З цялушкі пачынаецца малочная карова

12:04 / 14.02.2018

Ад чаго залежаць прывагі жывёлы і як іх павысіць? Якія памылкі дапускаюць жывёлаводы пры вырошчванні цялят? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні дырэктары сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, начальнікі комплексаў, загадчыцы ферм, галоўныя заатэхнікі і ветэрынарныя ўрачы шукалі разам  з супрацоўнікамі Гродзенскага абласнога аграпрамысловага саюза – выканаўчым дырэктарам Алегам Анатольевічам Нарэйкам і галоўным спецыялістам Анатолем Іванавічам Тодрыкам.

Семінары-вучобы па розных праблемных пытаннях жывёлагадоўлі на Астравеччыне сталі традыцыйнымі. Летась, да прыкладу, на іх разглядаліся асаблівасці зімне-стойлавага ўтрымання жывёлы, якасці малака і іншыя. Сёлета семінар быў прысвечаны вырошчванню маладняку.

Удзельнікі семінара наведалі МТК “Малі” КСУП “Гудагай”, дзе спецыялісты комплекса падзяліліся вопытам вырошчвання цялушак і расказалі пра асаблівасці так званага закрытага цыклу камплектавання дойнага статка, які практыкуецца на большасці сучасных малочна-таварных комплексаў.  

IMG_0125.jpg

Алег Анатольевіч Нарэйка адзначыў, што МТК “Малі” можна ставіць у прыклад іншым комплексам па адпрацаванай схеме ўліку цялят пры нараджэнні і па арганізацыі ўтрымання новароджаных цялят –  гэта індывідуальныя дамкі, спецыяльныя лямпы для абагрэву.

Практычную частку было вырашана падмацаваць тэорыяй.

Алег Анатольевіч расказаў пра тыповыя памылкі, якія дапускаюць жывёлаводы пры вырошчванні маладняку. Кожнае слова выканаўчага дырэктара было падмацавана фотаздымкам.

– Першая выпайка цяляці – заклад поспеху. Яна павінна строга кантралявацца. Пры праверках мы часта выяўляем факты, калі час выпайкі, пазначаны ў журнале, значна адрозніваецца ад часу, які зафіксаваны на відэакамеры.

Выканаўчы дырэктар аграпрамысловага саюза таксама параіў звярнуць увагу на тэрміны вакцынацыі сухастойных кароў, шчыльнасць малозіва і ўмовы яго захоўвання, працэнтную колькасць пратэіну ў агульнай масе травяністых кармоў.

Напрыканцы семінара рэгіянальны заатэхнік цэнтра інфармацыйных сістэм у жывёлагадоўлі па Астравецкім раёне Люцыя Мечыславаўна Драцкая расказала пра нюансы ідэнтыфікацыі сельскагаспадарчых жывёл, якая прадугледжана Законам Рэспублікі Беларусь №287-З, і нагадала, што ўсе прафілактычныя, дыягнастычныя ветэрынарныя мерапрыемствы абавязкова трэба заносіць у дзяржаўнай  інфармацыйнай сістэме ў пашпарт жывёліны.

Адным сказам

* Будучае любога жывёлагадоўчага аб’екта, як і гаспадаркі ў цэлым, залежыць ад забяспечанасці прадпрыемства цялушкамі.

* Самае прыбытковае ў аграбізнесе – продаж племянных жывёл.

* Перш чым штосьці патрабаваць ад працаўніка, стварыце яму ўмовы.

* Лепш недапаіць цяля, чым яго перапаіць.

* Чым больш працяглае індывідуальнае ўтрыманне цяляці, тым большая яго сярэднесутачная прывага.

* Прадукцыйнасць каровы закладваецца ў раннім узросце.

 

 

Текст:
Фото: Алена Гануліч