаравіч спыніўся на мадэлі катла ацяплення амаль мясцовай, Ашмянскай вытворчасці — і ні разу аб тым не пашкадаваў. Хоць вертыкальная загрузка паліва, характэрная для дадзенай мадэлі, і прыносіць пэўныя нязручнасці ў выглядзе дыму і попелу, але недахоп канструкцыі кампенсіруецца даволі высокім каэфіцыентам карыснага дзеяння агрэгата і вялікім прамежкам часу ад папярэдняй загрузкі паліва да наступнай.
На ўстаноўцы паравога ацяплення гаспадары не спыніліся. Параіўшыся са спецыялістамі, вырашылі ўладкаваць у доме яшчэ і цёплую падлогу. Не ўсюды, канешне, толькі ў пярэднім пакоі. Канструкцыя яе, на вока, даволі простая. На “падушку” з пяску кладуцца пенаполістырольныя пліты – пенапласт. Затым выконваецца металічная абрашотка, да якой – зігзагападобна — мацуюцца металапластыкавыя трубы. Зверху ўся канструкцыя закрываецца цэментнай сцяжкай, на якую кладзецца плітка. Што ў выніку? З катла ацяплення гарачая вада разыходзіцца спачатку па падлозе, а затым трапляе ў сістэму падагрэву дома. Натуральна, без цэнтрабежнай помпы тут не абысціся. Паверхня награваецца павольна, гэтак жа павольна і астывае. Свайго роду печка на падлозе. Ярмакі настолькі ўразіліся гэтым “ноў-хаў”, што задумалі такую ж падлогу зрабіць і ў гасціным пакоі. А ў перспектыве, мажліва і ў астатніх! З пункту гледжання эканоміі ёсць у гэтым рацыянальнае зерне. Тым больш, што цяпер праблем з цяплом у гэтым доме не існуе. Нават газаправод, які праходзіць у некалькіх метрах ад дома, не спакушае гаспадароў перайсці на блакітнае паліва. Сапраўды, навошта траціць немалыя грошы, калі ў доме і так цёпла?!
Яшчэ адной праблемай, з якой сутыкнулася сям’я, было водазабеспячэнне. Дом знаходзіцца ў далечыні ад цэнтральнага водаправода. Будаваць яго за ўласныя сродкі – накладна. Бурыць свідравіну – яшчэ даражэй. Можна было б, канешне, задаволіцца студняй, што напачатку гаспадары і рабілі. І ўсё ж камфортнае жыццё патрабуе больш дасканалых сістэм водазабеспячэння з дастатковым ціскам для нармальнай работы пральнай машыны і не толькі.
Таму найлепшым для сябе варыянтам гаспадары палічылі ўстаноўку так званай сістэмы гідрафор. Не будзем забіваць чытачам галовы тэхнічнымі падрабязнасцямі яе дзеяння. Адзначым самае галоўнае. Са студні ў дом ідзе металічная труба. Уся “гаспадарка” – той самы гідрафор, яго яшчэ называюць гідраакумулятарам – знаходзіцца ў доме і злучана з сістэмай водазабеспячэння дома. Прынцып дзеяння наступны. Пры адкрыцці водаправоднага крана ціск унутры абалонкі гідрафора паніжаецца. Калі ён апускаецца ніжэй зададзенага значэння – уключаецца помпа, якая закачвае ваду са студні і запаўняе спецыяльную ёмістасць. Вось вам і акумулятар! Знешне ўсё гэта выглядае як самы сапраўдны “гарадскі” водаправод. Праўда, у адрозненне ад гараджан, Ярмакам не прыходзіцца за ваду плаціць, ды і ад розных планавых рамонтаў і адключэнняў сям’я не залежыць! Ну не дом, а самая сапраўдная аўтаномная падводная лодка! Не хапае толькі ўласнай электрастанцыі. Хто ведае, маючы на ўвазе здольнасць Ярмакоў да выдумкі і смелых праектаў, з часам, мажліва, з’явіцца і яна!


Магічная лічба 16


У гісторыі сям’і Ярмак лічба 16 сапраўды мае нейкае магічнае значэнне.
16 чэрвеня 1997 года маладыя людзі пазнаёміліся. Дакладней, іх пазнаёміла сястра Уладзіміра. Праўда, сама Наталля – да пары, да часу – у падобнай якасці маладога чалавека нават не ўяўляла. А ўсё таму, што падаўся ён дзяўчыне маладзейшым за яе. Аказалася, што першае ўражанне было падманлівым. У выніку кветкі, увага і патрэбныя сястрыныя падказкі зрабілі сваю справу – 16 ліпеня наступнага года Уладзімір і Наталля аднеслі ў ЗАГС заяву.
А 16 верасня 2005 года ў сям’і з’явілася дачушка Паліна. Вось і не вер пасля гэтага ў магію лічбаў!



Бусліна-лебядзінае царства


Ладзіць уласны сад-агарод Ярмакі пачалі ў першы ж год свайго жыцця ў новым доме. Набылі ў гадавальніку саджанцы парэчак, агрэсту, яблынь, груш, алычы, вінаграду і пасадзілі іх на ўчастку. Адна бяда – глеба ў Міхалішках для садаводства не вельмі прыдатная. Але ад свайго саду-мары сям’я адмаўляцца не збіраецца.
Чаго не скажаш пра агарод. Ён паступова саступае свае пазіцыі перад дамашняй зялёнай рэкрэацыйнай зонай. Яна ўжо “захапіла” ці не трэцюю частку тэрыторыі і, па ўсім відаць, гэта яшчэ не мяжа. Камяністыя горкі, кветкавыя клумбы, дэкаратыўныя мосцік і млынок… Усё гэта знайшло сваё месца на ўчастку. Як і пара лебедзяў разам з сямейкай буслоў. У гэтым асаблівасць, характэрная рыса сядзібы. Прычым гаспадары не пайшлі па самаму простаму шляху і не сталі набываць прадметы так званай малой архітэктурнай формы ў краме, а зрабілі іх самі. З падручных матэрыялаў. Так, на лебедзяў пайшло некалькі метраў дроту, пара ўпаковак медыцынскіх бінтоў і мех цэменту. Атрымалася вельмі прыстойна.
Увогуле, гэтая частка сядзібы – “вотчына” самай малодшай у сям’і – дачкі Паліны. Ёй тут ёсць дзе прыкласці несуцішную дзіцячую энергію – хоць на коніку драўляным пакатацца, хоць па мастку пагуляць, хоць буслам дапамагчы жабку злавіць…
А ствараецца прыгажосць калектыўна, усёй сям’ёй. Падзелу працы тут, як, дарэчы, і ў іншых хатніх клопатах, не існуе. Калі трэба, то і муж жонку падменіць, і жонка мужчынскай справай не пагрэбуе. А ў выніку – згода ў сям”і і лад у сядзібе.


Эдуард СВІРЫД.