У абласным конкурсе “Наш жывёлавод” перамог Анатоль Даўляш з КСУП “Гудагай”

14:33 / 04.05.2018

Штогод Гродзенскі абласны камітэт прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу праводзіць конкурс “Наш жывёлавод”.

Па выніках работы за мінулы год адным з лепшых у вобласці быў прызнаны аператар па штучным асемяненні КСУП “Гудагай” Анатоль Часлававіч Даўляш. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Юрый Аляксандравіч Адула ўручыў пераможцу падзячнае пісьмо і грашовую прэмію, а мы пагутарылі з Анатолем Часлававічам пра прафесію, развіццё жывёлагадоўчай галіны і яго асабістае жыццё.

IMG_4737.jpg

– Як вы трапілі ў сельскую гаспадарку?

– Выпадкова. Нарадзіўся і вучыўся ў Астраўцы. Нават і не ведаў, што ёсць такая спецыяльнасць “ветэрынар”. У школе ў мяне былі праблемы з матэматыкай. Стрыечная сястра, якая вучылася ў Віцебскім ветэрынарным інстытуце, параіла паступаць да іх. Так і зрабіў. Вучыўся па мэтавым накіраванні ад калгаса “Рассвет”. У 1992 годзе дыплапаваным спецыялістам вярнуўся на радзіму. Працаваў ветэрынарам у Рымдзюнах. Ажаніўся, дзеці пайшлі… Хацелася ж быць бліжэй да райцэнтра, да бацькоў. Перавёўся ў Малі, далі жыллё.

– Раскажыце пра сваю работу.

– Часам жартую, што я спецыяліст “тры ў адным”: ветэрынар, аператар па штучным асемяненні і ўрач-гінеколаг. Абслугоўваю дзве малочна-таварныя фермы “Кялёйці” і “Ліпнішкі”. Па такой схеме, калі вытворчы цыкл замкнуты на адным чалавеку, у нашай гаспадарцы наладжана работа на ўсіх фермах.

Цяжка ўсюды паспяваць у час, але ў мяне ёсць службовая машына. Часам “Ліпнішкі” крыўдуюць, што ў “Кялёйцях” часцей бываю, а праз тыдзень сітуацыя паўтараецца –праўда, ужо наадварот. (Усміхаецца) З узростам працаваць цяжэй: вопыту больш, а здароўя менш. (Задумваецца) Хоць з кожным годам з’яўляецца ўсё больш новых дапаможных інструментаў, медыкаментаў, удасканальваецца ветэрынарыя… Работа напружаная, але сумаваць няма калі.

– Што самае складанае ў вашай рабоце?

– Самыя цяжкія – першыя гады работы – калі сутыкаешся з сітуацыямі, пра якія не пішуць у падручніках і няма з кім параіцца, а лік ідзе на хвіліны. У такія моманты трэба самастойна прымаць рашэнне і дзейнічаць.

Неяк мы з ветурачом дапамагалі расцяліцца карове, якая насіла двойню. Прамучыліся некалькі гадзін, але жывёліна засталася жывой. У падобных сітуацыях, калі паўстае выбар, каго ратаваць, змагаемся за жыццё каровы.

Плюс маёй работы ў тым, што кожны дзень тут новы.

– Ці адрозніваецца работа аператара па штучным асемяненні на малочна-таварных фермах і комплексах?

– Комплексы – гэта фабрыкі па вытворчасці малака. Мне здаецца, што на іх адносіны да кароў абязлічаны, а жывёліна ўспрымаецца, як малочны аўтамат.

Хоць на фермах аб’ёмы малака ў адрозненні ад комплексаў меншыя, тым не менш ёсць фактар стасункаў “чалавек-жывёла”. У кожнага аператара машыннага даення свая група. Даярка ведае кароў па мянушцы, характары. Пры такім індывідуальным падыходзе хутчэй выяўляюцца мастыты, а змены ў паводзінах жывёлы – першы “званочак” таго, што з каровай нешта не так. На комплексах гэта ўсё заўважаць проста няма часу: трэба падаіць каля 700 галоў…

– Вы любіце сваю работу?

– Вучоныя раяць мяняць работу раз у пяць гадоў. Але я з гэтым меркаваннем не згодзен. Дзесьці прачытаў – што праз 6-8 гадоў работы пачынаецца прафесійнае выгаранне. Мне здаецца, як ні парадаксальна гэта гучыць, што асноўная яго прычына –тая самая любоў да прафесіі. Лічу, што практычна ў любой сферы дзейнасці галоўнае – прафесійна выконваць свае абавязкі, адкідваючы празмерныя эмоцыі.

У мяне, напэўна, як і ў кожнага, узнікалі думкі змяніць работу. Здараліся моманты, калі хацелася кінуць сельскую гаспадарку і збегчы з фермы… Што спыніла? Лепш за ўсё ў мяне атрымліваецца лячыць жывёл. Хочацца верыць, што гэта я раблю прафесійна.

Памятаю, наш дэкан казаў, што троечнікі будуць працаваць па спецыяльнасці, а выдатнікі і харашысты доўга ў сельскай гасадарцы не затрымаюцца. Так і сталася: паразбягаліся… (Усміхаецца) А жывёлу некаму лячыць трэба!

– А ў вас ёсць хатнія жывёлы?

– Каровы ніколі не было і не будзе – мне іх на рабоце хапае. (Усміхаецца) Есць шэра-блакітны кот, якога дзеці жонцы на дзень нараджэння падарылі, і сабачка. Хатніх гадаванцаў лячыў не аднойчы. Пародзістыя жывёлы больш далікатныя і адчувальныя да хвароб. Сябры, калі ў іх хварэюць гадаванцы, таксама звяртаюцца за парадамі – хоць я і не вузкі спецыяліст, але агульнымі пытаннямі валодаю.

– Раскажыце пра сваю сям’ю.

– Жонка Таццяна таксама працуе ў КСУП “Гудагай”. Калі зайшла размова пра ўласнае жыллё, тагачасны старшыня прапанаваў Тані пайсці ў калгас – яна згадзілася. Выгадавалі траіх дзяцей: сына Антона і дачушак Аляксандру і Соф’ю. Старэйшыя ўжо працуюць.

… Як прыйшоў пасля вучобы на ферму, так і застаўся. У жніўні будзе 26 гадоў, як працую ў жывёлагадоўлі… Вось і не вер пасля гэтага ў магічную сілу выпадковасці.


 

Текст:
Фото: Алена Гануліч