Складаемыя поспеху кааператараў

13:53 / 02.07.2010
11455






На пытанне, які ваш самы любімы прадуктовы магазін у Астраўцы, многія адказваюць амаль аднагалосна – “Гермес”. “Вернісаж” прапануе астраўчанам шырокі выбар тавараў для дома, а новы магазін шпалераў “Асарці” вызваляе вас ад неабходнасці ехаць у вялікі горад у пошуках “вопраткі” для сцен вашай кватэры. А смачны водар свежавыпечанага хлеба, румяныя булачкі, апетытныя каўбасы… Нават у маленькія вёсачкі, дзе няма свайго магазіна, з усёй неабходнай прадукцыяй прыедзе аўтамагазін. Вам трэба здаць агародніну ці фрукты, што выраслі ў вашым садзе-агародзе? Калі ласка!
А як прыемна пасля доўгага працоўнага тыдня адпачыць ва ўтульнай атмасферы рэстарана “Радуга”!
Усё гэта і многае іншае – клопат Астравецкага райспажыўтаварыства, у якога, дарэчы, заўтра – свята. З нагоды Дня кааперацыі інтэрв’ю нам дала яго старшыня Міраслава Раймундаўна БЛАШКЕВІЧ.





– Міраслава Раймундаўна, якім для вас быў год ад свята да свята?
– Год быў вельмі насычаным. У кастрычніку мінулага года мы адкрылі спецыялізаваны магазін па продажу тавараў для дома “Вернісаж”. Арыгінальны праект будынка ўпрыгожыў цэнтральную плошчу нашага пасёлка. Акрамя таго, адкрыццё магазіна дазволіла павялічыць удзельную вагу рэалізацыі тавараў, а таксама разгрузіць і пераспецыялізаваць гандлёвыя плошчы ўнівермага, на першым паверсе якога з’явіўся аддзел “Тавары для дзяцей”, дзе можна купіць усё для малыша – ад бутэлечкі да адзення.
Спадзяюся, што мы парадавалі жыхароў раёна адкрыццём яшчэ аднаго гандлёвага аб’екта – фірменнага магазіна шпалераў, дзе можна не толькі купіць, але выбраць па каталогу і заказаць шпалеры на любы густ.
У аграгарадках Рытань, Палушы, Дайлідкі зрабілі капітальны рамонт магазінаў з частковай заменай гандлёва-тэхналагічнага абсталявання. А для паляпшэння абслугоўвання жыхароў малых населеных пунктаў, якія не маюць стацыянарнай рознічнай сеткі, набыты новы аўтамагазін.
Для прыцягнення пакупнікоў у магазіне “Гермес” сталі дзейнічаць дысконтныя карты. Уладальнікі такіх картак могуць набываць тавары са скідкай.
Да таго ж, Астравецкае райспажыўтаварыства паклала ў сваю скарбонку некалькі новых перамог. У лістападзе на конкурсе-дэгустацыі “ГУСТ” – на лепшы прадукт года – наш хлебазавод быў прызнаны лепшым у дзвюх намінацыях: “Батоны” і “Кексы” па трох найменнях. А літаральна пару тыдняў назад наш прадавец М.І. Сянюць заняла другое месца на абласным конкурсе прадаўцоў і ў хуткім часе паедзе абараняць гонар раёна на рэспубліканскім.
З 1 ліпеня на нашым шматгаліновым прадпрыемстве, якое ўключае ў сабе гандаль, прамысловасць, грамадскае харчаванне, транспарт, рынак, нарыхтоўкі, знешнеэканамічную дзейнасць, адбылася рэарганізацыя з мэтай аптымізацыі колькасці адміністрацыйна-кіраўніцкага апарату і павелічэння зарплаты работнікам – ліквідаваліся ўсе філіялы і ўнітарныя прадпрыемствы Астравецкага райспажыўтаварыства шляхам далучэння да райспажыўтаварыства.
– Давайце падрабязней пагаворым аб прамысловасці. Якую прадукцыю вырабляе Астравецкае райспажыўтаварыства?
– Гэта хлебабулачныя, кандытарскія, макаронныя вырабы. Займаемся перапрацоўкай мясапрадуктаў і рыбы. Маем свой швейны цэх, дзе шыем пасцельную бялізну, ручнікі, коўдры, наматраснікі, спецадзенне па заказу і на продаж, працуем па заяўках ад насельніства і арганізацый. Дзейнічае рытуальны цэх.
Дарэчы, асартымент прадукцыі пастаянна абнаўляецца, і мы займаемся пошукам новых пастаўшчыкоў і спажыўцоў.
Займаецца райспажыўтаварыства і нарыхтоўчай дзейнасцю: нарыхтоўваем гародніну, садавіну, мяса, мёд, скуру, чорныя і каляровыя металы, макулатуру. Гадавы заказ па адгрузцы лому чорнага металу (700 тон) выкананы ўжо за пяць месяцаў. А ўвогуле менш чым за паўгода нарыхтавалі сыравіны на 437 мільёнаў рублёў.
– Якія задумкі на перспектыву?
– Для паляпшэння таваразабеспячэння і зніжэння затрат будзе закуплена ў лізінг 11 адзінак аўтатранспарту. Плануем зрабіць бягучы рамонт магазінаў у аграгарадках Рымдзюны і Страчанка. Закончым рэканструкцыю кацельнай на хлебазаводзе, што дазволіць знізіць сабекошт прадукцыі і палепшыць яе канкурэнтаздольнасць. Таксама ў планах зрабіць рэканструкцыю сталовай “Лаванда” на станцыі Гудагай.
З мэтай належнага гандлёвага абслугоўвання будзе працягвацца работа па пераводу магазінаў на прынцып самаабслугоўвання.
– Не магу не спытаць, як працуе Астравецкае райспажыўтаварыства ў год якасці?
– У нас ёсць тэхналагічная служба, якая правярае якасць прадукцыі, таму што якасныя тавары – гэта залог даверу нашых пакупнікоў.
Для паляпшэння ўмоў працы работнікаў і ўмоў захоўвання тавараў набыты і ўстаноўлены кандыцыянеры ў магазіне “Прадукты” у Міхалішках і ва ўніверсаме “Ивушка” ў Астраўцы.
З мэтай выканання Дзяржаўнай праграмы па ўкараненню безнаяўных разлікаў і паляпшэння якасці абслугоўвання ўстаноўлены 15 тэрміналаў і дзве сістэмы штрыхкадзіравання, атрымана на ўмовах арэнды яшчэ 12 тэрміналаў, якія будуць устаноўлены ў сельскай мясцовасці.
Акрамя таго мы набылі 10 халадзільных шафаў з “Атланта”, у арэнду выдзелены 3 банеты, 2 халадзільныя шафы “Аліварыя” і “Лідскае піва”, набылі хладагент, фреон, хладон.
Да ўсіх свят мы праводзім акцыі па зніжэнню гандлёвых надбавак, акцыі па крэдытах. Да прыкладу, да Дня Незалежнасці праводзім акцыю па прадастаўленню беспрацэнтнага крэдыту на 9 месяцаў на непрадуктовыя тавары.
– Вы будзеце прымаць удзел у выстаўцы-кірмашы “Паўночны вектар Гродзеншчыны”…
– Так. Будзем выстаўляць хлебабулачныя, каўбасныя, макаронныя вырабы, акрамя таго, арганізуем выязны гандаль. Хацелася б наладзіць новыя сувязі і заключыць пагадненні аб супрацоўніцтве. Чым можам зацікавіць партнёраў? Найперш якасцю нашай прадукцыі. Мы вырабляем здаровы натуральны прадукт – а гэта ключавы фактар поспеху. Калі мы вырабляем каўбасу, то яна з натуральнага мяса і без дабавак. Некаторыя скардзяцца, што наш хлеб хутка становіцца чэрствым, але ж гэта даказвае натуральнасць прадукту. Не чарсцвее толькі той хлеб, які робіцца з адных дабавак.
– Давайце па традыцыі ўспомнім лепшых работнікаў прадпрыемства.





– Асаблівыя словы ўдзячнасці хацелася б сказаць маім першым памочнікам – галоўнаму бухгалтару М.І. Драмковай, галоўнаму эканамісту Д.А. Казюлевіч, начальніку фінансава-разліковага цэнтру Т.З. Зяновіч, эканамісту Т.І. Мушніцкай і бухгалтару А.М. Пура. Якасць прадукцыі і імідж нашага прадпрыемства забяспечваюцца добрасумленнай працай работнікаў, лепшых з якіх хацелася б адзначыць. Гэта прадавец з в. Літвяны Г.В. Стэх, калектывы магазінаў “Прадукты” у Міхалішкі, Страчы, “Кляновы ліст”, “Полацкі тракт” у Вароне, “Гермес” і іх загадчыкі А.М. Пукшта, І.І. Салавей, М.М. Аўдзеенка, А.І. Сянюць, Т.В. Багдановіч, вадзіцель-прадавец аўтамагазіна У.В. Паршутовіч, кладаўшчык М.В. Врублеўская, аператар ЭВМ Р.Ф. Безляповіч, повар рэстарана “Радуга” Г. Навіцкая, забойшчык жывёлы І.І Мажэйка, пекар В.В. Садоўская, цеставод макароннай лініі А.К. Белавокая, кандытар В.Р. Калтан.
Шчыра віншую работнікаў Астравецкага райспажыўтаварыства з прафесійным святам і дзякую ім за добрасумленную працу.
– Дзякуй за гутарку!


Матэрыялы старонкі падрыхтавала Вольга ШОЎКУН.

Оставить комментарий
Текст сообщения*
Защита от автоматических сообщений