"Світанак" меняет направление своего развития

13:00 / 15.04.2014
Фермерская гаспадарка “Світанак” мяняе накірунак свайго развіцця.

Здавалася б, маеш раскручаны бізнес – жыві, “стрыжы купоны” і радуйся. Гэта ў разуменні далёкіх ад камерцыі людзей. Часлаў Станіслававіч Лабачэўскі жыве па прынцыпу: калі ты стаіш на месцы, ты рухаешся назад. І шукае нязведаныя пакуль шляхі развіцця.
– Калі коратка абрысаваць стан спраў маёй гаспадаркі, – гаворыць ён, – то адбываецца яе перапрафіляванне. Шмат гадоў галоўнай культурай нашага гадавальніка была яблыня. З мінулага года яе месца заняла абляпіха.



Кароткая даведка :

Абляпіха – расліна з сямейства лохавых. Гэта хмызняк або дрэўца, звычайна калючыя, вышынёй ад 0,1 да 3 м. Плод абляпіхі – ягада ярка-аранжавага колеру.
Яшчэ ў Старажытнай Грэцыі абляпіха выкарыстоўвалася як лекавая расліна – ёй лячылі воінаў і знясіленых коней. Але потым пра карысць расліны забыліся. І толькі ў 30-ыя гады мінулага стагоддзя пра абляпіху ўспомнілі. Гонар паўторнага адкрыцця ўнікальных вартасцей абляпіхі належыць расійскім вучоным.
Даследаванні вучоных паказалі, што абляпіха – адна з самых карысных раслін на зямлі. Яе плады багатыя вітамінамі А, З, Н, РР , Е, В1, В2, В3, В6, В9; цукрамі, бялковымі і дубільнымі рэчывамі, пекцінам, арганічнымі кіслотамі, фітанцыдамі. Ягады, акрамя таго, утрымліваюць мікра- і макраэлементы: жалеза, кальцый, магній, натрый, калій, фосфар. У кары абляпіхі ўтрымліваецца сератанін – «гармон шчасця».


– Абляпіха валодае ўнікальнай здольнасцю выводзіць з арганізма радыёнукліды, – дапаўняе вышэйузгаданае вучоны сакратар інстытута пладаводства, кандыдат сельскагаспадарчых навук Марына Сяргееўна Шалкевіч. – Пра яе карысць наогул можна расказваць бясконца. Той жа карацін, якога так не хапае нашаму арганізму, у пладах абляпіхі (у адрозненне ад караняплодаў морквы), дзякуючы ўтрыманню ў іх прыроднага алею, знаходзіцца ў спажыўным выглядзе. Абляпіхавы алей валодае бактэрыцыднымі ўласцівасцямі, добра загойвае раны, пашкоджанні слізістых абалонак і скуры, супакойвае боль. Яго ўжываюць пры лячэнні язвы страўніка і дванаццаціперснай кішкі, пры кашлі, апёках, бяссонніцы...


Марына Сяргееўна разам з навуковым супрацоўнікам інстытута Людмілай Аляксандраўнай Мурашкевіч завіталі ў “Світанак” з канкрэтнай мэтай: пракантраляваць (і дапамагчы правесці) нарыхтоўку чаранкоў абляпіхі. А пачалося ўсё ў мінулым, 2013 годзе.
Першыя тры тысячы чаранкоў абляпіхі Лабачэўскі набыў у інстытуце пладаводства. Пасадзіў іх. І гэтай вясной ён ужо мае свае ўласныя чаранкі.
– Частка іх, – гаворыць Часлаў Станіслававіч, – будзе выкарыстана для стварэння спецыяльнага гадавальніка, разлічанага на вытворчасць пасадачнага матэрыялу абляпіхі. Другую забірае інстытут пладаводства, які мае намер пасадзіць абляпіхавы сад. Намаганні работнікаў “Світанка” пакуль накіраваны выключна на арганізацыю і развіццё гадавальніка, але ў перспектыве – закладка свайго саду і нават стварэнне невялікага перапрацоўчага цэху.
– Унікальная культура! – няўрымслівае сэрца Лабачэўскага, як заўсёды, перапаўняюць эмоцыі. – Практычна безадходная! У абляпіхі ўсё цудадзейнае: плады, лісце, кара, карані… І яе ўборку нескладана механізаваць. Галінкі зразаюцца разам з ягадамі і замарожваюцца – у замарожаным стане яны лёгка аддзяляюцца ад галінак.
– Пакуль існуе праблема раяніраваных сартоў, – удакладняе Марына Сяргееўна. – Расійскія селекцыянеры вывелі нямала каштоўных, але яны раяніраваны для Сібіры з яе ўстойлівымі зімамі – ва ўмовах нашых перападаў кліматычных плюсаў і мінусаў сібірская алыча гіне. У нашым інстытуце вядзецца праца па вывядзенні новых сартоў, але на гэта патрэбны 30-35 гадоў. Пакуль можам пахваліцца мужчынскім (абляпіха двухдомная расліна) сортам “гаспадар”. Ёсць яшчэ сумесны беларуска-расійскі сорт “палымяная” – і на гэтым, лічы, усё. Але мы шчыльна працуем з заходнімі вучонымі, абменьваемся навуковымі знаходкамі на міжнародных канферэнцыях, прысвечаных абляпісе, якія праходзяць раз у два гады… Словам, справа развіваецца. Вось і “Світанак”… Па сутнасці, гэта першы ў рэспубліцы гадавальнік па вытворчасці чаранкоў абляпіхі. Першы, але, бліжэй пазнаёміўшыся з Чаславам Станіслававічам Лабачэўскім, магу цвёрда заявіць: паспяховы.


--------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.