Из первых уст: про уборку урожая в КСУП "Ворняны" рассказывают братья Юркойть

11:45 / 09.08.2017

uborkayjrk1.jpg

Сямейная справа Юркойцяў

Не паспее з-за гарызонту выкаціцца сонейка, як караван тэхнікі выпраўляецца ў сваю штодзённую пілігрымку да яго вялікасці Хлеба – і жніво пачынае пульсіраваць, захопліваючы ў палон усё наваколле. 
У яго магутным вірлівым рытме жывуць родныя браты Валерый і Аляксандр Юркойці, якія сёлета ўпершыню працуюць на камбайне разам – і, варта адзначыць, паспяхова. Тандэм братоў з КСУП «Варняны» трывала замацаваўся ў лідарах раённага спаборніцтва: Юркойці намалацілі больш чым паўтысячы тон зерня  – і з дня ў дзень павялічваюць гэтую лічбу.
 А пакуль Валерый і Аляксандр шчыруюць у полі, дома іх чакаюць любімыя жонкі і дачушкі.

Першае жніво камбайнера

– Якое маё жніво? – перапытвае камбайнер Валерый Юркойць – і на хвіліну задумваецца. – Напэўна, хвалюючае, бо першае. Адно лета працаваў памочнікам камбайнера, але за сезон напоўніцу не адчуеш смак жніва.
Колькі працую ў гаспадарцы, столькі заняты на палявых работах: ару, сею – а вось ураджай самастойна ніколі не ўбіраў. Сёлета з братам вырашылі паспрабаваць. Балазе, нам даверылі адзін з лепшых у гаспадарцы камбайнаў – «Лексіён». Раней на ім працаваў светлай памяці  Тадэвуш Юркойць. Вось гэта быў камбайнер! Пад ім, як кажуць, зямля гарэла. Зараз такіх працаўнікоў вельмі мала. 
Пайшоў трэці тыдзень уборкі, а яшчэ зразумець не магу, якое яно – маё жніво? Мы пакуль рапс убіраем, добра ён сыплецца – пад 23 цэнтнеры з гектара. Толькі жатку даводзіцца часта чысціць. А вось сапраўднае жніво, напэўна, пачнецца, калі будзем збожжа жаць. 
У нашым звяне чатыры камбайны. Калі добрае надвор’е, да 120 гектараў абмалочваем за дзень. У поле едзем, абедаем ці вяртаемся назад, усе мы – сябры. А за штурвалам камбайна, напэўна, сапернікі. Кожны хоча як мага больш намалаціць, і гэтая здаровая канкурэнцыя падштурхоўвае працаваць лепш.
Мэту стаць першым не стаўлю. Ды і марная гэта справа. Трэба не ў перадавікі рвацца, а спраўна працаваць. 
Пасля заканчэння Варнянскай школы прыйшоў у калгас, далі мне тады трактар-ламаку. Падкруціў – і ў поле. Літаральна праз год даверылі навюсенькія граблі. Тагачасны старшыня калгаса Уладзіслаў Эдвардавіч Рук адпраўляў на агранома вучыцца, але я ў апошні момант перадумаў і нікуды не паехаў. Не маё гэта. Мне куды бліжэй быць за рулём: араць, сеяць. І ўбіраць. 

uborkayjrk4.jpg

Там, дзе заўсёды чакаюць

На парозе ўтульнага дома мяне сустракае жонка Валерыя Дзіяна са сваімі дачушкамі – трохгадовай Анітай і васьмігадовай Янай.
– Я ў газеце чытала, што тата – першы, – кажа старэйшая дзяўчынка. – А яшчэ – што наша вобласць збірае самы вялікі ўраджай ва ўсёй рэспубліцы. 
– А я луліла. Два лазы! – з гонарам дадае падобная да анёлка малодшая.
– Дзяўчаткі лета ў бабулі ў Чэрнішках праводзяць. Хлопцы якраз каля вёскі рапс убіралі, і Валера на некалькі хвілін узяў Аніту да сябе ў кабіну. Моцна ж яна ў нас тэхніку любіць, не па-дзявочы! – далучаецца да размовы мама Дзіяна.
 – Якое маё жніво? – перапытвае жанчына. – Трывожна спачатку на сэрцы было. А зараз я спакойная. Ведаю, што Валера справіцца. Ён дакладна на сваім месцы. Нам з дзяўчаткамі абсалютна не важна – першы наш тата ў раёне ці не. Галоўнае, каб яго здароўе не падводзіла, каб быў добры настрой – а мы для гэтага зробім усё магчымае… І нават немагчымае.

uborkayjrk3.jpg


За працай час незаўважны

– Цяга да тэхнікі ў мяне з дзяцінства. Бацькі ўсё жыццё працавалі ў калгасе. Маці на ферме загадчыцай была, на свінчыку працавала, і тата ра­зам з ёй, – расказвае памочнік камбайнера Аляксандр Юркойць. – Некалькі разоў падчас жніва бацька быў памочнікам камбайнера. Ну і мне  захацелася. Разам з Валерам камбайн рыхтавалі: мянялі падшыпнікі, элеватары. 
Седзячы ў кабіне камбайна, пастаянна прыслухоўваюся: як зерне сыплецца, ці няма нейкіх старонніх гукаў.
Якія ў мяне абавязкі? Калі на матавіла шмат сцяблін накруціцца, яго трэба пачысціць. Зерне падсоўваю, калі загружаем машыны. Пасля абеду робім поўнае абслугоўванне камбайна – і зноў у поле. 
Думаю, сёлета будзе нядрэнны ўраджай. Абмалочваць пачалі слабейшыя ўчасткі, а зараз, самі паглядзіце: рапс стаіць суцэльнай сцяной. Як мага хутчэй яго абмалаціць трэба, бо прамаруджванне – гэта свядомая страта ўраджаю.
Радуе, што палегліцы мала. А вось дажджы псуюць настрой. Чаканне цяжка даецца. А калі працуеш, то часу не заўважаеш. Даў бы Бог пагоду…
Сёлета ўпершыню заняты на жніве, хоць працую ў варнянскай гаспадарцы 20 гадоў. 
Маё жніво – сямейнае. Разам з братам працуем на адным камбайне. Сын Яўген, як і я, таксама памочнік камбайнера. Дачушкі Каця і Ліза на зернесушылцы шчыруюць.

uborkayjrk5.jpg

Жаночае царства

Сваіх мужчын – мужа і тату Аляксанд­ра, сына і брата Яўгена – дома чакаюць ажно пяцёра дзяўчат: мама Іна і чатыры прыгажуні – Ліза, Крысціна, Даша і Каця.
– Учора нашы мужчыны вярнуліся з работы амаль апоўначы, – расказвае Іна Юркойць. –  Ніколі спаць не кладуся, пакуль яны дадому не прыедуць. Убачу іх – і ад сэрца  адляжа. Раніцай стараюся першай прачнуцца: снеданне прыгатаваць, каву заварыць і пажадаць ім добрага дня. Сама – на работу, а Ліза і Каця бягуць на школьны аўтобус: сёлета дзяўчынкі працуюць у складзе будатрада на зернесушылцы. 
Цікаўлюся ў дзяўчат, ці ведаюць яны, што іх тата і дзядзька – у лідарах жніва?
– Ведаем! І ганарымся, – у адзін голас адказалі дзяўчаты. – І моцна любім…

uborkayjrk2.jpg

Разам з імі

Разам з братамі Юркойцямі на варнянскім жніве шчыруюць іх таварышы па працы.

uborkayjrk7.jpg

uborkayjrk8.jpg

uborkayjrk9.jpg

uborkayjrk10.jpg

uborkayjrk11.jpg

uborkayjrk12.jpg

uborkayjrk6.jpg

Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
ostrov-red.ganulich@tut.by 


Текст: