Темпы посевных работ в СПК "Гервяты" растут с каждым днём

11:00 / 02.04.2014
Сёлетняя пасяўная з разраду нецярплівых: у параўнанні з мінулагодняй яна пачалася на месяц раней – красавік яшчэ толькі расплюшчвае свае каляндарныя вочы, а амаль 30 працэнтаў яравога кліна ў раёне ўжо засеяны!

Вясновы дзень год корміць – гэта аксіёма праверана тысячагоддзямі земляробчай працы. Асаблівыя сэнс і вагу набывае яна ў засушлівыя гады. У такія, як сёлета. Таму і спяшаюцца сейбіты максімальна выкарыстаць кожную скупую кроплю глебавай вільгаці.
Земляробы СВК “Гервяты” вывелі свае сеялкі на поле аднымі з апошніх у раёне. Як вынік: па стану на 31 сакавіка 16 працэнтаў выканання плана сяўбы яравых культур пры сярэднераённых 26-ці.
Але гервятцы, відаць, з тых стаераў, якія запаволена стартуюць, затое хутка разганяюцца. Сёння на пасяўной у СВК “Гервяты” задзейнічана шэсць энергаёмістых трактароў, чатыры з якіх працуюць у счэпцы з камбінаванымі глебаапрацоўчымі і пасяўнымі агрэгатамі кшталту “Амазонія”, здольных за змену засеяць да 30 і нават больш гектараў. Яшчэ тры сеялкі СПУ шчыруюць на дробна-контурных участках, на якіх магутным пасяўным агрэгатам не разагнацца. Агульнымі намаганнямі за дзень у гаспадарцы засяваецца каля 150 гектараў. І гэта самы высокі паказчык у раёне.
Аснова вясенняй падрыхтоўкі глебы – яе культывацыя, якая дае магчымасць закрыць зямныя “поры”, не даць выпарыцца глебавай вільгаці. У гэтым накірунку гервяцкія земляробы працуюць спора – прыняць насенне гатовы 1868 гектараў нівы, што складае 41 працэнт да запланаванага (у сярэднім па раёне – 40 працэнтаў). А вось у пратручванні насення яны ў адстаючых – пры сярэднераённых 62 працэнтах у СВК “Гервяты” апрацавана пратручвальнікамі толькі 52 працэнты насення яравых культур.
Яшчэ адна задача, вырашаць якую належыць адной з самых першых, – падкормка. Пры наяўнасці ў гаспадарцы двух спецыяльных машын маркі “Раса” асаблівых праблем у гэтым накірунку няма: на 31 сакавіка яны ўнеслі мінеральную падпітку на 1843 гектарах сваіх азімых збожжавых культур, што складае 93 працэнты ад наяўнасці. Што тычыцца азімага рапсу, то падкормлены ўсе 450 гектараў, занятыя пад гэтай культурай.
На ўзроўні сярэднераённых і тэмпы падкормкі сенакосаў і пашы, 7 працэнтаў якіх ужо атрымалі веснавую порцыю “мінералкі”. Шматгадовыя травы падкормлены на плошчы 142 гектары, што складае 15 працэнтаў ад іх агульнай колькасці (у сярэднім па раёне падкормлена 30 працэнтаў).
Асобны артыкул веснавой “канстытуцыі” – унясенне арганічных угнаенняў, спрыяльныя наступствы якога перацаніць цяжка. Заданне па нарыхтоўцы арганікі СВК “Гервяты” амаль што выканалі, назапасіўшы пад яравую сяўбу 80 тысяч тон каштоўнага ўгнаення, 68,4 тысячы з якіх вывезены на поле, а 45,5 тысяч тон ужо ўнесены ў глебу. Асноўная колькасць нарыхтаванай арганікі будзе ўнесена пад цукровыя буракі і бульбу.
Праблемаў у СВК “Гервяты” – зрэшты, як і ў кожнай іншай гаспадарцы – нямала: то тэхніка падводзіць, то перашкаджае недахоп матэрыяльных сродкаў. Але за іх вырашэннем не губляецца адна з галоўных задач – клопат аб працаўніках, аб тых людзях, рукамі і воляй якіх нараджаецца будучы ўраджай. Так, распрацавана гнуткая сістэма аплаты, якой прадугледжаны даплаты за якасць веснавых работ і перавыкананне дзённай нормы. Штодня вызначаюцца перадавікі, праца якіх адзначаецца ўручэннем імянных чэкаў. Арганізавана кармленне людзей, прычым такое, што ў адказ на пытанне “Ці смачна?” механізатары аднадушна падымаюць у гору красамоўны вялікі палец.
Сёлетняя пасяўная з разраду нецярплівых, ранніх. Але знянацку яна сейбітаў не застала: тэмпы правядзення веснавых работ нарастаюць з кожным днём. І, калі надвор’е не ўнясе свае карэктывы, можна спадзявацца, што сяўба яравых збожжавых культур будзе завершана яшчэ да канца красавіка.


НА ЗДЫМКАХ: Імёны Валянціна Танковіча і Івана Алітойця добра вядомыя ў раёне – гэты працоўны тандэм неаднаразова ўзначальваў раённае спаборніцтва па намалотах. Праўда, у апошнія гады механізатары не працуюць разам – Валянцін “камбайнёрыць” без памочніка, а Іван убірае травы на корманарыхтоўчым камбайне. Затое на пасяўной яны зноў разам: Танковіч на трактары “Беларус 30-22”, абсталяваным Лідскім пасяўным агрэгатам АПП-6, займаецца сяўбой, а Алітойць з дапамогай пагрузчыка засыпае ў сеялку сябра пратручанае насенне. За дзень, дзякуючы іх зладжаным дзеянням, яны засяваюць больш за трыццаць гектараў нівы.


---------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.