Как островецкие дорожники песок моют

14:51 / 20.09.2012

У вялікіх гарадах прынята мыць асфальт. А маленькія мыюць… пясок. Не верыце? Наведайце хутар “Запольскае” – упэўніцеся самі. Накірунак руху вам падкажа новенькая, “з іголачкі”, грунтовая дарога, якая сёлета адзначыла свой першы дзень нараджэння. І няхай вас не турбуе, што бяжыць яна ў глухі лес. Проста даверцеся дарозе.


…Змрачнаваты натоўп заімшэлых ялін раптам расступаецца – і пасля яго змрочнасці нечакана яркае святло прымушае на момант заплюшчыць вочы. А калі, падкарэкціраваўшы святлоўспрыманне, ты іх расплюшчваеш…
Такое ўражанне, што глядзіш мастацкі фільм на “вытворчую тэму”: туды-сюды дзелавіта сноўдаюць вялікія МАЗы, прыгожы, сонечнага колеру і японскай вытворчасці экскаватар, па-буслінаму закідваючы галаву-коўш, напаўняе іх прамавугольныя кузавы свежаздабытым пяском. Грузавікі вязуць яго на супрацьлеглы бок пляцоўкі і ссыпаюць у бункер, падобны на тыя, што ўсталяваны на збожжатаках.
Па спецыяльным транспарцёры пясок паступае на першае сіта, якое аддзяляе ад яго буйныя камяні – пазней яны “паедуць” на камнедрабілку кар’ера “Смілгі”, прайшоўшы скрозь якую, стануць гравіем, лягуць на нашы дарогі ў складзе асфальта-бетоннага пакрыцця. А пясок тым часам спяшаецца далей і, праходзячы скрозь вузенькія шчыліны наступнага сіта, пакідае ў яго бункеры ўсе свае часцінкі, памер якіх перавышае 5 міліметраў. Гэтую фракцыю здрабняць не трэба: дробныя каменьчыкі – гатовы, прыродай падрыхтаваны гравій, які таксама выкарыстоўваецца падчас рамонту і будаўніцтва сучасных дарог.
А транспарцёр між тым прадаўжае “раскрутку”– і адсеяны пясок нарэшце прыбывае ў пункт свайго прызначэння – у пясковую “лазню”, якая ўяўляе сабой металічную ёмістасць, у чэраве якой, падганяемы спецыяльнымі лопасцямі, пясок мыецца.





– З дапамогай вады мы выдаляем з пяску гліністыя і пылявідныя часцінкі, – тлумачыць сэнс гэтай тэхналагічнай “лазні” майстар Юрый Цыбульскі. – З пяску, які прайшоў праз мыйна-сартыравальны комплекс, атрымліваецца бетонны раствор вышэйшай якасці.
Мыйна-сартыравальны комплекс здадзены ў эксплуатацыю нядаўна – працуе ўсяго месяц, а ўдзячнасцямі ад заказчыка ўжо можна запоўніць кузаў МАЗа.
– Ачышчаны пясок можа набыць у нас кожны жадаючы, фізічныя асобы ў тым ліку, – гаворыць начальнік дарожна-будаўнічага ўпраўлення №159 Дзмітрый Пятровіч Куліна. – За змену мы намываем яго каля тысячы тон. Увесь ачышчаны пясок сёння выкарыстоўваецца на будаўніцтве атамнай электрастанцыі.






Астравецкія дарожнікі – кемлівыя людзі. Як жартуе іх кіраўнік, яны першымі ў Беларусі паверылі, што пляцоўкай для АЭС стане менавіта Астравеччына, і адразу пачалі шукаць шляхі супрацоўніцтва.
– Ачышчаны пясок, – працягвае Дзмітрый Пятровіч, – выкарыстоўваўся ў нашым раёне і раней – яго дастаўлялі па чыгунцы з Гродна, Чысці. І, канешне, з-за затрат на транспарціроўку кошт гэтага неабходнага на любой будоўлі матэрыялу значна павышаўся. Мы вырашылі арганізаваць працэс на месцы. Абласное кіраўніцтва на чале з генеральным дырэктарам “Гроднадарбуда” Валерыем Уладзіміравічам Кокашам нашу ініцыятыву падтрымала і дапамагло ў яе ажыццяўленні. І мы пачалі дзейнічаць: з дапамогай геолагаў і праектантаў выбралі пляцоўку будучага кар’ера памерам у шаснаццаць гектараў, узгаднілі пытанне з лясгасам, выпілавалі дрэвы, выдалілі карані і знялі грунт, пабудавалі пад’яздную дарогу. А калі ўсе папярэднія работы былі зроблены, набылі па лізінгу мыйна-сартыравальны комплекс чэшскай вытворчасці. Мантаж новага абсталявання выканалі практычна сваімі сіламі – вядома, пад кіраўніцтвам спецыялістаў з Чэхіі.
Для мыцця патрэбна вада – адкуль яна ў лесе? У адпаведнасці з тэхналогіяй працэсу адмыўкі непасрэдна на пляцоўцы былі выкапаны два вадаёмы. Вада з аднаго з іх праз спецыяльную трубу паступае ў ёмістасць, у якой адбываецца мыццё пяску, далей па другой трубе выкарыстаная вада з часцінкамі пылу і гліны перацякае ў суседні вадаём, перадвызначанай для яе адстою, пасля чаго яна пераліваецца ў “чыстую” сажалку – і яе кругазварот паўтараецца.
– Будаўніцтва пляцоўкі і набыццё комплексу абышлося нам у 5 мільярдаў рублёў, – гаворыць начальнік ДРБУ-159. – Але скурка вартая выдзелкі – новая ўстаноўка выгадная і нам, і будаўнікам. А грошы, затрачаныя на яе будаўніцтва, па разліках эканамістаў, павінны вярнуцца праз чатыры гады. Устаноўка ж, спадзяёмся будзе працаваць не адно дзесяцігоддзе – догляд за абсталяваннем мы наладзілі надзейны. Ды і залежаў пяску ў кар’еры павінна хапіць на многія гады.

-----------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.