СПК "Гудогай" первым в районе начал посевную кампанию

09:00 / 18.03.2014
Дзень перастаў ленавацца і прачынаецца цяпер а сёмай. Выцвіўшае за зіму неба зноў падфарбавала сваю прычоску – і стала блакітным нанова. І сонца расшчодрылася на промні.
І першыя пралескі ўжо расплюшчылі свае наіўна-здзіўленыя вочкі. На чорных парэчках пачалі распранацца пупышкі. Гаспадарлівыя пчолкі вылецелі на “пашу” па гарлачыках крокусаў. Нябачны ў вышынях жаўрук заспяваў гімн утаймаванню аблокаў. І першыя зярняткі апладнілі пакуль яшчэ сонную ніву. Вясна…

– Ранавата, канешне, – пагаджаецца галоўны аграном гаспадаркі Андрэй Вайцехавіч Вінча. – Але, як сцвярджае прымаўка, сей у гразь – будзеш князь. Тым больш, што з граззю сёлета відавочны недабор. У тым сэнсе, што ад снежнага покрыва даўно не засталося нават следу, і глеба пад яркім сонцам прасыхае не па днях, а па гадзінах. Дэфіцыт ранне-вясенняй вільгаці – праблема, якую, як паказвае вопыт, без дапамогі нябёсаў не вырашыць. Менавіта таму мы так спяшаемся з выхадам у поле.


Думку пра любую з’яву вызначае кропка, з якой мы на яе ўзіраемся. Да прыкладу, што тычыцца глебавай вільгаці, то яе недахоп сэрца агранома трывожыць, а сэрца механізатара – радуе.


– Больш зручных умоў і не прыдумаць, – у адзін голас сцвярджаюць трактарысты, якія займаюцца культывацыяй, унясеннем угнаенняў, сяўбой. – Звычайна пачатак сяўбы – складаная справа. Сеем выбарачна, пакідаючы незасеянымі ўчасткі поля, дзе стаяць талыя воды, каб дасеяць іх пазней. І ўсё роўна правальваемся ў гразь, выцягваем потым адзін аднаго, пакідаючы пры гэтым глыбокія каляіны. У пошуках падсохлай глебы па некалькі разоў за дзень пераязджаем з поля на поле. Мітусня і паленне нерваў, адным словам. А сёлета – любата! Рулі сабе ў поўнай адпаведнасці з патрабаваннямі тэхналогіі хоць уздоўж, хоць упоперак поля…


Тэхналогія вырошчвання сельскагаспадарчых культур у СВК “Гудагай” узведзена ў ранг закона. Асабліва гэта тычыцца збожжавых культур, на размнажэнні элітнага насення якіх спецыялізуецца гаспадарка. І зразумець падобную скрупулёзнасць нескладана – хіба зярняткі, атрыманыя з гадавальніка, кошт якіх у літаральным сэнсе – на вагу золата, можна кінуць у “абы з рук” падрыхтаваную глебу?!


– Пераворванне глебы з папярэднім унясеннем калійных угнаенняў мы праводзім з восені, – расказвае загадчык вытворчага ўчастка № 3 Андрэй Іванавіч Калпак. – Вясновую апрацоўку пачынаем з культывацыі ў адзін след з да- датковым абыходам поля па кругу. Збіраем камяні. Потым з дапамогай раскідвальніка мінеральных угнаенняў уносім амафос, а з дапамогай апырсквальніка “Раса” – вадкае азотнае ўгнаенне КАС. Сяўбу праводзім пасяўным агрэгатам, абсталяваным для дадатковай апрацоўкі глебы спецыяльнай фрэзой.








– Пасяўныя агрэгаты – наша ўдарная сіла, – далучаецца да размовы Андрэй Вайцехавіч. – Менавіта з іх дапамогай будзе засеяна асноўная частка яравога поля. Маленькія СПУ-шкі будуць працаваць толькі на невялічкіх участках, на якіх выкарыстоўваць магутную тэхніку неэфектыўна. Неабходная для правядзення вясенніх работ тэхніка падрыхтавана. Насенне пратручана сучаснымі пестыцыдамі. Адным словам, мы гатовы распачаць пасяўную ўсур’ёз. Іншая справа, як да нашай гатоўнасці паставіцца надвор’е? У любы момант зіма можа вярнуцца…






Зіма сапраўды можа перадумаць. Гэтым палохаюць і метэаролагі – але вегетацыя раслін ужо пачалася, і кожны дзень прамаруджвання з падкормкай – заведамыя страты будучага ўраджаю.
СВК “Гудагай” зноў жа першым у раёне распачаў падкормку азімых збожжавых культур.








– Спачатку правялі абследаванне кожнага поля, занятага пад азімыя, – расказваюць аграномы. – На сённяшні дзень участкаў, на якіх трэба было б праводзіць перасеў, не выяўлена. Усе пасевы знаходзяцца ў задавальняючым стане. Крыху непрыглядны выгляд у рапсавага поля, але карані і кропка росту жывыя – адыдзе.






У структуры пасяўной плошчы на гэты год тэхнолагі палёў унеслі пэўныя змены. Да прыкладу, на 20 гектараў пашырылі памер бульбянішча.








– Вырошчванне бульбы ў мінулым сезоне прынесла нам добры прыбытак, – тлумачыць А.В. Вінча. – Попыт на “другі хлеб” – толькі давай. І цана “апетытная”. Наяўнасць двух тыпавых сховішчаў у гаспадарцы дазваляе рэалізоўваць бульбу на працягу ўсёй зімы. Асабліва гэта тычыцца бульбасховішча ў Малях, у якім пасля рамонту было ўстаноўлена спецыяльнае абсталяванне для клімат-кантролю.






50-гектарны плюс датычыцца сёлета і плошчы пад цукровымі буракамі – яшчэ адной прыбытковай культурай. Кукурузнае поле наогул “падрасце” больш як на 150 гектараў, што павінна спрыяльна адбіцца на будучай кармавой базе гудагайскай жывёлагадоўлі. І ўсё ж…
Пры ўсёй прыбытковасці бульбы, буракоў, рапсу львіная доля намаганняў земляробаў СВК “Гудагай” належыць збожжавым. Ужо хоць бы таму, што гэта – будучы Хлеб…





-----------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.