Хроніка палявых работ па стане на 7 красавіка

15:12 / 08.04.2019

З кожным днём на Астравеччыне павялічваюцца плошчы пад яравымі культурамі.

Па даных сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, на 7 красавіка пад сяўбу яравых культур падрыхтавана 9 023 гектары, што складае 52% ад плана, у тым ліку пад сяўбу ранніх яравых культур – 8 156 гектараў (90%).

IMG_6581.jpg

Насенне прыгорнута ў глебу на 6 072 гектарах, што складае 35% ад плана. З сяўбой ранніх збожжавых і зернебабовых астравецкія аграрыі справіліся на 65% – засеялі гэтымі культурамі 5 894 гектары.

Хлебаробы КСУП “Гудагай” цалкам справіліся з сяўбой ранніх збожжавых і пачалі сеяць цукровыя буракі. Іх насенне прыгорнута ў глебу на 27 гектарах (10% ад плана гаспадаркі).

З пазіцыі “асоб” лідзіруе ячмень, які заняў 3 084 гектары (69%). На долю яравой пшаніцы прыпадаюць 1 394 гектары (53%), аўса – 790 гектараў (88%), зернебабовых – 626 гектараў (59%).

Садзіць бульбу сёлета будуць толькі дзве гаспадаркі. У КСУП “Гудагай” пад другі хлеб адвялі 100 гектараў, у КСУП “Гервяты” – 40 гектараў.

План падсеву шматгадовых траў аграрыі выканалі амаль напалову: падсеялі траву на 1 214 гектарах.

Догляд за азімымі культурамі набірае абароты: на Астравеччыне пачалася другая падкормка мінеральнымі ўгнаеннямі збожжавых і рапсу.


Текст:
Фото: Алена Гануліч