Корманарыхтоўка ў Гервятах

10:28 / 08.06.2018

Корманарыхтоўшчыкі КСУП “Гервяты” ўвайшлі ў смак касавіцы – інакш не скажаш. Напачатку тыдня на полі за Дайлідкамі дыслацыраваўся цэлы дэсант сельскагаспадарчай тэхнікі. Люба-дорага было назіраць за спрытнымі і хуткімі “Ягуарамі” – нездарма так назвалі гэтыя машыны, якія на вачах паглыналі траву, за некалькі секунд здрабняючы яе і “выплёўваючы” ў кузавы машын. Тыя ж імчалі на комплекс у Дайлідкі…

IMG_1258 .jpg

Назіраючы за работай тэхнікі на дайлідскім участку, злавіла сябе на думцы, што менавіта ад зладжанасці дзеянняў кожнага, як на сельскагаспадарчых работах, так і ў любой іншай справе, залежыць канчатковы вынік.

– Чалавечы фактар іграе не апошнюю ролю, – пацвярджае мае думкі намеснік дырэктара па вытворчасці Станіслаў Івашка.Калі механізатар абыяк падрыхтуе камбайн, вядома ж, ён хутка зламаецца – і ўся работа будзе дарэмнай. Такіх нядбайных механізатараў, дзякаваць богу, у нас няма, але агульны вынік залежыць ад кожнага.

IMG_1301.jpg

намеснік дырэктара па вытворчасці Станіслаў Івашка

Мяркуючы па тым, што і на сяўбе, і на корманарыхтоўцы, і на жніве ўжо каторы год сустракаю знаёмыя твары, цякучкі кадраў у “Гервятах” няма –значыць людзі працуюць на вынік.

Сёлета першым укосам у КСУП “Гервяты” запланавана скасіць 2 479 гектараў. Травы ляглі ў пракосы на 1 422 гектарах (па стане на 5 чэрвеня. – заўвага аўтара), а гэта амаль 60% плану.

IMG_1286 на первую.jpg

Механізатар КСУП «Гервяты» Міхаіл Часлававіч Янч не першы год працуе на кормаўборачным камбайне. Падчас абедзеннага перапынку ўбіраць траву  мужчыне дапамагаюць сыны Арцём і Саша. 

За дзень скошваецца 5% травастою. Для павелічэння тэмпаў касавіцы летась у гаспадарцы набылі модульную ратацыйную касілку, якая захоплівае адразу 9-метровы пракос. Другі год на ёй працуе Рымантас Трапшыс.

– Травы, канешне, маглі б быць і лепшыя. Дажджу не хапае, – канстатуе механізатар.

З гэтым меркаваннем згодны і Валянцін Гайдуль, які працуе на кормаўборачным камбайне:

– Дзень на дзень не прыходзіцца: бывае і 200 тон падыму, а здараецца што і 100. Калі травы харошыя, можна і 400 тон “уваліць”. Трэба дождж – на панадворку і то трава сохне.

IMG_1266.jpg

На кормаўборачным камбайне Валянцін Гайдуль працуе шосты год

Праз некалькі гадзін пасля касілкі да работы прыступаюць кормаўборачныя камбайны – прынамсі, ля Дайлідак налічыла тры. Яны напаўняюць машыны здробненай “зялёнкай”, якую МАЗы адвозяць на комплекс.

У сянажнай траншэі побач з МТК “Дайлідкі” па вялікай зялёнай гары снавалі тры веліканы – “Амкадоры”. Па словах намесніка дырэктара па вытворчасці Станіслава Івашкі, каб атрымаць добры сянаж, пры закладцы зялёнай масы важна выканаць тры правілы: кругласутачна трамбаваць “зялёнку”, залажыць траншэю за тры дні і зрабіць яе герметычнай.

– Пры закладцы зялёнай масы выкарыстоўваем біялагічны кансервант “Міла-прайм”, якім карыстаюцца ўсе гаспадаркі раёна, – каменціруе Станіслаў Івашка. – Плюсы гэтага прэпарата ў тым, што ён не ўплывае на якасць малака і не назапашваецца ў арганізме жывёлы. Кансервант паскарае малочнакіслае браджэнне зялёнай масы з яе падкісленнем і прадухіляе другасную ферментацыю, тым самым зніжаючы страты вугляводаў, бялкоў і іншых біялагічна каштоўных рэчываў.

IMG_1240.jpg

Лепшы трамбоўшчык “зялёнкі” Віктар Гродзь

На 5 чэрвеня ў КСУП “Гервяты” ў траншэі закладзена 4 131 тона зялёнай масы (15%), з якіх з кансервантамі – 2 317 тон.

У спякотныя сонечныя дні, якімі радуе і адначасова трывожыць корманарыхтоўшчыкаў першая дэкада чэрвеня, у “Гервятах” сушаць траву. З планам па нарыхтоўцы сена гервятцы справіліся амаль на чвэрць – нарыхтавалі 162 тоны гэтага духмянага корму. У стрэйч-плёнку накруцілі 517 тон травы – 29% ад плану.

– Якім атрымаецца другі ўкос, ужо больш залежыць ад нас, чым ад надвор’я. Галоўнае пасля абкошвання – падкарміць сенакосы і пашу, – працягвае Станіслаў Івашка. – А дождж усё адно патрэбен – на хаду атава паказалася б!

IMG_1261.jpg

Валерый Пукшта дапамагае гервятцам вазіць скошаную траву

    З першых вуснаў

Дырэктар КСУП “Гервяты” Ігар Жданаў, якога мы заспелі ў полі, пракаменціраваў ход корманарыхтоўкі:

– Першы ўкос плануем завяршыць да 15 чэрвеня. Надвор’е для нарыхтоўкі кармоў спрыяе, але недахоп вільгаці пагаршае ўраджайнасць траў. Працаўнікі забяспечаны гарачым харчаваннем. З палівам і гаручазмазачнымі матэрыяламі праблем не ўзнікае. Людзі працуюць з 7.00 да 20.00, а трамбоўка зялёнай масы вядзецца кругласутачна.

IMG_1304.jpg

дырэктар КСУП “Гервяты” Ігар Жданаў 


IMG_1237.jpg

Іосіф Бародка ўжо сёмы год на заслужаным адпачынку, але без працы не можа сядзець. На “Амкадоры” мужчына трамбуе зялёную масу


З поля да сянажнай траншэі траву возяць… 

IMG_1267.jpg

Дзмітрый Янковіч


IMG_1289.jpg

Віктар Кардзіс 


IMG_1291.jpg

Іосіф Масевіч


IMG_1297.jpg

Андрэй Махонька

 

 

Текст:
Фото: Алена Гануліч