Ритм посевной кампании задаёт СПК "Михалишки"

08:00 / 14.04.2014
І няхай сабе трава ніяк не здолее падняць “галаву” і зайграць свежым ізумрудам – сяўба яравых збожжавых і зернебабовых культур у раёне ўжо перацякла на фінішную прамую. Яшчэ дзень-два – і земляробы змогуць перавесці дыханне. Канешне, наперадзе сяўба буракоў, пасадка бульбы і іншых важных і патрэбных сельскагаспадарчых культур. І ўсё ж Хлеб – галоўная з іх. Пасеяў збожжа – і жыццё стала значна больш надзейным і ўтульным, бо ёсць да чаго імкнуцца, будзе што абмалочваць восенню.





Глебы СВК “Міхалішкі” адны з самых лёгкіх у раёне. Прынамсі, гэта тычыцца першапачатковых – да прылучэння зямель СВК “Страча” – яго абшараў. Вясновая вільгаць на міхалішкаўскіх пясках ды супесках выпараецца літаральна на вачах. Таму і выходзяць у поле міхалішкаўцы заўсёды аднымі з першых у раёне, таму і тэмпы правядзення пасяўной кампаніі ў іх традыцыйна самыя высокія.



Аналагічная сітуацыя склалася і сёлета: на календары ўсяго толькі 7-га красавіка, а сяўба яравых збожжавых і зернебабовых культур у гаспадарцы практычна завершана. Засталіся неаплодненымі яравым насеннем толькі палі, прадвызначаныя для вырошчвання цеплалюбівых грэчкі ды кукурузы. Сёння ідзе перасеў участкаў, на якіх падчас зімоўкі загінулі пасевы азімых культур, у прыватнасці, азімага рапсу.



Правільная арганізацыя працоўнага працэсу, якім прадугледжаны і тэхналогія падрыхтоўкі глебы, і апрацоўка насення эфектыўнымі пратручвальнікамі, і ўнясенне мінеральных угнаенняў (у поўнай адпаведнасці з картаграмамі забяспечанасці глебы пажыўнымі рэчывамі), і ўласна сяўба, спрыяе зладжанасці правядзення работ, а значыць, вызначае тэмпы правядзення пасяўной. На сейбітаў СВК “Міхалішкі” арыентуюцца іх калегі з іншых гаспадарак – міхалішкаўцы, па сутнасці, задаюць рытм раённай пасяўной.



Сакрэты іх працаздольнасці мы вырашылі выведаць у людзей, непасрэдна занятых на сяўбе.
– Надвор’е спрыяе, – паціснуў плячыма механізатар Іван Стаціна, для якога сёлетняя пасяўная – восьмая. – Суха, глеба рана паспела… У такіх умовах немагчыма не перавыконваць даведзенае дзённае заданне.


– Прадумана ўсё правільна, – лічыць другі сейбіт, механізатар Уладзімір Вайцяховіч. – Брыгада рамонтнікаў заўсёды гатова прыйсці на дапамогу, з насеннем няма перабояў. Зноў жа арганізавана двухразовае харчаванне… Чаму не нарошчваць тэмпы ў такіх умовах?!


– Працоўны дзень на нашым мехдвары пачынаецца а сёмай гадзіне, – расказвае загадчык вытворчага ўчастка №2 Эдуард Янкойць. – Арыентаваны ён на працягласць светлавога дня і заканчваецца звычайна з надыходам прыцемкаў. І няма патрэбы ў абвяшчэнні нейкіх аўральных абставін, вызначаючых падобны рэжым працы, – кожны земляроб сам разумее важнасць сітуацыі і працуе не на страх, а за сумленне. Канешне, на перыяд сяўбы распрацавана сістэма заахвочвання занятых на ёй работнікаў, у адпаведнасці з якой перадавікі атрымліваюць прэміяльныя чэкі, але не грашыма вымяраецца канчатковы вынік дзеянняў сейбіта. На генным узроўні, напэўна, запісана ў крыві беларусаў павага да галоўнага скарбу нашага народу – роднай зямлі. Здрадзіць ёй – здрадзіць сотням пакаленняў уласных продкаў…




























------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.