Лепшых хлебаробаў Астравеччыны ўшанавалі на раённых “Дажынках”
У мінулую суботу цэнтр раёна перамясціўся ў Міхалішкі: сюды з Астраўца і ўсіх вёсак раёна ішлі і ехалі машыны, аўтобусы, спяшаліся па святочнаму прыбраныя людзі, якіх мы звычайна прывыклі бачыць на працоўных месцах, на полі і фермах у рабочым адзенні. Для таго была важкая нагода: у адным з буйнейшых аграгарадкоў ладзілася свята раённых “Дажынак”, падчас якога ўшаноўваліся не толькі лепшыя хлебаробы, а ўсе працаўнікі сельскай гаспадаркі: за тыдзень да таго адзначалася іх прафесійнае свята.
Не толькі Міхалішкаўскі Дом культуры – увесь цэнтр мястэчка ператварыўся ў агульную сцэнічна-гандлёвую пляцоўку: свае тавары тут выставілі прадаўцы сувеніраў, рамеснікі, раённы гандаль.
Падворкі гаспадарак уражвалі крэатыўнасцю афармлення – як панадворка, так і ўнутранага ўбранства вясковай “хаты” -- і арыгінальнасцю прадстаўлення гаспадарамі сваіх “сядзіб”.
У міхалісных гаспадароў на падворку пасвіліся саламяныя парасяты, гасцей на ўваходзе сустракалі крамяныя капусныя галовы гаспадара з гаспадыняй, песняй і жартамі віталі удзельнікі фальклорнага гурта “Вілія” і вядомыя суседачкі-сяброўкі Міраслава Якіменка і Ганна Трубіцкая.
У варнянскай хатцы да прыходу гасцей распалілі сапраўдную печ, у калысцы соладка спала немаўля, на жэрдачцы падсушваліся “пальцам пханыя” каўбасы, а стол ламіўся ад вясковых прысмакаў: бліны з мачанкай, боршч з кіслай капусты, тая самая каўбаса з жэрдачкі – язык можна праглынуць!
“Ехаў дзедка на кірмаш, з ім на возе – баба”, -- гэтая байка Кандрата Крапівы міжволі ўзгадвалася ля гервяцкага падворка, толькі іх “дзед” і “баба”, відаць, ужо вярталіся з кірмашу, бо былі надта ж лагодныя і вясёлыя… Настрою дадавала і песня, якую заспявалі мясцовыя “даярачкі” – адразу відаць, што гервяцкая модадзь – актыўны ўдзельнік раённых конкурсаў КВЗ.
Ля падольскай хаткі гасцей вітаў, апроч прыгожых дзяўчат з караваем, дырэктар саўгаса Аляксандр Віктаравіч Шчука.
А гудагайскія артысты здолелі за некалькі хвілін не толькі наладзіць, але і «справіць» сапраўднае вяселле: у імгненне вока для дзяўчыны “ў ахвоце” знайшоўся не толькі жаніх, але і сваты… Цяжка было вызначыць лепшае падвор’е, бо кожнае было адметным і непаўторным – і ўсё ж найбольш галасоў набрала сядзіба варнянцаў.
А доме культуры “працаваў”, здаецца, кожны сантыметр плошчы. У фае можна было прадэгуставаць стравы народнай кухні: ячменную каву, пірог з капустай, сала да каўбасу.
У бібліятэцы разгарнулася музейна-гістарычная экспазіцыя “Гісторыя вясковай працы: Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч цікава і займальна расказвала аб тым, як жылі і працавалі нашы продкі і паказвала, якімі прыладамі працы яны пры гэтым карысталіся.
У танцавальнай зале працавала фотавыстаўка “Людзі працы – гонар нашага краю”, а таксама выстаўка караваяў і дажыначных снапоў, вырабаў народных майстроў і аб’ёмных скульптур з прыроднага матэрыялу. Забягаючы наперад, скажу, што члены журы, якім трэба было вызначыць пераможцаў гэтага конкурсу, нават крыху паспрачаліся: на званне лепшага прэтэндавалі практычна ўсе вырабы – паверце: большасць з іх былі сапраўднымі творамі мастацтва!
Але асноўнае дзейства разгарнулася, безумоўна ж, у зале, дзе сабраліся лепшыя працаўнікі палёў і ферм з усіх гаспадарак раёна. У гэты дзень для іх гучалі словы віншаванняў і падзякі, ім уручалі важкія прэміі за добрасумленную працу, для іх спявалі лепшыя артысты раёна.
Пачалася ўрачыстасць з харэаграфічнага пралогу, пасля якога кіраўніку раёна старшыні райвыканкама Ігару Яраслававічу Шалудзіну жнейкі паднеслі хлеб з мукі новага ураджаю – ім і па атрыманым ураджаі, і па майстэрству выканання прызнаны каравай КСУП “Гудагай”, і самы важкі і прыгожы дажыначны сноп – такім журы прызнала сноп КСУП “Гервяты”.
--Цяжка пераацаніць ролю сельскай гаспадаркі і яго перапрацоўчых галін, -- сказаў, віншуючы вяскоўцаў са святам, Ігар Яраслававіч. – Не ведаючы выхадных, вы працуеце, каб у кожнай сям’і на стале былі хлеб, мяса, малако, гародніна. Ваша праца – аснова сацыяльнай стабільнасці і дабрабыту. Нізкі паклон вам, дарагія вяскоўцы, за вашу цяжкую, самаахвярную працу!
Гэты сельскагаспадарчы год быў няпросты: надвор’е ў чарговы раз паднесла хлебаробам свае сюрпрызы. Але нават у такіх умовах аграрыі раёна здолелі вырасціць нядрэнны ўраджай: намалочана збожжа – без уліку кукурузы – больш як 57 тысяч тон, што на 8 тысяч тон больш мінулагодняга, з гектара сабрана па 35.4 цэнтнера. Намалочана 6,6 тысяч тон рапсу, накапана 70 тысяч тон цукровых буракоў, больш 6 тысяч тон бульбы, сабрана больш за 500 тон яблыкаў.
Ігар Яраслававіч узгадаў прозвішчы лепшых працаўнікоў палёў і ферм, пашкадаваўшы, што немагчыма назваць пайменна ўсіх – але паабяцаў, што усе пераможцы спаборніцтва атрымаюць заслужаныя ўзнагароды.
--За кожным дасягнутым вынікам стаіць праца соцень людзей. У кожнага яна розная. Але ў канчатковым выніку намаганні кожнага скіраваны на дасягненне агульнай мэты – зрабіць лепшым сваё жыццё, жыццё сваёй сям’і, свайго раёна, краіны. Вынікі паказваюць, што ў нас многае атрымліваецца. І ніякія ўмовы надвор’я, крызісы і цяжкасці не змогуць перашкодзіць нашаму развіццю, руху наперад да пастаўленых мэт, -- сказаў напрыканцы свайго выступлення старшыня райвыканкама.
Ігар Яраслававіч Шалудзін уручыў узнагароды пераможцу спаборніцтва за дасягненне высокіх вынікаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі – абедзве атрымаў КСУП “Гудагай”, дырэктар якога, Эдуард Іванавіч Садоўскі сёлета быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.
Дарэчы сказаць, і сам Ігар Яраслававіч у гэты дзень атрымаў узнагароду: ад імя федэрацыю прафсаюзаў Беларусі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Расціслаў Іванавіч Бразінскі ўручыў яму медаль “100 гадоў прафсаюзам Беларусі”.
Былы старшыня райвыканкама, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Адам Дзмітрыевіч Кавалькі таксама не мог прапусціць галоўнае свята вяскоўцаў: практычна ўсё яго жыццё звязана з сельскай гаспадаркай, сямнаццаць самых плённых гадоў прайшлі на Астравеччыне.
--Я ўспамінаю, як у 2000 годзе мы ўшаноўвалі лепшых даярак раёна, з якіх тры надаілі за год больш трох тысяч кілаграмаў малака. А сёлета на комплексе “Германішкі” КСУП “Гудагай” дасягнуты надой у 9800 кілаграмаў малака ад каровы! Але дасягнуць высокіх паказчыкаў – гэта палова справы, галоўнае – утрымаць іх і прымножыць, -- сказаў, віншуючы вяскоўцаў, Адам Дзмітрыевіч Кавалька.
Найбольш у той дзень давялося “папрацаваць” першаму намесніку старшыні райвыканкама, начальніку упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Руслану Мікалаевічу Сачко: ён уручаў шматлікія ўзнагароды лепшым працаўнікам палёў і ферм, пераможцам раённага спаборніцтва ў розных галінах.
--Хочацца сказаць вялікі дзякуй за добрасумленную працу тым, хто прысутнічае ў зале і тым, каго сёння тут няма. Прыемна бачыць людзей, якія неаднойчы станавіліся пераможцамі спаборніцтва -- і не спыняюцца на дасягнутым. Радасна бачыць сярод іх і новыя твары: значыць, у нас ёсць добры працоўны патэнцыял, -- сказаў, віншуючы вяскоўцаў са святам, Руслан Мікалаевіч.
Ганаровыя граматы і Падзячныя лісты ад імя раённага Савета дэпутатаў лепшым працаўнікам уручыла старшыня прадстаўнічай галіны ўлады раёна Ірына Эдуардаўна Тальчук.
--Усе прафесіі важныя, але сельскагаспадарчыя – самыя жыццёвыя. Ваша праца цэніцца ў кожнай сям’і, бо сельская гаспадарка з’яўляецца асновай, базісам усяго жыцця, -- сказала Ірына Эдуардаўна.
З віншаваннямі і падарункамі прыехалі на свята калегі і партнёры астравецкіх хлебаробаў і жывёлаводаў – прадстаўнікі перапрацоўчых прадпрыемстваў. Адзначылі лепшых сваіх членаў грамадскія арганізацыі – прафсаюзы, “Белая Русь”, “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі”, “Беларускі саюз жанчын”.
А цудоўная канцэртная праграма стала добрым падарункам для ўсіх, хто быў у зале.
Дарэчы, “культурны” падарунак быў не адзіны: у той дзень у госці да працаўнікоў сельскай гаспадаркі Астравеччыны з вялікай канцэртнай праграмай завітаў праслаўлены калектыў – Нацыянальны акадэмічны народны хор Рэспублікі Беларусь імя Р.І. Цітовіча.
Асаблівай увагі і расповеду заслугоўвае конкурс “Каралева жніва-2017” – пра яго мы раскажам у наступным нумары.