Як праходзіць сяўба ў КСУП “Гервяты”

10:44 / 08.04.2019
Напачатку тыдня сяўба ранніх збожжавых і зернебабовых у КСУП «Гервяты» пераваліла за экватар: на 1 красавіка насенне гэтых збожжавых было прыгорнута ў глебу на плошчы 1 030 гектараў. Сваёй чаргі чакаюць кукуруза, грачыха, проса, цукровыя буракі…

Па тэмпах сяўбы гервятцы трывала замацаваліся на другой пазіцыі ў раённым «табелі рангаў» – наперадзе толькі КСУП «Гудагай». 

– Адсеяцца ў час і якасна – першачарговая задача, – уводзіць у курс спраў галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька. – Вільгаці ў глебе сёлета вельмі мала і з кожным днём зямля перасыхае ўсё больш. Таму пераацаніць важнасць і кошт не тое што кожнага дня – кожнай гадзіны на сяўбе проста немагчыма: людзі працуюць у полі з сямі раніцы да сямі вечара. Нездарма ж кажуць: веснавы дзень год корміць…

IMG_2015 Ковалько.jpg

Галоўны аграном КСУП «Гервяты» Аляксандр Кавалька

Агульнымі намаганнямі  трох магутных камбінаваных пасяў­ных агрэгатаў у сярэднім за дзень у гаспадарцы засяваецца каля 90 гектараў, што складае 4% ад агульнага плана сяўбы. На падсеве шматгадовых траў задзейнічаны тры сеялкі. 

– Паспяховасць пасяўной кампаніі залежыць ад тэхнікі, якасці насення, запасу паліва, урэшце ніхто не адмяняў так званы чалавечы фактар, –  па дарозе на поле разважае галоўны аграном. – На этапе падрыхтоўкі да сяўбы не хапала пратручвальнікаў для насення, але вырашылі гэтае пытанне. Падрыхтавана крыху больш за 200 тон зерня збожжавых і зернебабовых. З палівам, дзякаваць богу, праблем няма. Забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі пад яравую сяўбу на сёння складае 80%. 

IMG_2001.jpg

Віктар Гродзь працуе на пагрузцы арганікі

Збожжавая група свой колькасны і якасны склад сёлета значна не змяніла. Па стане на 3 красавіка авёс заняў 210 з 250 гектараў, ячмень – 342 гектара, з якіх 180 – півавараны, а пшаніца пасеяна на плошчы ў 354 гектары. Для выканання плана па фарміраванні паўтарагадовага запасу кармоў у гаспадарцы сёлета павялічылі на 300 гектараў пло­шчу пад кукурузай. 

– У кормавытворчасці цяжка пера­ацаніць ролю люцэрны – гэта культура багатая на бялкі і вітаміны. Ужо пасеялі 100 гектараў з 200 запланаваных, – расказвае Аляксандр Кавалька. – Рыхтуем палі пад сяўбу цукровых буракоў. Думаю, да канца тыдня пачнём іх сеяць. 

Каб атрымаць добры ўраджай, трэба своечасова і ў поўным аб’ёме падкарміць азімыя. З гэтай задачай у КСУП «Гервяты» цалкам справіліся: патрэбную дозу «мінералкі» атрымалі збожжавыя на плошчы 2 342 гектары і рапс на плошчы 650 гектараў. 
На гервяцкіх палях кіпіць работа: адны рыхтуюць глебу, другія сеюць, трэція – во­зяць арганіку. 

IMG_1998 Суботкевич.jpg

Памочнік загадчыка расліннаводчага ўчастка №1 Міраслава Субаткевіч толькі пачынае свой працоўны шлях. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага  ўніверсітэта дзяўчына  атрымала накіраванне ў КСУП «Гервяты».


Кампетэнтна
Віктар Чума, загадчык сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання:
– На вясенне-палявых работах працаўнікі КСУП «Гервяты» паказваюць доб­ры спрыт. Выконваецца рэгламент сяўбы збожжавых, парушэнняў няма. У гаспадарцы завяршылі першую падкормку мінеральнымі ўгнаеннямі азімых культур, працягваюць падкормліваць сенакосы і пашу. 

IMG_1990 Янович.jpg

Віталь Яновіч уносіць пад яравую сяўбу арганіку


IMG_1994 Бразевич.jpg

Рамуальд Базевіч у гаспадарцы працуе больш за 20 гадоў. Сёлета механізатар заняты на ўнясенні арганікі


IMG_2002 Кирпо.jpg

Андрэй Кірпа падвозіць на поле збожжа


IMG_2012 Васильчик.jpg

Араты Валерый Васіль­чык на некаторы час «уцёк» з гаспадаркі на будаўніцтва атамнай электрастанцыі, але хутка вярнуўся. Мужчына прызнаецца, што без тэхнікі не ўяўляе свайго жыцця


43.jpg

Адзін з самых вопытных сейбітаў КСУП «Гервяты» Эдуард Мілэйша за дзень засявае больш за 50 гектараў.


Прафсаюз – аграрыям

Па ініцыятыве райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу на Астравеччыне штогод праходзіць конкурс механізатараў па выніках вясенне-палявых работ. Па якіх крытэрыях сёлета будуць вызначацца лепшыя хлебаробы, расказаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Адула:

– З 1 па 10 красавіка аб’я­вілі веснавую дэкаду вясенне-палявых работ. Падчас спаборніцтва сярод меха­ніза­тараў будуць ацэньвацца  наступныя катэгорыі: ворыва, сяўба, культывацыя, унясенне арганікі, яе пагрузка і ўнясенне мінеральных угнаенняў. Па кожным удзельніку будзем збіраць даныя па выкананых аб’ёмах работ, суміраваць іх і вылічваць сярэднядзённую норму. Па выніках дэкады будуць вызначаны тры прызавыя месцы ў кожнай катэгорыі работ. Пераможцы атрымаюць Падзячныя пісьмы і падарункі. 
Текст:
Фото: Алена Гануліч