СПК "Гудогай" лидирует по производству молока

11:00 / 31.03.2014
Паводле звестак упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання: па стану на 26 сакавіка ў грамадскім статку раёна налічваецца 9433 каровы. Валавы надой за дзень складае 131,1 тоны або 101 працэнт да ўзроўню папярэдняга года. Удой на карову з пачатку месяца – 347,2 кілаграма (мінус 18,4), за дзень – 13,9 кілаграма (мінус 0,9).

У вытворчасці малака працуюць з плюсам толькі жывёлаводы СВК “Гудагай”, якія атрымліваюць за суткі ў сярэднім ад каровы па 15,7 кілаграма малака (плюс 300 грамаў да ўзроўню 2013 года). Сярэднясутачны надой у СВК “Гервяты” і саўгасе “Падольскі” складае па 14 кілаграмаў (мінус 1,7 кілаграма і мінус 800 грамаў адпаведна). Па 13,3 кілаграма малака надойваюць у СВК “Варняны”, а раённую табліцу паказчыкаў з вынікам 12,1 кілаграма малака на ўмоўную карову замыкае СВК “Міхалішкі”.
Прычын адставання ад мінулагодняга ўзроўню вытворчасці малака шмат. Адна з галоўных, на думку спецыялістаў райсельгасхарчу, рэзкае павелічэнне пагалоўя раённага дойнага статка, якое за 2013 год вырасла адразу на 690 галоў, што не дазволіла своечасова выбракаваць нізкапрадуктыўную жывёлу.
Адчувальныя праблемы назіраюцца ў штучным асемяненні жывёлы, нізкая эфектыўнасць якога выклікае падаўжэнне сервіс-перыяду (перыяд ад расцёлу да пладатворнага пакрыцця) і неабходнасць правядзення паўторных пакрыццяў.


– Не зусім задавальняе стан кармавой базы, – гаворыць выконваючы абавязкі начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Валянцін Часлававіч Далговіч. – Да прыкладу, забяспечанасць сенажом, неабходным для аднатыпнага кармлення дойнага статка, у СВК “Гудагай” складае 74 працэнты, а сіласам у СВК “Гервяты” – 70 працэнтаў. Гэта пры тым, што пэўная частка сакавітых кармоў закладзена з парушэннем тэхналагічных патрабаванняў і таму валодае нізкай пажыўнай якасцю. Апошняе, дарэчы, тычыцца ўсіх гаспадарак раёна. І асноўнае парушэнне тэхналогіі – перастойванне траў на корані да фазы, так бы мовіць, “дроту”. А потым з агрубелых сухіх сцяблін, як ні старайся, якаснага корму не атрымаеш. Гэтую з’яву на сёлетняй корманарыхтоўцы трэба папярэдзіць.
– Назіраюцца пэўныя праблемы з забяспечанасцю канцэнтраванымі кармамі, – працягвае В.Ч. Далговіч. – У СВК “Варняны” яна складае 83 працэнты, у СВК “Міхалішкі” – 78, а ў саўгасе “Падольскі” наогул толькі 14 працэнтаў. Вядома, грамадскі статак без канцэнтратаў не застаецца – той жа саўгас, да прыкладу, набывае кормасумесь на Смаргонскім камбікормавым заводзе.


Недахоп сенажу і сіласу плануецца перакрыць азімай свірэпіцай, якая ў раёне пасеяна на плошчы каля 400 гектараў і будзе выкарыстана часткова ў якасці пашы, а часткова – у выглядзе падкормкі.


---------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.