Людмила Адаховская всегда готова помочь больным животным

18:00 / 18.11.2013
Падобна, што прымаўка “Як вы лодку назавяце, так яна і паплыве”, тычыцца і людзей. Чым інакш патлумачыць, што характар Людмілы поўнасцю адпавядае яе імені – “людзям-мілая”.
Маю на ўвазе канкрэтную Людмілу – вядучага ўрача-вірусолага раённай ветэрынарнай лячэбніцы Людмілу Мікалаеўну Адахоўскую.

– З дакладнасцю да “наадварот”, – адмахваецца ад маіх вывадаў жанчына. – Гэта я люблю людзей, гэта яны мілыя майму сэрцу.
Без сумнення! Але, удакладнім, не толькі людзей. Гэтак жа аддана, усёй душой Людміла любіць… усё: жывёлу, кветкі, дрэвы, заняткі спортам, добрую кнігу...
– Хто з жывёлін мой самы-самы любімы? – паўтарае яна маё пытанне. І, крыху падумаўшы, гаворыць: – Кацяняты. Хаця… І сабакі. Ну, канешне ж, сабакі… І козачкі. У маёй мамы ёсць некалькі козачак – такія мілыя, такія ласкавыя… А кароўкі! А свінкі! І… Ды не бывае на свеце нелюбімых жывёлін. Усе яны – браты нашы меншыя і, значыць, управе разлічваць на нашу міласэрнасць… Хіба можна абыякава прайсці каля хворага сабакі ці коціка?! У іх вільготных вачах столькі нявыказанага болю, што часам нельга стрымаць слёзы. Я і ў ветэрынары пайшла таму, што мне заўсёды хацелася дапамагчы тым, каму гэта патрэбна, аблегчыць пакуты ўсіх тых, каму прырода не дала магчымасці скардзіцца…
Хаця, адзначым, першапачаткова ў “айбаліты” Людміла Мікалаеўна зусім не збіралася. Не адзін год яна займалася лёгкай атлетыкай – бегала на сярэднія дыстанцыі (1,5 кіламетра – за 4,5 хвіліны!) – і пасля заканчэння школы вырашыла пайсці па спартыўнай сцежцы: падала дакументы ў інстытут фізкультуры. Напісала сачыненне, здала спартыўныя (ну вельмі складаныя!) нарматывы. Ура! Засталася толькі біялогія. На якой дзяўчына нечакана для самой сябе “зрэзалася”…
Непрыемна – што ўжо тут замоўчваць! Але Людміла не прывыкла доўга “хандрыць”, тым больш што дзявочая палова яе класа вырашыла не разлучацца і пасля школы дружна накіравалася ў Баранавіцкі тэхналагічны тэхнікум. У апошні момант да іх далучылася і Люда.
– Вучыцца было вельмі цікава, – расказвае яна. – Столькі новай інфармацыі пра прадукты, пра спосабы іх прыгатавання. Такая прастора для праяўлення фантазіі!
Асабліва ёй падабалася чараваць з выпечкай – кожную булачку, не гаворачы пра пірог або торцік, юная кандытарша стварала, так бы мовіць, на натхненні.
Пасля заканчэння тэхнікума па размеркаванні Людміла ўладкавалася поварам у сталовую турбазы “Лясное возера”.
–Вельмі цікавая праца, – усміхаецца Людміла Мікалаеўна. – І калектыў цудоўны. І адпачываючыя – такія мілыя людзі – не забывалі падзякаваць нам. Мне вельмі падабалася там працаваць. Неўзабаве мяне накіравалі на рэспубліканскі конкурс кандытараў. І як? Ды па-мойму, нядрэнна: мой каравай “Рамонак” быў прызнаны лепшым, і я стала пераможцам.
А потым…
А потым да суседкі прыехаў у госці яе сваяк – завуч Ваўкавыскага саўгаса-тэхнікума. Пра прафесію ветэрынара ён расказваў з такой паэтычнасцю, што Людміла не вытрымала…
Кіраўніцтва турбазы не хацела адпускаць дзяўчыну. І не толькі таму, што была яна таленавітым кандытарам, – проста паспелі прывыкнуць да яе ўсмешкі, да добразычлівасці, да прыроднага – з глыбінь існасці – аптымізму. Але голас лёсу ўжо паклікаў – і Людміла адгукнулася на яго покліч.
І зноў з галавой – у навуку.
– Вучыцца было лёгка. А можа, я проста люблю вучыцца?.. Даведвацца нешта новае, каб потым набытыя веды выкарыстоўваць на карысць іншым. Тым больш, што ў ветэрынарыю я прыйшла не з гарадскога скверыка – басаногае вясковае дзяцінства з самага пачатку паспела адарыць пэўнымі ведамі пра жывёльны свет. “Практыку” заставалася падмацаваць тэорыяй. Вынік – атэстат з адзнакай.
А далей было размеркаванне на свінакомплекс калгаса “Маладая гвардыя”. І адразу ж за работу. Як заўсёды, натхнёна. З вясёлым азартам. А хіба можна было інакш? Парасяткі ж такія прыгожыя, ружовыя, пяшчотныя – займацца імі суцэльнае задавальненне…
Адразу ж, у 1994 годзе, Людміла паступіла на завочнае аддзяленне Віцебскай ветэрынарнай акадэміі. Без экзаменаў – як выдатніца.
Недзе праз год – у пачатку ліпеня 1995 года – яе сяброўка выходзіла замуж. Там, на вяселлі, дзяўчына пазнаёмілася з хлопцам з Астравеччыны – як з песні, прыгожым ды вясёлым. Вось толькі не было ў яе ў адносінах да новага кавалера ніякіх далёка ідучых планаў! Іх, гэтых уздыхацеляў, у чарнавокай прыгажуні і так было – масты масці, саджалкі саджай… А вось ён, што называецца, “запаў”. Прыехаў праз месяц у госці і адразу прапанаваў руку і сэрца. Людмілу гэтая сітуацыя хіба што павесяліла:
– Заўтра еду на сесію ў Віцебск, – смеючыся, адказала хлопцу. – І калі праз месяц вярнуся дадому, за таго пайду, хто першы пакліча замуж.
Яна пажартавала, а хлопец прыняў да сэрца. У сваты ён прыехаў у дзень яе вяртання з Віцебску. “Кахаю”, “на ўсё жыццё”, “не магу без цябе”…
Вось вы б устаялі перад такімі словамі? І я б не ўстаяла. Так чаго ж здзіўляцца, што ўжо ў лістападзе грымнула вяселле?!
Нездарма мудрыя казачнікі заканчваюць свае расповеды на этапе “пір-на-ўвесь-мір”, маўляў, пажаніліся прынц і прынцэса і жылі доўга і шчасліва…
Чамусьці ў жыцці ўсё атрымліваецца далёка не так гладка.
Спачатку памерла маленькая дачушка, і свет Людмілы страціў яркасць, надоўга апрануўся ў шэрае. Усмешка зноў заіскрылася на твары маладой жанчыны толькі пасля таго, як у яе нарадзіўся сын – цёпленькі крыклівы камячок, сапраўдны цуд!
А недзе праз пяць гадоў агульная дарога мужа і жонкі раздзяліліся на дзве, і кожны з іх пайшоў па сваёй…
Той факт, што давядзецца ў адзіночку “падымаць” сына, не спалохаў жанчыну. Напэўна, таму, што вырасла яна без бацькі – ён памёр зусім маладым, і маці адна выгадавала пяцёра дачок. Людміла была другой па старшынству, а гэта значыць, і нянькай, і памочніцай па гаспадарцы.
– Затое якія мы выраслі дружныя! – радуецца Людміла Мікалаеўна. – Мы і сёння такія. Не дай Бог з адным з нас нешта нядобрае здарыцца – усе тут як тут… Хаця таты нам усім, канешне, не хапала – не хапала канкрэтнасці мужчынскага рашэння, надзейнасці бацькоўскага пляча. Напэўна, менавіта таму я ледзь не з першых дзён так моцна прывязалася да свёкра. Мая свякроў – таксама цудоўная жанчына, але са свёкрам мы значна бліжэй – ён мне як тата…
Амаль адразу пасля пераезду ў Астравец Людміла Мікалаеўна ўладкавалася на працу ў раённую ветэрынарную лячэбніцу і за 18 гадоў ні разу не пашкадавала пра гэта.
– У нас жа вельмі цікавая праца, – гаворыць ветэрынарны ўрач.
– І вельмі патрэбная. Так, нашы пацыенты ходзяць на чатырох нагах, але баліць ім гэтак жа, як нам, двухногім. І дапамога ім патрэбна не менш, чым нам. І ласка… Не магу спакойна глядзець, як людзі, нагуляўшыся з коцікам ці сабачанём, выкідваюць іх на вуліцу. Ну хіба можна так? Хіба гэта па-людску? Мы ў адказе за тых, каго прыручылі, – вось залатое правіла, якое рэгулюе адносіны паміж чалавецтвам і ўсім астатнім жывым светам. І нічога новага не варта выдумваць. Мы ў адказе…
У вірусолага шырокае кола абавязкаў. І хваробы, якія ветэрынар падобнай спецыялізацыі павінен “трымаць на кароткім павадку”, грозныя: лейкоз, шаленства, а цяпер яшчэ і чума…
– За апошнія дзесяць гадоў нам удалося поўнасцю аздаравіць грамадскі статак ад лейкозу, – гаворыць Людміла Мікалаеўна. – На сённяшні дзень Астравецкі раён – адзін з самых чыстых ад лейкозу рэгіёнаў рэспублікі. Шаленства… Тут ёсць праблемы. Праводзім пасіўную вакцынацыю дзікай жывёлы – раскладаем спецыяльныя прынады, вакцынуем хатнюю жывёлу. Адным словам, змагаемся са страшнай хваробай.
Сёння праблемай нумар адзін ветэрынарнай вірусалогіі з’яўляецца госця з Афрыкі – чума. І бяздзейсна чакаць яе эпізаатычнага развіцця ветэрынары не збіраюцца – у раёне ідзе актыўная прафілактычная работа, праводзяцца агляды жывёлагадоўчых памяшканняў – і прыватных, і гаспадарак. Людміла Мікалаеўна нават арганізоўвае сустрэчы з паляўнічымі – тлумачыць ім меры перасцярогі, знаёміць з прыкметамі праяўлення хваробы…
– Шкада, што Адахоўская ў свой час не пайшла ў медінстытут, – у адзін голас уздыхаюць людзі, якім выпадае пазнаёміцца з Людмілай Мікалаеўнай бліжэй. – Які б цудоўны доктар з яе атрымаўся – нераўнадушны, адказны, з паглыбленымі ведамі і жаданнем імі дзяліцца з людзьмі!
Затое жывёлінкам пашанцавала – Людміла Мікалаеўна лічыць сябе адказнай за ўсіх, каго мы, людзі, прыручылі. І заўсёды гатова прыйсці на дапамогу хворым чацвёраногім. Хаця… Хаця і за непрыручаных, дзікіх і бяздомных яе чулае сэрца таксама адчувае асабістую адказнасць.


Паважаныя землякі!
Калі ў вас ёсць хатняя жывёла, не забывайце своечасова аднаўляць яе вакцынацыю ад шаленства. Гэтым нескладаным шляхам вы зберажаце здароўе і сваё, і сваіх гадаванцаў.


---------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.