Лепшыя працаўнікі пасяўной кампаніі 2018-га атрымалі ўзнагароды
Пасяўная кампанія-2018 блізіцца да завяршэння. Па даных сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, па стане на 9 мая ў раёне засеяны 15 548 гектараў, ці 84% ад плана.
Для хлебаробаў сёлетняя сяўба была няпростай: адначасова са збожжавымі ў гаспадарках сеялі буракі, кукурузу, садзілі бульбу. На подступах – корманарыхтоўка. Не паспееш азірнуцца, як жоўтымі кругляшамі саломы падкоціцца і жніво…
Па традыцыі райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагароджвае хлебаробаў раёна за дасягненне лепшых вынікаў на вясенне-палявых работах.
Сёлета было вызначана сямёра лепшых механізатараў у пяці намінацыях: ворыва, сяўба, культывацыя, унясенне мінеральных ўгнаенняў і арганікі.
Напрыканцы мінулага тыдня старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Аляксандравіч Адула і яго галоўны бухгалтар Марыя Сцяпанаўна Станкевіч павіншавалі лепшых аграрыяў раёна з выдатнымі вынікамі і ўручылі ім падарункі і Падзячныя пісьмы.
– На сяўбе хлебаробы шчыруюць не менш, а можа, нават і больш, чым на жніве. Узяць хоць бы сёлетнюю пасяўную кампанію: супалі тэрміны сяўбы ранніх яравых, буракоў, кукурузы, – расказвае Юрый Аляксандравіч. – Неўзабаве пачнецца касавіца. Механізатары перасядуць з сеялак на касілкі, а потым на камбайны. Акрамя вызначэння лепшых працаўнікоў на пасяўным і жніўным спаборніцтве, сёлета плануем нешта падобнае правесці і падчас корманарыхтоўкі.
…Прыемна, што ў перадавіках пасяўной кампаніі–2018 сёлета “засвяціліся” працаўнікі ўсіх гаспадарак раёна.
Дзякуй вам, хлебаробы, за вашу штодзённую і няпростую працу!
Лідары вясенне-палявых работ
1. ВОРЫВА
Віталь Іванавіч Тыбоцкі, РУП “Астравецкі саўгас “Падольскі”.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ю.А. Адула віншуе лепшага аратара раёна В.І.Трыбоцкага
2. КУЛЬТЫВАЦЫЯ
Іосіф Станіслававіч Масевіч, КСУП “Гервяты”.
І. С. Масевіч правёў культывацыю глебы на плошчы больш чым 1 200 гектараў.
3. СЯЎБА ЗБОЖЖАВЫХ
Эдуард Мар’янавіч Мілэйша, КСУП “Гервяты”.
Пётр Іванавіч Сяргей, КСУП “Гудагай”.
Валерый Станіслававіч Дзенюш, КСУП “Варняны”.
Сейбіт В.С. Дзенюш, як і кожны год сее збожжа і кукурузу.
П.І Сяргей упэўнены, што вынік работы залежыць і ад настрою, а ён у механізатара заўсёды добры.
Э.М. Мілэйша шмат разоў станавіўся лепшым сейбітам раёна.
4. УНЯСЕННЕ АРГАНІКІ
Міхаіл Аляксандравіч Дашын, КСУП “Міхалішкі”.
М.І. Дашын, які больш за ўсіх у раёне вывез арганікі на палі, упэўнены, што перамагчы яму дапамог яго верны “конь” – трактар “МТЗ-3022”
5. УНЯСЕННЕ МІНЕРАЛЬНЫХ УГНАЕННЯЎ
Іван Антонавіч Яновіч, КСУП “Варняны”.
Найбольш мінеральных угнаенняў пад сяўбу яравых культур у раёне ўнёс І.А. Яновіч