Знакомимся с женской частью коллектива фермы "Лоси"

10:00 / 19.11.2013
Ёсць комплексы цэнтральныя – высокія і важныя, са спецыяльнай залаю для дойкі праз “кампы”. А мне мілей няшумныя, мілей малалітражныя, маленькія, утульныя, такія, як “Ласі”.
Жарты жартамі, але ў новых жывёлагадоўчых комплексах, зацягнутых у гарсэт сучасных ламінатаў, сайдынгаў і іншых здабыткаў “еўрарамонту”, пачуваеш сябе як у бальніцы – так і хочацца нацягнуць на боты стэрыльныя бахілы… І, як ні дзіўна, пры ўсёй люстраной чысціні іх памяшканняў, у паветры лунае даволі адчувальны водарчык.
А на ферме “Ласі” зручнасцяў значна менш (прынамсі, камп’ютарнага забеспячэння дойкі выявіць не ўдалося). Затое паветра там свежае нават у кароўніку. Па сценах развешаны зёлкі, нарыхтаваныя даяркамі, і хвойныя лапкі.
На ферме “Ласі” таксама чыста, але гэтая чысціня нейкая свойская, зрадні хатняй – здаецца, закончыла гаспадыня “абыходзіцца” і тут жа “абмялася”, ліквідавала наступствы догляду за жывёлай.
Але давайце сёння пазнаёмімся з жаночай часткай калектыву фермы.

Валянціна Зянонаўна Козел, загадчыца.
Пасля заканчэння Міхалішкаўскай сярэдняй школы працавала загадчыцай клуба ў Жукойнях, паштальёнам. Потым перайшла ў СВК “Міхалішкі”, дзе на працягу васьмі гадоў была загадчыцай збожжасклада. А потым ферма “Ласі” засталася без кіраўніка, і старшыня гаспадаркі папрасіў Валянціну Зянонаўну ўзначаліць ферму. Ненадоўга. Усяго на месяц. Жанчына згадзілася.
З тых часоў прайшло 14 гадоў…
– Нездарма кажуць, што няма нічога больш пастаяннага, чым часовыя рэчы, – усміхаецца Валянціна Зянонаўна. – Ды, паклаўшы руку на сэрца, шчыра прызнаюся, што я ўжо і сама не хачу нічога мяняць – прывыкла да фермы, прырасла да калектыву – у нас ён зладжаны і дружны.
У гэтым месцы расповеду загадчыцы адзначым, што такім калектыў быў не заўсёды. Што Валянціне Зянонаўне давялося змагацца і з п’янствам, і з гультайствам, і з абыякавасцю сваіх падначаленых. Што прыйшлося адмовіцца ад паслуг значнай часткі калектыву. Дарэчы, сёння на ферме не працуе ніводзін чалавек з вёскі Ласі – да прыкладу, усе даяркі – з “цэнтральнай сядзібы”, з Міхалішак, і штодня іх прывозяць сюды на спецаўтобусе.
– А я ўжо пра цяжкасці забылася, – усміхаецца загадчыца. – Было і сплыло. Галоўнае, што цяпер людзі падабраліся талковыя, адказныя, руплівыя, прычым не толькі даяркі, але і жывёлаводы: Віктар Іосіфавіч Памецька, Віктар Віктаравіч Памецька, Анатоль Эдуардавіч Вайцяховіч, Іван Валяр’янавіч Часнойць. Мне не трэба тыцкаць пальцам – людзі самі бачаць, што трэба рабіць.
А падначаленыя адзываюцца пра сваю загадчыцу так:
– Наша Зянонаўна не ўмее крычаць. Павышаныя таны наогул не яе “канёк”. З калектывам яна заўсёды размаўляе спакойна, нават калі здараецца нешта не асабліва прыемнае. Здарылася? Значыць, трэба тэрмінова выправіць сітуацыю і зрабіць усё ад нас залежнае, каб яна не паўтарылася. У выніку ўсё вырашаецца без дарэмнага “палення” нерваў. За гэтую рэдкую якасць характару мы асабліва паважаем нашу загадчыцу. А яшчэ – за выдатныя арганізатарскія здольнасці і за нястомнасць – на працягу ўсіх гэтых гадоў яна працуе, лічы, без выхадных…
Крык – удзел слабага чалавека, гэта разумеюць усе. І ўсё роўна крычаць. А Валянціна Зянонаўна стараецца дзейнічаць спакойна, да работнікаў падыходзіць індывідуальна.
– Усе людзі розныя, – лічыць яна. – І кожны з нас жыве, як умее. Адзін шпаркі, другі запаволены, трэцяму трэба спадцішка падказаць, чацвёрты любіць, каб каля яго пастаялі – падтрымалі маральна… Так і дзейнічаю. Не скажу, што прыйшла да падобнага стылю кіраўніцтва так ужо лёгка, – можа, я і не крычу на людзей, але нерваў, паверце, згарае не менш. Затое сёння на нашай ферме працуюць надзейныя людзі. А пасля таго, як сёлета ў нас адбыўся рамонт (бачыце, як прыгожа?), мы наогул сталі адчуваць сябе як дома.
Рамонт сапраўды зроблены грунтоўны: пашыраны ўваходныя дзверы, што дазволіла раздаваць кармы механізаваным шляхам – з дапамогай кормараздатчыка; заменены сістэмы паення і выдалення гною; устаноўлены новы халадзільнік. Адноўлены пакой для адпачынку і іншыя падсобныя памяшканні. Нарыхтаваны добры запас кармоў. “Калі не давядзецца дзяліцца з іншымі фермамі гаспадаркі, дык перазімуем у сытасці”, – кажа Валянціна Зянонаўна.


Ірына Станіславаўна Цюкша, даярка.
Родам з вёскі Дубнікі. У Міхалішкі прыйшла замуж.
Ірына Станіславаўна – таксама з “часовых”, з тых, каго хітрун-старшыня падгаварыў выйсці “толькі на адзін месяц”.
Спачатку яна працавала ў бальніцы на кухні. Потым прыбірала кантору. Але працу даяркі ведала з маленства – дапамагала маці на ферме. Расказвае Ірына Станіславаўна:
– У маміны часы даілі ўручную – вось гэта было цяжка! Не сказаць, што сёння лёгка, але ў параўнанні з тым, што давялося паспрабаваць у дзяцінстве, – неба і зямля. Да таго ж, калектыў у нас талковы – ніякіх “разборак”, наадварот – узаемавыручка. І пастухі – ад слова, што ні папросім – выканаюць. І жывёла высокапрадуктыўная – радуе надоямі.
Іншая справа, што і да жывёлы, як да людзей, трэба падабраць “ключык”. Адна цябе спачатку старанна абнюхае, другая – выліжа, трэцяя, калі зазяваешся, і штурхануць можа, але без злосці – так, дзеля парадку. Хаця…
Выйшла я нядаўна пасля выхадных на працу, а Марына, якая мяне падмяняла, скардзіцца: карова з маёй групы яе ледзь не пакалечыла. Не можа быць, – кажу. – Гэтая якраз спакойная была. Не паспела я падысці да капрызніцы, як яна таксама мне стала скардзіцца – пакрыўджана мукаць. Эх, вы, – кажу, – не сышліся характарамі.
Мне мая праца падабаецца, – працягвае жанчына. – Нялёгкая фізічна, затое цікавая. І плён сваіх памкненняў бачыш адразу – надой кожнай каровы мы старанна кантралюем.
А вось каб дзеці па маёй сцежцы пайшлі, не хацела. Яны і не пайшлі. Дачка Валя працуе настаўніцай у школе, сын Аляксандр – на Сольскім камбікормавым заводзе. Унука маю і ўнучку, якім таксама хочацца дапамагчы. Таму, пакуль ёсць здароўе, папрацую.
Адпачынак? Няма на яго часу. У выхадны дзень трэба і прыбрацца, і бялізну перамыць, і агарод спарадкаваць. Летам люблю збіраць ягады, балазе лес побач: выйшаў за плот – і ты ўжо ў лесе. Зімой, калі выдаецца вольная хвіліна, люблю пасядзець з вязаннем. Усё як ва ўсіх – няма чым здзівіць…


Яніна Любаміраўна Лаздоўская, даярка.
Закончыла Варнянскую сярэднюю школу. Паступіла ў сельскагаспадарчы тэхнікум, але не закончыла яго – выйшла замуж. Разам з мужам пераехала ў Мядзель. Працавала кандуктарам. Неўзабаве здарылася трагедыя – загінуў муж. Яніне Любаміраўне нічога не заставалася, як вярнуцца ў Шульнікі ў бацькоўскі дом. Працаваць яна пайшла на ферму.
Праз нейкі час жанчына зноў выйшла замуж і перабралася ў Міхалішкі. Месцам прымянення яе працавітых рук стала ферма “Ласі”.
Расказвае Яніна Любаміраўна:
– У нас на ферме сапраўды няма ніякага паху. Нават муж здзіўляецца: чаму ад мяне не тхне сіласам? Гэта таму, што мы старанна падтрымліваем чысціню ў памяшканнях і робім рэгулярнае праветрыванне. Асабліва мне падабаецца пах пасля падсыпкі свежага пілавіння – лесам пахне.
Заробкі ў нас нядрэнныя, яны “прывязаны” да надою – колькі надоіш, столькі і атрымаеш. Канешне, пры сённяшніх цэнах зарплата разыходзіцца хутка. Але стараемся крыху эканоміць – хочацца дапамагчы дачцы і ўнуку. У ўнука на днях будзе дзень нараджэння, дык – вось жа хітрун! – патэлефанаваў мне і кажа: “Дзіўны сон мне, бабуля, сёння прысніўся, быццам бы ты купіла мне ноўтбук. Да чаго гэта, як ты думаеш?”. Ну што рабіць? Сон будзе ў руку – заўтра ў мяне выхадны, паеду купляць ноўтбук.
У жанчыны на першым месцы заўсёды сям’я – дзеля яе яна і жыве, і працуе. На другім (так, толькі на другім) – уласнае здароўе. І толькі на трэцім праца. Але і трэцяе месца – прызавое, так што схалтурыць не атрымаецца – выкладацца давядзецца на ўсе 100.


Святлана Міхайлаўна Кавальчук, даярка.
33 гады. Трое дзяцей. Жыла ў Пастаўскім раёне. Пасля пажару іх сям'я (дом згарэў, як свечка, з усяго нажытага засталося толькі самае бясцэннае – дзеці) пераехала ў племптушказавод “Беларускі”, што на Міншчыне. Але ў якасці жылля ім выдзелілі адзін адносна прыстасаваны пакой у былой канторы. Кавальчукі – людзі ненахабныя, не любяць “лезці ў вочы”. Звярнуліся некалькі разоў да кіраўніцтва – тыя не адмовілі, паабяцалі, але “воз” так і застаўся стаяць на месцы. Тады на сямейнай радзе было прынята рашэнне пераехаць да бабулі Святланы, якая жыве ў Будранях.
Працаўладкоўвацца вырашылі ў мясцовай гаспадарцы. Звярнуліся, а ім адразу – дом з усімі сучаснымі зручнасцямі. Радасці вялікіх і маленькіх Кавальчукоў не было канца!
Расказвае Святлана Міхайлаўна:
– Цяжка і перадаць, якая гэта радасць: пасля пажару, пасля мытарстваў па прыстасаваных пакоях пасяліцца ў прыгожы, светлы дом! У жывёлагадоўлі я працую не першы год: была цялятніцай, працавала даяркай на камп’ютарным абсталяванні. Цяпер вось вярнулася, так бы мовіць, да вытокаў. І так мне падабаецца, што ёсць непасрэдны кантакт з жывёлай, што можна яе патрапаць па вушку, а яна ў адказ лізне цябе языком! Усе гэтыя высокія тэхналогіі добра, але кароўцы патрэбна ласка, яна павінна адчуваць, што яе любяць.
Увогуле, нам усім патрэбна пачуццё ўласнай запатрабаванасці, пяшчоты і любові. Толькі так мы можам адчуваць сябе шчаслівымі. І жывёла – таксама.


---------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.