Охрану лосося на территории Островецкого района обсудили на семинаре в Ворнянах

15:00 / 14.03.2014
З вышыні птушынага палёту бачны вены-пражылкі Астравеччыны. У іх, Віліі і яшчэ шасці рачулках, нерасціцца кумжа. Дзякуючы нераўнадушным людзям, гэты від рыб знаходзіцца пад пільнай увагай.

Напрыканцы лютага на базе Варнянскіх ясляў-сада-сярэдняй школы адбыўся чарговы семінар грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ў рамках праекта па захаванню сёмгі і кумжы на тэрыторыі нашага раёна. У ім прынялі ўдзел актыўныя члены аб’яднання, захавальнікі ласося.
Вынікі сезона ў сваім выступленні падвёў кандыдат біялагічных навук, спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны” Мікалай Чэркас. Ён адзначыў, што чатырохгадовая праца дае падставу меркаваць, што многія праблемы вырашальныя. Аднак па-ранейшаму самымі актуальнымі сярод іх застаюцца ахова нерасцілішчаў ад браканьераў, забруджвання рэчак, а таксама бабровыя плаціны, якія перашкаджаюць праходу “чырвонакніжніцам”. Аднак зробленая ў гэтым накірунку работа прынесла свае плады.


– Так, напрыклад, зарэгістравана, што на рэчцы Тартак на нераст заходзіў самец кумжы – і гэта вельмі добры паказчык. Аднак валанцёрамі было знойдзена 5 рыбін, пашкоджаных выдрай. Адна з рыб у далейшым была адпраўлена на экспертызу іхтэолагам з НПЦ па біярэсурсам НАН Беларусі, – расказвае Мікалай Данілавіч. – Даследаванні паказалі, што рыбіне 5 гадоў, з якіх 2 гады яна правяла ў Віліі, а астатнюю частку жыцця – у моры.


Літоўскі эксперт-іхтыёлаг Кестуціс Скрупскеліс пазнаёміў усіх прысутных з прыродаахоўнай дзейнасцю, якая вядзецца ў Літве. У адрозненні ад Беларусі, дзе ласасёвыя з’яўляюцца “чырванакніжнікамі”, на тэрыторыі суседняй краіны папуляцыі сёмгі і кумжы аднавілі, а зараз нават дазволены аматарскі лоў гэтай рыбы. Аднак браканьераў, аматараў незаконна паласавацца ласосем, там чакаюць штрафы ў дзясяткі тысяч долараў.
Другім пытаннем на парадку дня стаў экалагічна-адукацыйны цэнтр па захаванню балтыйскіх ласосяў, які неўзабаве павінен пачаць сваё жыццё на базе Варнянскіх ясляў-сада-сярэдняй школы. Прыкладаў цэнтраў такога кшталту на постсавецкай прасторы няма. Варнянскі цэнтр стане першым у Беларусі. Плануецца, што з дапамогай стэндаў, інтэрактыўных гульняў і коміксаў вучні і зацікаўленыя дарослыя ў даступнай форме змогуць пазнаёміцца з прыродаахоўнымі пытаннямі і пытаннямі па захаванні месцаў нерасту ласасёвых рыб. Чакаецца, што штогод яго змогуць наведаць некалькі тысяч чалавек.
Акрамя таго, АПБ запускае інтэрнэт-рэсурс для захавальнікаў ласося і аматараў прыроды Віленскага краю. Да іх можна далучыцца праз адрас www.iba.ptushki. org і ўдзельнічаць у захаванні рэдкіх рыб.


--------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ
.