Из первых уст: про уборку урожая рассказывает комбайнер РУП "Совхоз "Подольский" Дмитрий Шеша

10:21 / 16.08.2017
shesha1.jpg
– Сёлетняе жніво – шаснаццатае ў маім жыцці. Апошнія гады працую камбайнерам, а да гэтага пяць сезонаў вучыўся  ў больш вопытных хлебаробаў. Хоць, па шчырасці прызнацца, работа памочніка не нашмат лягчэйшая ад камбайнерскай справы.
Адразу пасля заканчэння Падольскай сярэдняй школы прыйшоў працаваць у саўгас. Пытанняў «Кім быць?» не ўзнікала. Неўзабаве забралі ў армію. Пасля службы вярнуўся ў родную гаспадарку… Здаецца, толькі ўчора прыйшоў, не паспеў азірнуцца – а ўжо  пятнаццаць гадоў мінула. 
Летам штогод працую камбайнерам. А ўвогуле за мной замацавана касілка КЗР-10 2005 года выпуску… 
Сёлета значна ссунуліся тэр­міны жніва. Па ўсім бачна,  што адначасова будзем убіраць ура­джай, нарыхтоўваць кармы і сеяць азімыя – неахопны фронт работ…
З дзяцінства памятаю, як тата падчас жніва вазіў збожжа. Часам і мяне, малога, да сябе ў кабіну браў. Столькі радасці было! Бацька, хоць і на пенсіі, але да гэтага часу працуе ў саўгасе – на кормараздатчыку развозіць кармы. Брат Уладзімір – брыгадзір раслінаводчага ўчастка. Маці ўсё жыццё адпрацавала касірам у канторы… Таму жніво, можна сказаць, – наша сямейная справа. Тым больш, што ўжо каторы год запар на жніве працую ў пары з цесцем Міхаілам Козелам – «перацягнуў» яго сюды з Міхалішак. З родным чалавекам значна прасцей працаваць. З блізкімі мы – сапраўдныя, шчырыя, што думаем, тое і гаворым. З бацькам разумеем адзін аднаго без слоў, хоць, бывае, спрачаемся. Але якая ж гэта спрэчка? Так, пыл выпусцім – я ці ён…
Камбайн да ўборачнай рыхта­валі разам з цесцем: мянялі падшыпнікі і задні вал – зараз стаў, як новенькі. А ўсё ж без паломак не абышлося: толькі пачалі ўбіраць – «паляцеў» на камеры транспарцёр. У гэты дзень якраз задажджыла. Суткі ў поле не выходзілі, за гэты час і выправілі паломку. 
Дзякаваць богу, цяпер ніхто не стаіць на рамонце. Спакойна і ўпэўнена ўбіраем ўраджай. Праў­да, новенькія камбайнеры крыху тушуюцца. Лічу, што трэба не за ўзнагародамі рвацца, а спраўна працаваць. Як кажуць, хоць памры,  але даж­ні апошні колас. Мяркуючы па нашых людзях, магу сказаць, што калі чалавек сеў за штурвал камбайна – то ён прыйшоў працаваць, а не лайдачыць. І камбайнеры, і памочнікі, і вадзіцелі, і брыгадзіры ўчасткаў, калі дазваляе надвор’е, затрымліваюцца ў полі дацямна. Нікога не трэба прымушаць ці стаяць над душой. 
Бывае, скамандуе аграном: ну ўсё, хлопцы, на сёння хопіць. А ты, як ашалелы, не можаш спыніцца: малаціў бы і малаціў… Уборка ў гэтым сэнсе нечым нагадвае паляванне ці рыбалку. Мяне зразумее той, хто ведае смак гэтых заняткаў. Хоць, па шчырасці, сам гэтым не захапляюся – часу не стае.
Ці хацеў бы стаць першым? Складанае пытанне… За ўзна­гародамі ніколі не гнаўся, прывык ціха і спакойна працаваць. Але крыху крыўдна, што на слыху толькі гудагайскія, гервяцкія і варнянскія хлебаробы. Быццам мы і міхалішкаўскія хлопцы не працуем! Зразумела, што ў Падольцах колас не будзе такім, як у Гервятах, – не тыя землі, не тыя ўмовы. А пераможцаў жа вызначаюць па валавым намалоце, без уліку абставін.
…Якое маё жніво? У параўнанні з тым часам, калі толькі пачынаў працаваць у гаспадарцы, значна лягчэйшае. Тэхніка цяпер – проста цуд! Вось толькі даўно яе саўгас не абнаўляў. Раней на «Донах» ураджай убіралі – нядрэнна яны малацілі. А вось з «Нівамі» было цяжэй управіцца. Маё жніво, дарэчы, і пачалося з працы на гэтым камбайне з такой сімвалічнай назвай... Аднойчы вырашыў паспрабаваць, хоць да апошняга не быў упэўнены, ці пойдзе камбайн, ці змагу. Дарэмна перажываў і хваляваўся – атрымалася! Калі б справа не пайшла, дакладна ні сябе, ні тэхніку не мучыў бы…
Апошнія гады працую на адным з лепшых у гаспадарцы камбайнаў. Не магу сказаць, што сёлета ўдарна справа ідзе. Маглі б і больш малаціць, але не хапае магутнасці трох зернесушылак, якія працуюць на дызельным паліве, каб давесці да патрэбнай кандыцыі збожжа. Яго ж не зваліш у кучу, каб ляжала і псавалася…
Масава пачалі ўбіраць тры тыдні назад. Раней на поле не ўлезці было! Дажджы зрабілі сваю справу – некалькі разоў камбайны выцягвалі «Амкадоры». Цяпер, дзякаваць богу, не дажджыць – але росы моцныя, і зерне ўсё адно вільготнае сыплецца.
Першым пачалі абмалочваць рапс: ён хутчэй саспявае, чым збожжавыя. У пачатку жніўня ўвесь крыжакветкавы, 400 гектараў, быў убраны. Намалацілі крыху больш чым 615 тон. Сёлета рапс даў на круг 15,4 цэнтнера. Чакалі лепшага ўраджаю, але былі ўчасткі, якія вясной падмерзлі…
Цяпер абмалочваем збожжавыя. Клін яравых і азімых складае 2 410 гектараў. Ура­джайнасць трыцікале і пшаніцы каля 30 цэнтнераў з гектара. Нехта скажа, што малавата – асабліва ў параўнанні з тымі ж Гервятамі ці Гудагаем. Зразумела, хацелася б больш. Здаецца, нашы гаспадаркі пад бокам адна ў адной і клімат адзін і той жа, а глебы – розныя.
У жніва асаблівы водар. Найбольш люблю пшаніцу і тры­цікале: яны паслухмяна схіляюць перад жаткай свае галовы. А вось з ячменем яшчэ павазіцца трэба: з-за вусоў складана яго вымалаціць…
Летась дапамагаў убіраць кукурузу суседнім гаспадаркам. Камбайн на захоўванне паставіў толькі 20 лістапада. Сёлета, мусіць, нам будуць дапамагаць… 
shesha3.jpg
Памочнік камбайнера Дзяніс Янкойць адзін з першых у саўгасе пачаў рыхтаваць камбайн да ўборачнай кампаніі

shesha4.jpg
Памочнік камбайнера Міхаіл Козел

shesha5.jpg
Камбайнерскі экіпаж у складзе Івана Аўгуля і Аляксандра Матыевіча

shesha6.jpg
Загадчык раслінаводчага ўчастка №2 Мікалай Рабкоўскі

shesha7.jpg
Вадзіцель упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Каспяровіч узяў адпачынак у канцы лета, каб дапамагчы вяскоўцам убраць ураджай 

shesha8.jpg
Дырэктар РУП «Саўгас «Падольскі» Аляксандр Шчука

shesha9.jpg
Адзін з самым маладых камбайнераў саўгаса – Яўген Крывіцкі

shesha10.jpg
Памочнік камбайнера Аляксей Грыгаровіч

shesha11.jpg
Партрэт  механізатара Віталя Трыбоцкага, які працуе камбайнерам, сёлета занесены на раённую Дошку гонару

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
ostrov-red.ganulich@tut.by


Текст: