Адзін дзень жніва агранома КСУП “Гудагай”
Тым не менш хлебаробы не трацяць аптымізму і штодзень – балазе, надвор’е змяніла гнеў на міласць – літаральна да ночы, пакуль не выпадзе раса, убіраюць ураджай.
Пра адзін дзень жніва ў адзінай у раёне гаспадарцы, якая займаецца вытворчасцю элітнага насення збожжа і бульбы, нам расказаў галоўны аграном КСУП «Гудагай» Андрэй Іванавіч Ненартовіч.
Галоўны аграном КСУП “Гудагай” Андрэй Ненартовіч
– У сельскай гаспадарцы працую дзясяты год: гэтае жніво – юбілейнае. Але ніколі так не балела душа, як сёлета, – прызнаецца галоўны тэхнолаг гудагайскіх палёў. – Якія планы былі на збажыну! Глебу і насенне падрыхтавалі, пасеялі, своечасова падкармілі, вясной азімыя ўжо радавалі вока густым зялёным шчаціннем. Яравыя таксама няблага ўзышлі і падавалі надзеі. Але вясна, калі два месяцы ніводнай кроплі з неба не ўпала, перакрэсліла ўсе планы і надзеі.З надвор’ем не паспрачаешся. Дзякаваць богу, што цяпер не дажджыць – убраць бы тое, што вырасла. Хоць, па ўсім бачна, ураджай бульбы і буракоў сёлета будзе багатым. І кукуруза ў рост чалавека вымахала! Гэта мяне, як агранома, канешне, радуе. А за збажыну ўсё ж перажываю – столькі намаганняў укладзена! Але трэба змірыцца: не ўраджайны на збожжа выдаўся год… Але без яго дакладна не застанемся.
Маглі б, канешне, хіміяй «даспяліць» некаторыя ўчасткі – і па тэхналогіі можна, і сродкі ёсць – а не пасунешся, бо там канюшына падсеяна. Круці галаву, як лепш зрабіць: каб і ўраджай сабраць, і падсеву не нашкодзіць.
Мар’ян Янкоўскі не першы год заняты на корманарыхтоўцы
Тэхніка ў нас разбіта на тры звяны, у кожным з якіх працуюць па чатыры камбайны і па два МАЗы з прычэпамі на адвозцы збожжа. Летась, памятаю, машыны не паспявалі вазіць зерне, так добра сыпалася, а сёлета двух машын хапае, каб на ўчастку камбайны не прастойвалі.Штогод імкнёмся абнаўляць парк збожжаўборачнай тэхнікі. Яна даверана адказным механізатарам. Праўда, падчас уборкі саперніцтва – хто хутчэй і больш намалоціць, – усё ж ёсць. І справа тут нават не ў грашах. Калі хочаце, гэта справа мужчынскага гонару.
І такую гарачыню, што стаіць зараз, збожжа практычна не патрабуе дасушкі. Раз прагнаў праз сушылку – і гатова. Сёлета літаральна перад уборкай набылі новы зернесушыльны комплекс «Грын вэй», які працуе на поўную магутнасць у Германішках. За суткі каля 80 тон збожжа там даводзяць да патрэбнай кандыцыі. Праўда, трошкі папацелі, каб адаптаваць яго пад нашы рэаліі – але ўсё атрымалася. Хлопцы, якія на ёй працуюць, ужо перасушылі больш як дзве тысячы тон збожжа – і гэта радуе.
У нас ёсць і лінія дапрацоўкі зерня. Пробныя партыі збожжа здаём на аналіз: калі добрая ўсходжасць, то збожжа дапрацоўваем – яно пойдзе ў насенны фонд.
Яўген Грабоўскі і Аляксандр Ермаковіч летась першымі ў гаспадарцы намалацілі тысячу тон збожжа. Сёлета іх камбайн КЗС-1218 упрыгожаны малюнкамі беларускага сцяга і збожжа
Большую частку кармоў звычайна нарыхтоўвалі першым укосам. Ды самі бачылі, якія сёлета травы былі. Затое пасля дажджоў атава нібы на дражжах расце. Паглядзіце, як канюшына падымае свае налітыя сакавітыя галовы! Косім у самую фазу цвіцення – сянаж атрымаецца што трэба.
…Кажуць, што год на год не прыходзіцца. Разумею, што, каб атрымаць добры ўраджай, мы зрабілі ўсё і нават больш – але ўсё адно перажываю… Відаць, душа ў агранома такая: хварэеш за кожную раслінку.
Вадзіцель Аляксандр Карвэцкі перавёз 1 тысячу тон збожжа
У гэтым звяне працуюць маладыя камбайнеры
На зернетоку ў Палушах працуюць сын і бацька Генадзь і Казімір Масальскія
Вацлаў Кандратовіч – адзін з самых вопытных гудагайскіх аратых
Арцём Янкоўскі скошаную і падвяленую канюшыну зграбае ў валкі
Алег Яблонскі возіць “зялёнку”
На кормаўборачным камбайне Міхаіл Лашчонак падымае і здрабняе падвяленую канюшыну
Не першы год на корманарыхтоўцы заняты вадзіцель Мікалай Іваніцкі
Дзмітрый Маргентал, вадзіцель
Аляксей Сакалоўскі сёлета возіць зялёную масу, а некалькі гадоў назад убіраў на камбайне ўраджай
Святлана Васілеўская вядзе ўлік зробленых вадзіцелямі рэйсаў
Зыгмунд Лукашэвіч кладзе травы ў пракосы. Пазалетась механізатар стаў адным з лепшых касароў вобласці