На Островетчине идет косьба трав
09:37 / 15.06.2017
Першым укосам у КСУП “Гудагай” сёлета запланавана скасіць 3 009 гектараў. Па стане на 8 чэрвеня, скошана 600 гектараў – а гэта 23 працэнты. Пры гэтым зялёная маса выкарыстоўваецца ў якасці падкормкі для грамадскага статка і з пачатку гэтага тыдня актыўна закладваецца ў траншэі.
трактар Аляксея Сакалоўскага
Непадалёк ад малочна-таварнай фермы “Рукшаны” працаваў цэлы караван корманарыхтоўчай тэхнікі.
Пад націскам пяці магутных касілак трава пакорна схіляла свае галовы і хутка клалася ў пракосы. Праз некаторы час на месца касілак заступалі варушылкі, успушвальнікі, граблі.
У чаканні “зялёнай загрузкі” Раман Пешкур
Стан сёлетняга сенакосу гудагайскія корманарыхтоўшчыкі ахарактарызавалі як здавальняючы.
– Валок мог быць крыху лепшым, – расказвае Раман Пешкур, які задзейнічаны на адвозе зялёнай масы. – Толькі пачалі нарыхтоўваць сянаж. Вільгаці і цяпла не хапае. Паліў бы дожджык дзень-два – і травы на вачах угору пацягнуліся б.
Непадалёк ад фермы закладвалася сянажная траншэя.
За якасцю будучага сенажу ў гаспадарцы наладжаны дакладны кантроль – за захаваннем яго тэхналагічных патрабаванняў сочаць загадчыкі ферм і зааветслужбы. Пастаянна вымяраецца тэмпература і вільготнасць сянажнай масы. Над правяраючымі ёсць кантралёры “зверху”: спецыялісты ветэрынарнай службы раёна пастаянна займаюцца рэгулярным адборам проб сянажнай масы для вызначэння яе якасці.
Памочнік загадчыцы МТФ “Рукшаны” Галіна Грамбоўская паказвае, якім чынам замяраецца вільготнасць і тэмпература зялёнай масы
– Спецыяльным тэрмометрам вымяраем тэмпературу сенажу, – расказвае памочнік загадчыцы МТФ “Рукшаны” Галіна Грамбоўская. – Таксама сочым за вільготнасцю – у траншэю павінна закладвацца падвяленая трава. У празмерна дажджлівыя дні падбор траў звычайна спыняецца.
Працэсам трамбоўкі сянажнай траншэі займаліся два механізатары – Анатоль Валяваты і Рыгор Тхораў.
Рыгор Тхораў, трамбоўка
– Трамбоўка зялёнай масы павінна ісці кругласутачна, інакш якасць сенажу атрымаецца невысокай, – гаворыць Рыгор Тхораў. – Трава, канешне, магла б быць і лепшай. Упэўнены, што падцягнецца яшчэ! Ніколі без кармоў наша гаспадарка не была.
Пакуль людзі шчыравалі на нарыхтоўцы кармоў, рагулі, што ўтрымліваюцца на МТФ “Рукшаны”, ласаваліся травой.
– Дойны статак фермы складае 178 кароў, – расказвае загадчыца фермы Ганна Карнэцкая. – У нас практыкуецца кругласутачнае выпашванне жывёлы. На пашу не выганяюцца толькі нецелі і сухастойныя каровы. Два разы на дзень статак прыганяецца на ферму на дойку.
Пасля абеду гудагайскія корманарыхтоўшчыкі завяршылі закладку траншэі побач з фермай “Рукшаны”. А ў нябеснай канцылярыі, відаць, пачулі просьбы агарыряў – і неба разрадзілася дажджом.
Адпівайся, налівайся сокамі, травіца, каб зімой трапіць на сталы рагуль спажыўным сіласам і духмяным сенам.
З сяўбой хлебаробам сёлета не пашанцавала: майскі снег на пару з пахаладаннем зацягнулі тэрміны вясенне-пасяўных работ. Тым не менш, цёплае сонейка ўсё ж адагрэла зямлю – і ніва зазелянела.
Каб атрымаць добры ўраджай, з ёй яшчэ процьма работы: падкарміць, прапалоць, апрацаваць ад хвароб і шкоднікаў. Фронт работ у хлебаробаў летам не меншае.
Сакавітыя, з развітай вегетатыўнай масай яравыя пасевы непадалёк ад Лошы апрацоўваў самаходны апрысквальнік.
Напачатак тыдня гудагайскія аграрыі цалкам справіліся з хімічнай праполкай яравых збожжавых і зернебабовых культур і цукровых буракоў.