В Ворнянах возобновили выпуск свиной тушёнки

10:00 / 31.03.2014
4
Усім, хто любіць “Свініну духмяную”! А таксама тым, хто з задавальненнем дадае гэты від кансерваў у кашы, супы і тушаную бульбу! Ну, і, вядома, тым, хто без асаблівых цырымоній адкрывае бліскучую бляшанку, каб вялікай лыжкай зачэрпнуць яе апетытнае змесціва і закінуць яго сабе ў рот!

Паведамляем, што мясны цэх СВК “Варняны”, у якім на працягу двух з паловай гадоў доўжылася рэканструкцыя, аднавіў выпуск любімай мясной кансервы. Першыя 1420 банак “Свініны духмянай” ужо чакаюць сваіх пакупнікоў.
Пасля больш як двух гадоў рамонту і ўдасканалення тэхналогіі прыгатавання мясны цэх СВК “Варняны” аднавіў вытворчасць кансерваў.


– Мы выпусцілі першую, можна сказаць, пробную партыю мясных кансерваў, – пракаменціравала сітуацыю тэхнолаг Алена Іосіфаўна Філіпчык. – Яе памер – 1280 штук. Прыемна, што пакупнікі знайшліся адразу. Шчыра кажучы, мы крыху трывожыліся, што за два з паловай гады нашага вымушанага прастою пастаянныя кліенты забыліся пра наша існаванне. Як аказалася, трывогі былі дарэмнымі – з жадаючых іх набыць мы ўжо склалі спіс. І гэты факт як мага лепш сведчыць аб высокай якасці нашай прадукцыі.


Вымушаны прастой, аб якім нагадала Алена Іосіфаўна, у свой час справакавалі заўвагі санітарнай службы і іншых кантралюючых органаў, спецыялістаў якіх не задавальнялі ўмовы вытворчасці кансерваў. Рамонт распачалі з неахвотай, а закончылі – і самі здзівіліся, якім прыгожым і ўтульным стаў цяпер цэх. Ды і абсталяванне абнавілася: з’явіўся прамысловы халадзільнік і сучасная шпарча (прыстасаванне для адпарвання свіной скуры). Цяпер працаваць у цэху стала значна лягчэй і больш прыемна.
Вось ужо сапраўды, не было б шчасця ды няшчасце дапамагло!


-------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.