Истоки "большого" молока знает Анна Александрович

13:00 / 03.04.2014
Малочна-таварны комплекс “Дайлідкі” (СВК “Гервяты”) самы “малады” ў раёне – яго светлыя і прасторныя памяшканні яшчэ, па сутнасці, толькі абжываюцца.

– Наш комплекс разлічаны на ўтрыманне 777 кароў, – гаворыць намеснік начальніка Ганна Антонаўна Александровіч. – У наяўнасці пакуль 482 галавы дойнага статка, так што наперадзе яшчэ нямала клопатаў. З уласнага вопыту мы ўжо ведаем, што простае перамяшчэнне кароў з іншых ферм не апраўдвае сябе – цяжка прывучыць да новых умоў утрымання дарослую жывёліну, якая прывыкла да прывязніка. Аптымальны выхад: самім выгадаваць цялушак аднаўлення, асемяніць іх, пасля ацёлу правесці старанны раздой і потым на выснове атрыманых вынікаў увесці ў статак. Непараўнальна лягчэй навучыць, чым перавучыць. Для папаўнення пагалоўя на нашым комплексе (у тым ліку і ў памяшканнях старой фермы) утрымліваецца 901 цялушка аднаўлення.
– Групы – а іх у нас пакуль сем – фарміруем па тэрмінах пасля ацёлу і па велічыні надою, – працягвае Ганна Антонаўна. – У залежнасці ад прадуктыўнасці і моманту лактацыі карэкціруем рацыён кожнай з груп статка. Першая – у ёй знаходзяцца каровы да сямідзясятага дня пасля расцёлу – атрымлівае дадатковы кілаграм канцэнтратаў у суткі. У той час як каровы ўсіх астатніх груп атрымліваюць камбікорм з разліку 400 грамаў на кожны надоены літр малака. Павялічваць колькасць канцэнтратаў, дарэчы, трэба акуратна – празмернасць можа прывесці да закіслення страўніка жывёлы.


На комплексе практыкуецца трохразовая дойка. Гэта, па словах спецыялістаў, найбольш спрыяльны рэжым для павышэння малочнасці жывёлы. Надой на карову тут складае 15 кілаграмаў. Лічба, канешне, нават па раённых мерках не з рэкордных, але на фоне сярэдняга па СВК “Гервяты” 13-кілаграмовага надою вельмі някепская.


– Напэўна, можна было б атрымліваць і больш, – разважае ўслых намеснік начальніка жывёлагадоўчага прадпрыемства. – Тым больш што забяспечанасць кармамі на нашым комплексе блізкая да аптымальнай. Да таго ж, якасць сенажу і сіласу, як паказвае і іх візуальны агляд, і лабараторны аналіз, аднолькава добрыя – статак паядае сакавітыя кармы з задавальненнем. Загваздка, думаю, у пакуль не да канца адрэгуляваных нюансах тэхналогіі вытворчасці. А таксама ў пастаянным нарошчванні пагалоўя. Яшчэ адным “пракольным” момантам дзейнасці комплексу лічу нізкую забяспечанасць спецыялістамі: не хапае заатэхніка-селекцыянера, ветурача… Але мы працуем. Развіваемся. І хаця не абыходзімся без памылак, усё ж, думаецца, ідзём у правільным накірунку.


НА ЗДЫМКУ: жывёлагадоўчыя сакрэты для намесніка начальніка комплексу “Дайлідкі (СВК “Гервяты”) Ганны Антонаўны Александровіч – адкрытая кніга, таму што перш, чым заняць сённяшнюю пасаду, яна не адзін год адпрацавала на ферме ў якасці даяркі. Вытокі “вялікага” малака жанчына ведае не па падручніках.


---------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.