Из первых уст: про уборку урожая рассказывает водитель КСУП "Михалишки" Станислав Милошевич

09:25 / 21.08.2017
Увайшлі ў смак жніва – інакш пра хлебаробаў раёна не скажаш. Там, дзе яшчэ ўчора суцэльнай сцяной стаяла збажына, сёння ўжо распрасціраецца колкая пожня. Цнатлівыя нівы пакорліва падпарадкоўваюцца каравану ўборачнай тэхнікі, а дзяржаўныя засекі напаўняюцца збожжам новага ўраджаю. 

vodz1.jpg

– Усё жыццё працую ў Міха­лішках вадзіцелем. Прыйшоў у калгас адразу пасля школы: крыху парабіў на трактары – і забралі ў армію. Дадому вярнуўся ў 1984 годзе – і застаўся. Ды і куды я паеду? Гарадскога жыцця ніколі не разумеў, ды і не любіў. На вёсцы добра: усе ведаюць адзін аднаго, нікуды не трэба спяшацца… 
Аднак у жніўні дні ляцяць, як ашалелыя. Жніво ж, як-ніяк! Збажына не будзе стаяць у полі – яе трэба зжаць, абмалаціць, звазіць збожжа і давесці яго да толку: дзяржаве здаць і жывёле на корм пакінуць.
Прачынаюся з сонейкам, а спаць кладуся апоўначы. Камбайны ў поле выходзяць пасля дзесяці гадзін раніцы – росна. Да гэтага часу на мехдвары хлопцы сваю тэхніку правяраюць. 
Неяк перавёз за дзень 260 тон збожжа. Але дзень на дзень не прыходзіцца. Учора, напрыклад, авёс убіралі. Дык толькі ў адзін бок з поля да зернесушылкі трэба было праехаць каля 40 кіламетраў. Цяпер наша гаспадарка вялікая! 
Ураджай убіраюць 10 камбайнаў, якія разбіты на два звяны. Адно працуе на міхалішкаўскіх нівах, другое – на спондаўскіх. На страчанскіх землях складана ўбіраць. Участкі дробнаконтурныя – не разгонішся. Цэлы дзень у пераездах. Добра, што цяпер не дажджыць, бо так было падмачыўшы некаторыя палі, што камбайны не маглі ўлезці. 
…Якое маё жніво? (Задумваецца) Цяжка сказаць… Напэўна, такое ж, як і штогод. Больш за трыццаць гадоў працую ў гас­па­дарцы і кожнае лета заняты на ўборачнай кампаніі. З 2005 года – за рулём КамАЗа. Люб­лю сваю машыну. Спраўна яна мне служыць: не баіцца ні пылу, ні спёкі. Вы, напэўна, чулі, што КамАЗы заўсёды ў пераможцах знакамітых гонак «Дакар»? Так і мяне мая машынка апошнія шэсць гадоў у лідары выводзіць. Ці вывозіць? (Усміхаецца)  Калі не памыляюся, то я больш за ўсіх збожжа перавожу ў гаспадарцы на працягу  апошніх  гадоў. І сёлета стаў першым «тысячнікам». Начальства з раёна ўжо павіншавала…
Кажаце, першым у раёне «тысячнікам» стаў варнянец, які возіць збожжа без прычэпа? Малайчына! З прычэпам значна цяжэй кіраваць машынай – але затое ўдвая больш збожжа перавозіш за рэйс. Не было б прычэпа, дык я па полі ластаўкай лятаў бы!
У кузаў і прычэп звычайна змяшчаецца намалот чатырох бункераў. За рэйс перавожу каля 20 тон. Усё ад збожжа залежыць. Аўсу, напрыклад, змяшчаецца 17-18 тон, а пшаніцы – больш за 20. Вось яе мы, вадзіцелі і камбайнеры, найбольш любім з усіх культур – за важкасць.
Заўважыў: чым сушэйшае збожжа, тым большую вагу яно мае. Зараз вільготная збажына стаіць. (Зрывае колас). Паглядзіце: здаецца зярнятка вялікае, надутае – а лёгкае, нібыта пылінка. А калі сухое – не раскусіш, цвёрдае, бы камень.
Першым сёлета – як, дарэчы, і заўсёды, – пачалі ўбіраць рапс – пад ім было занята 400 гектараў. Вялікія спадзяванні ўскладалі на крыжакветкавы... А ён нас падвёў: на круг даў мо 12 цэнтнераў. А вось некалькі гадоў таму назад рапс сыпаўся лепш, чым збожжа, – ледзьве паспявалі вазіць.
Як сям’я ставіцца да таго, што цэлымі днямі мяне няма дома? Жыву я з маці Янінай Пятроўнай, якой ужо 86 гадоў, – але, дзякаваць богу, яна ў мяне малайчына – рухавая, спрытная. Прывыкла, што дахаты  летам не натыкаюся. Перажывае толькі, што ў халасцяках хаджу, сям’ёй не абзавёўся. Здаецца, і нядрэнны я чалавек – працую, смаку водкі не ведаю, а так жыццё склалася, што адзін. Не, канешне, магу кульнуць кілішак – але тры разы на год: на хрысцінах ці на вяселлі, ну і калі Іванавіч (дырэктар КСУП «Міхалішкі» – Аляксандр Чаплінскі – Заўв. А.Г.) дажынкі ладзіць. Не разумею тых, хто лайдачыць і на апошнія рублі не хлеб купляе, а бутэльку. Нягледзячы на гэта, маё жніво – сямейнае. І бацькі ўсё жыццё на зямлі працавалі, і мы з  братам.
Родны брат Віктар, дарэчы, таксама заняты на ўборачнай: дасушвае на зернесушыльным комплексе збожжа. 
Хлопцы часам жартам мяне прэзідэнтам называюць. Ча­му? Вы не здагадваецеся? Маё проз­­вішча амаль такое ж, як у былога югаслаўскага прэ­зідэнта Мілошавіча. Хоць які я прэзідэнт? А параўнанне ўсё адно прыемнае.
…Ва ўраджайныя гады больш за дзве тысячы тон перавозіў. Сёлета адна тысяча збожжа ўжо ёсць на рахунку. Можа, і другую атрымаецца перавезці. Але не ў тонах шчасце… У чым? У кожнага яно сваё: адзін знаходзіць задавальненне ў працы, іншы – у сям’і. Жывы, здаровы – і дзякаваць богу, а на хлеб сабе заўсёды зараблю.
vodz2.jpg
vodz3.jpg
Аляксандр Рацкевіч, камбайнер

vodz4.jpg
Віталь Вайнілка чацвёрты год заняты на жніве

vodz5.jpg
Марк Лобач, памочнік камбайнера

vodz6.jpg
Загадчык раслінаводчага ўчастка №2 Міраслаў Памецька

vodz7.jpg
Камбайнер Валянцін Куркуль спраўляецца без памочніка

vodz8.jpg
Камбайнер Іван Юшчык і яго памочнік Ілля Жусін

vodz9.jpg
Аляксея Ліса, які працуе ў лясгасе, камандзіравалі на жніво ў Міхалішкі

vodz10.jpg
Генадзь Васілеўскі працуе на кам­байне «Ліда» дзявяты сезон

vodz11.jpg
Для камбайнера Валерыя Калтана сёлетняе жніво – сямнаццатае. А вось для яго памочніка 
Дзяніса Сідарука – першае

vodz12.jpg
Вучань Міхалішкаўскай школы Міхаіл Булгарын працуе памоч­нікам камбайнера

vodz13.jpg
Вадзіцель Станіслаў Бернюкевіч

vodz14.jpg

Запісала Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
ostrov-red.ganulich@tut.by


Текст: