Один водитель весь комплекс кормит

12:09 / 22.10.2019
Вясковыя людзі, як ніхто іншы, ведаюць сапраўдны кошт простых, на першы погляд, рэчаў: хлеба, усмешкі, сяброўства, працы… Вадзіцель КСУП «Гервяты» Іван Алітойць, чый партрэт сёлета занесены на раённую Дош­ку гонару, не гнаўся за вялікім рублём і матэрыяльнымі дабротамі – а з дня ў дзень больш за трыццаць гадоў возіць збожжа і траву, рамантуе тэхніку і не думае пра тое, каб пакінуць родную гаспадарку. 

З Іванам Генрыхавічам я сустрэлася на механічных майстэрнях у Дайлідках. Адкрыты позірк і шчырая ўсмешка выдавалі ў мужчыне чалавека адкрытага, праўдзівага.

– Многія, асабліва маладыя, бачаць шчасце ў грашах, – пачынае размову вадзіцель. – Але гэта не так: за іх здароўе не купіш і каханне таксама. Для мяне самае галоўнае, каб у блізкіх было ўсё добра, – астатняе адыходзіць на другі план. 

0.jpg



Прыказка «дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся» якраз пра Івана Генрыхавіча.

– Я з простай шматдзетнай сям’і. Нарадзіўся на хутары непадалёк ад Дайлідак. Бацькі працавалі ў калгасе: маці хадзіла на палявыя работы, а бацька быў трактарыстам. За шчасце было, калі тата браў мяне з сабой пракаціцца. А калі рамантаваў трактар і дазваляў падносіць яму розныя гайкі і шурупы – я быў самым шчаслівым дзіцем на ўсёй планеце, – узгадвае мужчына сваё дзяцінства.

Пасля заканчэння васьмігодкі ў Дайлідках Іван вучыўся ў астравецкай школе. У старэйшых класах атрымаў правы трактарыста і пасля  апошняга званка пайшоў працаваць у калгас імя Калініна.

– Мяняліся назвы калгаса і яго старшыні, рэарганізоўваліся і аб’ядноўваліся гаспадаркі. Я, як пачаў працаваць у 1988 го­дзе, так да гэтага часу і працую ў Дайлідках, – расказвае Іван Генрыхавіч. – Праўда, два гады адслужыў у Пскове ў па­вет­рана-дэсантных войсках. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў калгас. Тагачасны старшыня Віктар Іванавіч Ярмак даў мне «ГАЗончык», на якім я і зерне вазіў, і сянаж. 

Але ж не працай адзінай… На танцах у Дайлідках мужчыне глянулася сімпатычная дзяўчына – Тарэсу па раз­мер­каванні  накіравалі пра­цаваць у мясцовы дзіцячы садок. Маладыя людзі пачалі сустракацца, а праз два гады пабраліся шлюбам. Праўленне калгаса выдзеліла Алітойцям дом, які яны з часам выкупілі. Неўзабаве ў іх нарадзіліся дзве дачушкі.

– Марына ўжо замужам, працуе  ў астравецкай бальніцы медыцынскай сястрой, а Святлана – у культуры. Цешуся, што дочкі выраслі разумнымі і талковымі. Радуе і ўнучачка, – з умешкай гаворыць мужчына. 

Некалькі апошніх гадоў з ранняй вясны і да першых маразоў Іван Генрыхавіч працуе на кор­маўборачным камбайне. Меха­нізатары па-добраму жартуюць: адзін корміць увесь малочна-таварны комплекс «Дай­лід­кі». 

Раней Іван Алітойць разам з  Валянцінам Танковічам неаднаразова ўзначальвалі раённае спаборніцтва па намалотах. У пары мужчыны неаднойчы шчыравалі і на пасяўной: дзякуючы іх зладжаным дзеянням, за дзень у «Гервятах» засявалася больш за 30 гектараў. 

– У сельскай гаспадарцы работы заўсёды хапае, некаму ж трэба жывёлу карміць і хлеб расціць. Мне мая работа падабаецца, – на развітанне сказаў Іван Генрыхавіч.  


Бліц-апытанне

– Што самае галоўнае ў вашай рабоце?

– Не праспаць. (Усміхаецца.) А то каровы застануцца галоднымі – і малака не будзе. Цьфу-цьфу, каб не сурочыць, за дзесяць гадоў ніводнага разу не праспаў. Нават калі выхадны выдаецца, усё адно прачынаюся ў чатыры раніцы.

– Якія якасці найбольш цэніце ў людзях?

– Дабрыню і спагадлівасць. На маім жыццёвым шляху не раз сустракаліся добрыя людзі, таму і сам імкнуся доб­ра ставіцца да людзей. 

– Калі б працавалі не вадзі­це­лем, то кім?

– За столькі гадоў я так прывык да сваёй работы, што ў іншым месцы сябе нават уявіць не магу.

– Што адчулі, калі даведаліся, што ваш партрэт занесены на раённую Дошку гонару?

– Прыемна, што маю працу так высока ацаніла кіраў­ніцтва гаспадаркі. Але ж я нічога асаб­лівага не зрабіў: працую, як і ўсе. 

Текст:
Фото: Алёна Ганулич